Выбрать главу

Пан Пуцята стрымаў слова, і падшыванцы атрымалі ўрок рэлігійнай талерантнасці на ўсё жыццё. Аднак пану Саковічу, напэўна, удалося ўмовіць настаяцеля, бо не епіскап, ні паны сенатары, ні нават князь Крыштаф ні пра што не даведаліся. Багуслаў, усвядоміўшы, да якіх сумных наступстваў мог прывесці дэбош у кляштары, у думках падзякаваў Адаму за ўмяшанне, аднак пакрыўджаныя шляхціцы чамусьці ніякай падзякі не адчувалі…

х х х

А ўжо зусім хутка нават гарачым каталікам стала не да варажнечы, бо пакуль ішлі выбары новага караля, вялікая бяда звалілася на Рэч Паспалітую і перш за ўсё на Літву, якая здаўна была перадавым бастыёнам і перашкодай на шляху варожай навалы ды сцерагла спакой сытай Польшчы. Гэтым разам Масква вырашыла скарыстацца смерцю старога ваўка і, парушыўшы ўмовы Дэулінскага міру[36], пажадала вярнуць сабе землі, страчаныя ў мінулай вайне. Новая вайна была чаканай. Задоўга да таго, як трыццаціпяцітысячная маскоўская армія пад кіраўніцтвам ваяводы Шэіна і князя Празароўскага перайшла мяжу, князь Крыштаф патрабаваў у вялікага літоўскага гетмана Сапегі ўхвалы на збор войска. Але той ніяк не хацеў верыць у тое, пра што ведалі нават вароны, якія злымі зграямі зляталіся ў Літву, выглядаючы будучую спажыву. Даказваў, што Масква хацела ваяваць разам са Швецыяй, а цяпер, пасля смерці караля Густава Адольфа, асцеражэцца лезці ў авантуру.

Аднак адсутнасць хаўруснікаў не магла стрымаць баявога запалу маскавітаў. Безабаронныя літоўскія межы сталі лёгкай здабычай для моцнага і добра падрыхтаванага праціўніка, які з лёгкасцю захапіў Сярпейск, Дарагабуж, Белую, Невель, Себеж, Рослаўль, Старадуб, Почап, Трубчэўск, Сураж… Занепакоены князь Крыштаф, сяк-так адбыўшы сойм, які абвясціў каралём Уладзіслава і з цяжкасцю пацвердзіў палажэнні Варшаўскай канфедэрацыі 1573 года аб рэлігійнай талерантнасці, якая абяцала ўсім іншаверцам роўныя правы з каталікамі, паспяшаўся з’ехаць да ўжо абложанага Смаленска, каб прыняць на сябе камандаванне войскам. Вядома, з малымі сіламі, большасць якіх складалі яго ўласныя найміты, Радзівіл нямнога мог зрабіць супраць велізарнага маскоўскага войска. Стаўшы лагерам за пяцьдзясят вёрстаў ад Смаленска, князь Крыштаф пасылаў невялікія атрады на дапамогу гораду, адцягваючы час да прыбыцця караля і польскага войска.

Аднак Уладзіслаў, для якога перамога ў гэтай вайне павінна была стаць залогам доўгага і шчаслівага ўладарання, не спяшаўся з дапамогай. Каранаваўшыся і адбыўшы каранацыйны сойм, які нарэшце зацвердзіў неабходныя ваенныя выдаткі, ён разаслаў паслоў, каб паведаміць еўрапейскім уладарам аб сваім уступленні на польскі пасад, а таксама аб правах на дзедаўскі, шведскі трон, які пасля смерці бацькі заняла шасцігадовая каралева Крысціна. Адным з такіх паслоў стаў Януш Радзівіл, які, атрымаўшы каралеўскія інструкцыі, пакінуў навучанне ў Лейдэнскім універсітэце і выправіўся з пасольствам да двароў Фрыдрыха Генрыха Аранскага, інфанты Ізабелы і Карла І Англійскага.

Польскае войска рушыла пад Смаленск толькі на восьмым месяцы аблогі. Сапраўдным цудам здавалася тое, што за гэты час маскоўцы не змаглі ўзяць горад і нават не адважыліся штурмаваць лагер Радзівіла, дзе было ўсяго пяць тысяч войска. Пазбягаючы генеральнай бітвы, літвіны вымотвалі ворага кароткімі сутычкамі, падрываючы веру ў перамогу. Пакуль праціўнік губляў каштоўны час, шматлікімі набегамі руйнуючы літоўскія паветы, пяцітысячнае казацкае войска добра патапталася па паўднёвых маскоўскіх землях, адцягваючы ўвагу ад Смаленска. А потым яшчэ польскія дыпламаты падбухторылі татарскую арду, і яна вогненным смерчам пранеслася па Маскоўскім царстве, збіраючы свой крывавы ясыр. Даведаўшыся пра гэта, многія маскоўскія ваяры пакінулі войска, каб ратаваць вотчыны, жанок і дзяцей.

«Не ведаю, ці добра магаметан напускаць на хрысціян, — пісаў усцешана князь Крыштаф. — Але як ні круці, а для зямной палітыкі вельмі добра выйшла!»

Аднак добры палкаводзец Радзівіл разумеў, што гэтыя поспехі толькі часовыя і без кароннага войска няма чаго і думаць пра канчатковую перамогу. Ён закідваў каралеўскі двор ваеннымі рэляцыямі, з надзеяй чакаючы дапамогі.

Урэшце 9 мая 1633 года пятнаццацітысячная каронная армія выступіла з Варшавы ў Смаленск. 24 чэрвеня кароль быў ужо ў Вільні. Літоўская сталіца сустрэла свайго новага вялікага князя пышнымі ўрачыстасцямі, якія цягнуліся без перапынку некалькі дзён. Сямідзесяціпяцігадовы гетман Сапега, забыўшыся пра шаноўны век, верхам гарцаваў перад каралём і яго асяроддзем на чале некалькіх конных і пешых палкоў, але парадныя шэсці так падарвалі яго здароўе, што небарака тут жа развітаўся з жыццём.

вернуться

36

Дэўлінскае перамір’е — перамір’е, заключанае ў вёсцы Дэўлін 1 снежня 1618 года паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай тэрмінам на 14,5 гадоў, згодна з якім да Рэчы Паспалітай адыходзілі Смаленская і Ноўгарад-Северская землі, а ўладар Рэчы Паспалітай атрымаў афіцыйны тытул маскоўскага цара.