Выбрать главу
х х х

У той дзень Багуслаў як раз прымаў ранішнюю купель у велізарнай бочцы, куды пан Пуцята з пакаёвым раз-пораз падлівалі гарачай вады. Заплюшчыўшы вочы і заціснуўшы вушы, ён пагрузіўся з галавой, а калі вынырнуў, убачыў запыханага Стаброўскага, які трымаўся рукамі за грудзі, спрабуючы аддыхацца, бо на злом галавы бег да княжага палаца цэлую мілю.

З улікам урачыстасцяў студэнтаў раней распусцілі на летнія вакацыі, але двор Багуслава не спяшаўся пакідаць Вільню, чакаючы ад’езду каралеўскай арміі. І Самуль з асалодай біў лынды, бадзяючыся па горадзе ды разглядаючы каралеўскі почат і прыслухоўваючыся да навінаў.

— Пан віленскі ваявода памёр, — хапаючы ротам паветра, паведаміў ён. — Запрасіў гасцей на абед, а сам дуба ўрэзаў.

Выхавацель, пачуўшы гэта, ад нечаканасці выпусціў сярэбраны кубак з вадой, і той заскакаў па падлозе, тужлівым звонам аплакваючы смерць вялікага гетмана.

— Нядрэнную штуку выкінуў, — здзівіўся Радзівіл, павольна перахрысціўшыся. — А я думаў, што ён збіраецца жыць вечна.

— Нябожчык быў мудрым дзяржаўным мужам, — асуджальна паглядзеў на яго пан Пуцята.

— Але не лепшым чынам сведчыць пра яго мудрасць тое, што вялікую булаву прыбраў да рук, не маючы ваеннага таленту, і на маю Копысь тачыў зубы, — адрэзаў Багуслаў.

— Будзем спадзявацца, новы кароль аддасць гетманства законнаму ўладальніку, — прымірэнча адказаў выхавацель. Ён стараўся пазбягаць слоўных баталій са сваім аж занадта разумным гадаванцам, бо той зазвычай атрымліваў у іх пераканаўчую перамогу. — І Віленскае ваяводства таксама.

— Кароль дэклараваў Віленскае ваяводства Тышкевічу, — выдаў Самуль галоўную навіну.

Але не змог да канца атрымаць асалоду ад эфекту, які зрабіла на прысутных гэтае паведамленне, бо здзіўлены пачутым княжыч схапіў яго за кашулю і прыцягнуў да сябе.

— Адкуль ведаеш? — востра бліснуўшы вачыма, спытаў ён.

— Чуў… Уласнымі вушамі чуў, як сам пан Тышкевіч выхваляўся перад сваімі людзьмі.

Багуслаў бяссільна адпусціў кашулю, і шляхціц, паслізнуўшыся на мокрай каменнай падлозе, так і сеў, дзе стаяў.

— Што скажаш, пан Пуцята? — княжыч горка паглядзеў на выхавацеля. — Там дзядзька сваёй крывёю бацькаўшчыну абараняе, не шкадуючы ні жыцця, ні здароўя, ні ўласных сродкаў на аплату войска, а пасаду атрымаў той, хто дзяржаве паслужыў адно тым, што каралеўскі зад лізаў ад самой каранацыі.

На гэты раз пан Самуэль не папракнуў княжыча за такія словы, бо цалкам падзяляў яго горыч.

— Гэта здрада! — абурыўся ён. — Кароль сам князю Крыштафу абяцаў, што галоўныя пасады пасля Сапегі яму дастануцца… І князь-канцлер за брата не ўступіўся!

— Дай ручнік, — змрочна загадаў Багуслаў і, вылезшы з бочкі, захутаўся ў прасціну, паслужліва пададзеную слугой. — Трэба дзядзьку пра гэта паведаміць, і неадкладна. Я сам ліст напішу.

— Добрая думка, — кіўнуў пан Набароўскі. — Я знайду ганца. Хоць бы толькі жывым даехаў.

— Даедзе…

х х х

Атрымаўшы вестку пра смерць Сапегі і пра каралеўскую падступнасць, змрочны як ноч, князь-гетман паспяшаўся ў Вільню. Сустракаць літоўскага гетмана выехала пасланая каралём дэлегацыя, якую ўзначальваў сам літоўскі канцлер — князь Альбрэхт Станіслаў Радзівіл.

Вялікі канцлер літоўскі і ўладальнік заможнай Алыцкай ардынацыі на Валыні, князь Альбрэхт заслужана лічыўся адным з самых разумных дзяржаўных мужоў у Рэчы Паспалітай. Яшчэ ў юнацтве, знаходзячыся пры французскім двары, ён так зачараваў сваёй вучонасцю і галантнымі паводзінамі караля Людовіка XIII, што той, спрабуючы затрымаць Радзівіла ў Францыі, высватаў яму адну са сваіх кузін. Аднак перад вянчаннем жаніх таемна пакінуў Парыж і ўцёк у Кале, дзе сеў на першы карабель да Гданьска, а каралю Людовіку паслаў ліст, патлумачыўшы, што ўначы прысніўся яму польскі кароль Жыгімонт і сказаў: «Няма чаго табе, князь, у Францыі рабіць. Я — твой кароль. За мной ідзі!» І гэты сон так падзейнічаў на ўразлівага Радзівіла, што ён пакінуў і Францыю, і нявесту, ды вярнуўся ў Польшчу, дзе ўдзячны польскі кароль хутка ўзнагародзіў яго пасадаю вялікага літоўскага канцлера.

Біржанскія Радзівілы маглі б толькі парадавацца за прадстаўніка свайго роду, але, на жаль, князь Альбрэхт быў фанатычным каталіком, ад якога моцна даставалася і яго сваякам-кальвіністам, і ўсім іншаверцам у Рэчы Паспалітай. Аднак у палітычных справах усе без выключэння Радзівілы, улічваючы інтарэсы роду, падтрымлівалі адзін аднаго. І князь Крыштаф, убачыўшы здрадніка, адразу выліў на яго свой гнеў, узгадаўшы агульных продкаў, якія мелі паперавяртацца ў магілах ад таго, што іх нашчадак, напляваўшы на дабрабыт радзівілаўскага дому, дапусціў, каб Віленскае ваяводства дасталося Тышкевічу.