Выбрать главу

Бурлівае жыццё ў сталіцы Вялікага Княства падабалася юнаму князю больш, чым ціхае і спакойнае ў Кейданах. У Вільні і дня не бывала без здарэнняў, нярэдка на грунце рэлігіі, бо тут, пад бокам адзін у аднаго, жыло некалькі рэлігійных абшчын. Каталікі, праваслаўныя, кальвіністы, лютэране, іудзеі і «літоўскія браты» жылі ў асноўным мірна, аднак гэты мір быў, як прысак, прыцярушаны попелам, бо студэнты езуіцкага калегіума ніколі не гублялі магчымасці пералічыць рэбры камусьці з іншаверцаў. Некалькі разоў у гэтыя «забаўкі» ўцягваўся ўвесь горад. Неяк прафесар Гартліб з Нідэрландаў, якому ўдалося выратавацца падчас апошняга пагрому, дрыжучы ад даўно перажытага жаху, распавёў выхаванцам, як група студэнтаў-каталікоў напала на дом паважанага купца-пратэстанта, а пасля і на рэфармацкую царкву на Пакроўскай вуліцы. Іх ахвярамі сталі трое пастыраў, а сам Гартліб цудам выратаваўся, схаваўшыся ў склепе.

— Мне пашанцавала, — распавядаў ён, глытаючы слёзы. — А вось пана Красневіцкага гэтыя нелюдзі скінулі з даху, а майго сябра, прафесара Вэндланда, амаль засмажылі жыўцом на вогнішчы з кніг віленскай бібліятэкі… Тады згарэла шмат дамоў паважаных мяшчан… Хай іх слёзы ўпадуць на галовы вар’ятаў!

Маладыя пратэстанты слухалі свайго настаўніка, сціскаючы кулакі. Хоць часу ад таго прайшло нямала, адносіны паміж папістамі і паслядоўнікамі Кальвіна не пацяплелі. Некалькі разоў у рэлігійныя звады ўмешваліся і аднакласнікі Багуслава, якімі кіравалі, вядома ж, Стаброўскі з Невяроўскім. Хлопцы любілі і ўмелі махаць кулакамі, таму з іх з’яўленнем у Вільні перамога ў сутычках стала хіліцца на бок паслядоўнікаў Кальвіна.

Але аднойчы юныя сарвігаловы паўсталі перад светлымі княжымі вачыма ў вартым жалю выглядзе — у ірванай адзежы, з акрываўленымі тварамі. І больш, чым раны на целе, грызла душу горыч паразы — у бойку нечакана ўмяшаўся старонні шляхціц, і з яго дапамогай выхаванцы езуіцкага калегіума пазбеглі заслужанага пакарання.

Пра гэта пакрыўджаныя хлопцы, перабіваючы адзін аднаго, расказалі Багуславу. Не змаўчалі і пра тое, што вораг не выказаў належнай пачцівасці да грознага імя Радзівілаў.

— Той мярзотнік на слуг вашай княжацкай міласці руку падняў, — хлюпаючы расквашаным носам, скардзіўся Стаброўскі, чыё левае вуха жахліва распухла і ненатуральна адтапырвалася.

— Хоць і сам такі ж слуга вашай княжацкай міласці, як і мы, — дадаў Невяроўскі, жаласна гледзячы на князя адным вокам, бо другое заплыло ад велізарнага сіняка.

Багуслаў нахмурыўся, заўважыўшы, што правае вуха Яна вельмі нагадвае левае вуха яго таварыша.

— Ты маеш рацыю, дружа, — сказаў ён. — Абразіўшы вас, ён абразіў мяне. Ну, хай цяпер сцеражэцца! Як яго імя?

— Саковіч, ашмянскі падкаморы, — помсліва паведаміў Стаброўскі.

— Саковіч? — здзівіўся Радзівіл, успомніўшы прыгожага нахабніка, які так вольна трымаўся з самім князем Крыштафам. — А ён чаго ў бойку палез?

Багуслаў хацеў яшчэ нешта спытаць, але не паспеў, бо ў пакой забег раз’юшаны пан Пуцята.

— Ну ірады! — закрычаў ён, размахваючы тоўстай дубовай палкай. — Дзе вы, чортава семя, бойку ўчынілі? У езуіцкім кляштары? Каб праклятыя манахі нарабілі віску на ўсю Вільню, скардзячыся на абразу касцёла? Ды я вам…

І, схапіўшы Яна за ацалелае вуха, так скруціў яго, што той завішчаў ад болю. Адначасова Пуцята спрабаваў дастаць кіем Стаброўскага, які, аднак, шчасліва вывернуўся і схаваўся за спінай Багуслава.

— Пачакай, пан Самуэль, — спыніў выхавацеля княжыч. — Гэта толькі бойка. Ці мала хто на віленскіх вуліцах кулакамі махае?

— Так махалі жа не хто-небудзь, а слугі князя-гетмана, і не дзе-небудзь, а ў самім манастыры! — адрэзаў той. — У яго княжацкай міласці і без таго нямала клопатаў з каталіцкім святарствам, якому пратэстанцкая акадэмія як костка ў горле, а гэтыя нягоднікі яшчэ смалы ў агонь падлілі! І менавіта тады, калі прасветлы князь на сойме спрабуе дамагчыся ад сенатараў саступак у рэлігійных пытаннях! Ох, маліцеся богу, каб пан Саковіч улагодзіў справу з настаяцелем, бо як умяшаецца епіскап, яна ўжо сапраўды трапіць у Сінод і на сойм… А я скажу пастару Дземітровічу, каб усыпаў кожнаму дзясяткі два дубцоў!