Выбрать главу
х х х

А аднойчы ў княжацкі палац з’явіўся нечаканы госць.

— Хто такі? — пацікавіўся Багуслаў у незвычайна ўзбуджанага пана Пуцяты, што прыйшоў сказаць яму пра наведніка.

— А ты, найяснейшы князь, ідзі і сам паглядзі, — хітра ўсміхаючыся, адказаў той.

Княжыч паціснуў плячыма і выйшаў у суседнюю вітальню, дзе ўбачыў высокага рудавалосага хлопца, убранага па апошняй французскай модзе. Ён здзіўлена ўтаропіўся ў Багуслава, не жадаючы пазнаць у гэтым высокім дужым падлетку таго малога немца, з якім пазнаёміўся пяць гадоў таму.

— Януш! — радасна ўскрыкнуў Багуслаў і кінуўся кузэну на шыю.

— Гэта сапраўды ты, брат? — недаверліва перапытаў той і, спахапіўшыся, паўтарыў на нямецкай мове: — Bist du das wirklich, Prinz? Ich habe dich nicht gleich erkannt.[37]

— Можаш не старацца, князь, — развесяліўся Богусь. — Калі я некалькі гадоў таму зразумеў тваю нямецкую, дык цяпер, напэўна, і польскую зразумею.

Януш зарагатаў.

— Ды ўжо чую, што твая польская цяпер не горшая за маю нямецкую! І бачу, што зубоў ты ў Літве не пазбавіўся!

— Яшчэ выраслі, — Багуслаў захоплена крануў вялікі адкладны каўнер на кашулі кузэна. — Гэта галандскія карункі?

— Алансонскія. Заязджаў на пару дзён у Парыж наведаць каралеўскі двор і добрых тканін прыкупіць. І табе тое-сёе прывёз.

— Ну дзякуй! — стрыечны брат падскочыў ад радасці. — А французскага караля бачыў?

— Караля, каралеву і кардынала Рышэлье[38], — Януш горда выпрастаў плечы, што за апошнія гады наліліся сілай. — Яго эмінэнцыя ліст бацьку перадаў. І для дзядзькі канцлера.

— Нічога сабе! — здзівіўся Богусь, і, хітра павёўшы вокам, сказаў: — Вось шкада, ты не ведаеш, пра што ў гэтых лістах гаворыцца…

— Уяві сабе, што ведаю, — падміргнуў яму Януш. — Французы хочуць нашага караля ажаніць з мантуанскай герцагіняй, дык і просяць, каб бацька і князь-канцлер у тым дапамаглі. Але кароль Англіі[39] і прынц Аранскі[40] прапануюць Уладзіславу руку дачкі твайго хроснага бацькі, «Зімовага караля»[41]. Не ведаю, што на гэта бацька скажа, але я лічу, што лепш, каб каралевай Польшчы евангелічка была.

На Багуслававым лобе з’явілася напружаная зморшчынка, якая не разгладзілася нават тады, калі Януш працягнуў аповед пра свае падарожжы. Княжыч засяроджана маўчаў і брата ні разу не перапыніў толькі таму, што амаль не слухаў.

— Я думаю, што каралеву і ў Літве можна знайсці… Нават у нашым доме, — нечакана сказаў ён.

Януш так здзівіўся, што забыўся пакрыўдзіцца на кузэна за яго няўважлівасць. Але, прыняўшы гэтыя словы за жарт, паблажліва ўсміхнуўся:

— Добра было б, каб наш кароль думаў гэтак жа, як і ты, брат…

— Ды ён і думаў, — спакойна сказаў Багуслаў. — Прынамсі да каранацыі. Але… ціха! — ён прыціснуў палец да вуснаў і паказаў на няшчыльна прыкрытыя дзверы.

Януш падышоў да дзвярэй і шчыльна зачыніў іх.

— Ты, князь, мне галавы не тлумі, а расказвай усё, што ведаеш, — патрабавальна сказаў ён. — Павінен разумець, што такімі рэчамі не жартуюць.

Багуслаў хацеў бы яшчэ трохі пасмяяцца з кузэна, але, пільна прыгледзеўшыся да яго заклапочанага твару, перадумаў.

— Ведаю трохі, — сказаў ён. — Здаецца, Уладзіслаў яшчэ перад каранацыяй намякнуў дзядзьку, што хацеў бы ажаніцца з нашай сястрой. Але ён князю і высокія вайсковыя пасады абяцаў, а аддаў толькі Віленскае ваяводства, і тое дзякуючы заступніцтву дзядзькі Альбрэхта. Таму гэта справа яшчэ віламі па вадзе пісаная.

Якімі б няпэўнымі ні былі братавы словы, але яны моцна запалі ў галаву юнаму князю.

— У рэшце рэшт, чаму б і не? — Януш задуменна пацёр кончык носа. — Адна карона ўжо ў радзівілаўскім доме была! І калі Уладзіславу да сэрца наша Кася…

— Больш нічога не скажу, — хутка прамовіў Багуслаў, ужо не рады, што наогул пачаў гэтую размову. — Я ж не баба, каб плёткі пераказваць. Але ліст французскага кардынала да нашага любага дзядзечкі ты б выпадкова згубіў ці забыўся б пра яго да лепшых часоў…

— Аддам яго бацьку, хай робіць з ім што захоча, — мудра вырашыў Януш, захоплена гледзячы на кузэна. — Ну і галава ў цябе, братка!

Багуслаў задаволена ўсміхнуўся:

— А сам ты што думаеш рабіць?

— Адведаю маці і сястру, а потым адразу ж у войска паеду. — Януш ваяўніча паклаў руку на пазалочаную рукаяць баявой рапіры. — Я ўжо практыкаваўся трохі ў ваенным мастацтве на аблозе Маастрыхта і ў Галандыі добрых ваяроў і афіцэраў да сваёй харугвы завербаваў. Абы толькі бацька не перашкаджаў. Ён ужо напісаў мне, што я яму з трох сыноў толькі адзін застаўся, а таму маю іншыя абавязкі… Ну, неяк яно будзе, — князь легкадумна страсянуў доўгімі рудымі пасмамі, якія свабодна ляжалі на плячах.

вернуться

37

Гэта сапраўды ты, прынц? Я адразу цябе і не пазнаў (ням.).

вернуться

38

Арман Жан дзю Плесі, герцаг дэ Рышэлье (1585–1642) — кардынал рымска-каталіцкай царквы, арыстакрат і дзяржаўны дзеяч Францыі. Кардынал Рышэлье быў дзяржаўным сакратаром з 1616 года і кіраўніком урада («галоўным міністрам караля») з 1624 года да сваёй смерці. Імкнуўся зрабіць уладу манарха абсалютнай, жорстка расправіўся з апазіцыяй знаці і задушыў палітычную ўладу французскіх пратэстантаў-гугенотаў. Каб знішчыць палітычную гегемонію Габсбургаў у Еўропе, падтрымліваў шведскага караля Густава Адольфа і нямецкіх князёў-пратэстантаў у барацьбе супраць Аўстрыі і ў 1635 годзе прывёў Францыю да ўдзелу ў Трыццацігадовай вайне.

вернуться

39

Карл І (1600–1649) — кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі з дынастыі Сцюартаў.

вернуться

40

Фрыдрых Генрых Аранскі (1584–1647) — штатгальтар (кіраўнік) Галандыі, Зеландыі, Утрэхта, Гельдэрна і Оверэйсела з 1625 года.

вернуться

41

Фрыдрых V (1596–1632) — курфюрст пфальцскі (1610–1623), кароль Чэхіі. Атрымаў кплівую мянушку «Зімовы кароль», паколькі кіраваў Чэхіяй толькі адну зіму (1619–1620).