Выбрать главу

Жаўтаваты твар саракагадовага канцлера запалаў барвовай чырванню, і ён пачаў запэўніваць сваяка ў сваёй невінаватасці. Але князь-гетман абарваў гэтыя езуіцкія хітрыкі на паўслове. Каралеўская аўдыенцыя таксама не дадала яму настрою, і, атрымліваючы віленскае кашталянства замест жаданага ваяводства, Радзівіл ледзь змог выціснуць з сябе некалькі слоў падзякі. У палац пляменніка князь-гетман наведаўся змрочны як дажджавая хмара. Аднак, убачыўшы Богуся, які радасна выбег яму насустрач, ён з вялікай радасцю прыціснуў таго да грудзей.

— Як маешся, дзядзька? — пацікавіўся Багуслаў, трывожна ўзіраючыся ў шэры твар князя.

— Усё як ты і пісаў, пляменніку, — сумна ўсміхнуўся гетман. — Толькі князь Альбрэхт клянецца, што нічога не ведаў пра каралеўскі прывілей Тышкевічу, таму і не мог нічога зрабіць.

— Гэта «нічога» дорага абышлося нашаму роду, — з’едліва заўважыў княжыч і раздражнёна зірнуў на князя-канцлера.

Князь Альбрэхт натапырыўся. Багуслаў павярнуўся да яго спінай, з задавальненнем адзначыўшы, што пан Пуцята не зрабіў яму заўвагі за такую непачцівасць.

— А вялікая булава? — працягнуў ён распытваць дзядзьку.

— Кароль адклаў гэтае пытанне да наступнага сойма… — пачаў князь-гетман, але раптам змоўк, схапіўшыся за грудзі.

— Дзядзька? — Багуслаў спалохана схапіў яго пад локаць, і яны разам з панам Пуцятам асцярожна пасадзілі гетмана ў крэсла.

Бледны пан Самуэль крыкнуў слугам, каб прынеслі вады, а сам дрыготкімі рукамі пачаў расшпіляць гузікі на каптане князя. Князь Альбрэхт распарадзіўся, каб неадкладна паслалі па гетманскага або па яго ўласнага лекара, але князь Крыштаф адмоўна пакруціў галавой.

— Не трэба, — прахрыпеў ён. — Зараз адпусціць.

І сапраўды, скора гетман авалодаў сабою настолькі, што змог адказаць на пытанне канцлера, які спрабаваў даведацца, што за хвароба схапіла яго сваяка. Багуслаў таксама хацеў гэта ведаць, але ад хвалявання не мог вымавіць ні слова: ён яшчэ не бачыў энергічнага і мужнага дзядзьку такім бездапаможным.

— Сэрца, — усё яшчэ трымаючыся за грудзі, растлумачыў князь Крыштаф. — Падчас адной з атак так схапіла, што з каня ўпаў. Але нічога, бог вярнуў у змыслы. І пан Саковіч не разгубіўся — атрымалі тады вікторыю!.. Ну ўсё, здаецца, прайшло.

Гетман глыбока выдыхнуў і ўстаў. Убачыўшы спалоханы твар пляменніка, заспакойліва паляпаў яго па плячы.

— Ты, князь, зусім сябе не беражэш, — падаў голас князь-канцлер, які ўвесь гэты час моўчкі змагаўся з сабой. — Я сам паеду да караля. У рэшце рэшт, пан Тышкевіч яшчэ пісьмовага прывілею не атрымаў, і калі маё слова нешта значыць для Уладзіслава, дык і не атрымае.

— Гэта ўжо кажа Радзівіл, — князь Крыштаф працягнуў руку князю Альбрэхту.

— Ды добра ўжо, — буркнуў той, паціскаючы яе. — У рэшце рэшт, лепш, каб гэтую пасаду атрымаў Радзівіл, хоць і ерэтык, чым каталік, але не з нашага дому.

Сказаўшы так, ён пайшоў да дзвярэй, але князь Крыштаф яго спыніў.

— Чакай, княжа, — ён працягнуў кузэну нейкую паперу, якую да гэтага часу трымаў пры сабе. — Аддай гэта каралю. Хай успомніць абяцанні, якія мне даваў, каб я яго элекцыю падтрымаў. Я сёння хацеў гэты ліст яму ў твар шпурнуць, ды, на шчасце, стрымаўся…

Умяшанне літоўскага канцлера мела поспех, князь Крыштаф атрымаў Віленскае ваяводства і разам з каралём з’ехаў на вайну. Багуслаў прасіўся з ім, але, вядома, застаўся дома.

— Вырасцеш — будзеш ваяваць, — адрэзаў гетман. — На вайне я павінен перамогу здабываць, а не за няньку быць.

І, заўважыўшы, што пляменнік пакрыўджана насупіўся, прымірэння дадаў:

— Людзі яшчэ пачнуць казаць, што я цябе ў войска ўзяў, каб ты галаву склаў, а я твае маёнткі атрымаў.

— Хто скажа? — абурыўся Багуслаў.

— Знойдуцца такія, — уздыхнуў князь. — Так, сынок, — ён любоўна прыклаўся вуснамі да насупленага твару пляменніка, — сядзі дома. Кароль яшчэ марыць пра шведскі пасад, таму хопіць войнаў і на твой век…

Гетман з’ехаў, а для Багуслава пацягнуліся трывожныя дні ў чаканні вестак з-пад Смаленска. На шчасце, яны былі радаснымі, бо маскоўцы так і не змаглі скарыстацца адсутнасцю князя-гетмана і колькаснай перавагай над літоўскім войскам. Прыезд караля ў ваенны лагер зусім дэмаралізаваў ваяводу Шэіна, а калі да палякаў з літвінамі далучылася дваццацітысячнае казацкае войска, капітуляцыя маскавітаў ужо здавалася непазбежнай.