— Зычу табе поспеху, — шчыра сказаў Багуслаў. — Я ў войска прасіўся, ды дзядзька і слухаць не хацеў. Можа, табе больш пашанцуе.
— Можа, — уздыхнуў Януш, які добра ведаў грозны нораў свайго бацькі.
Пагасціўшы ў кузэна некалькі дзён, ён з’ехаў у войска. А Багуслаў застаўся марыць пра ўласныя ваенныя подзвігі.
Раздзел 5
САКОВІЧ
Кейданы
(чэрвень — кастрычнік 1634 года)
4 чэрвеня 1634 года паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай быў укладзены Палянаўскі мір, які ад імя Літвы падпісаў князь Крыштаф Радзівіл. Пераможцы пачалі паступова вяртацца ў родны край. У кейданскім палацы, дзе Багуслаў у гэтым годзе праводзіў са сваім дваром і выхавацелямі летнія канікулы, зноў завіравала жыццё. Праўда, ні князь Крыштаф, ні Януш яшчэ не вярнуліся дадому, аднак абяцалі быць як найхутчэй. Так запэўніў княгіню Ганну і князёўну Катарыну пан Мяржынскі, што прывёз ім лісты ад родных. Пан Ян добра паказаў сябе на вайне, а паколькі быў улюбёнцам князя Крыштафа і мог расказаць шмат цікавага аб паходзе, княгіня знайшла нагоду затрымаць яго ў Кейданах, дзе адважны арыянін весела бавіў час, забаўляючы княжацкую сям’ю ваеннымі аповедамі, да якіх былі ахвотныя і гаспадары, і іх слугі.
Княгіня не ставілася да парадку ў доме занадта сурова, асабліва цяпер, калі ў апусцелым на час вайны палацы засталіся ў асноўным тыя слугі, якія з-за ўзросту або нейкай хваробы не маглі трымаць зброю. Вечарамі ў вялікай зале за панскім сталом збіралася і чэлядзь шляхецкага паходжання, і дзяўчаты з фраўцымеру, а цяпер да іх далучыліся выхавацелі і юныя шляхціцы з атачэння Багуслава. Апошнія ў Кейданах пад пільным вокам пана Пуцяты адкрыта нудзіліся, таму ў пана Мяржынскага хапала слухачоў. Пачуўшы пра ягоны прыезд, у палац прыбылі яшчэ трое княжацкіх аканомаў, значныя радзівілаўскія кліенты — паны Эліяс Арцышэўскі і Ян Сасноўскі, якія добра паказалі сябе падчас апошняга ваеннага паходу, і некалькі багатых купцоў, якія знаходзіліся ў горадзе па сваіх гандлёвых справах.
Вядома, у такім таварыстве час ляціць хутка і весела. Мёд-піва і добрае віно ліліся ракой, шляхціцы ўжо круцілі вусы і пасылалі ў бок прыгожых дзяўчат з почату князёўны і княгіні такія палымяныя погляды, што чырванелі нават партрэты Радзівілаў, якія ўпрыгожвалі сцены вялікай залы. Часам жартавалі паміж сабой, аднак асцерагаліся, каб моцнае слоўца не данеслася да сарамлівых жаночых вушак. Тоўстыя лоевыя свечкі прывідна мігцелі ў срэбных падсвечніках, але цяжкі дух нясвежага тлушчу ад іх перабіваўся прыемным водарам страў, шчодра абсыпаных перцам, гваздзіком, мускатам і шафранам, і ўсе прысутныя ўпляталі іх так, што за вушамі трашчала. Музыкі пачалі граць, але княгіня зрабіла ім знак замаўчаць, бо хацела выслухаць пана Мяржынскага, што як раз пачаў распавядаць пра бой на Жаўруковай гары, у якім удзельнічаў князь Януш са сваімі людзьмі і яшчэ адзін Радзівіл — князь Караль Жыгімонт, мальтыйскі кавалер. Аповед пастаянна перабіваўся галоснымі жаночымі ўздыхамі, таму Багуслаў, хоць і сядзеў непадалёк, мала што пачуў. Зразумеўшы толькі, што кузэн застаўся жывы і здаровы, а за адвагу быў узнагароджаны ўдзелам у прыёме капітуляцыі маскоўскага войска, ён гэтым і задаволіўся. Між тым, пан Сасноўскі пачаў распавядаць усім ахвотным яго паслухаць пра страшны лёс і смерць ваяводы Шэіна ды яго сына, якія жыццём заплацілі за паразу. Усе ўслых дзівіліся маскоўскай жорсткасці, але пастар Дземітровіч на гэта сказаў:
— Той ліхадзей Шэін, калі ў мінулы раз у палон трапіў, перад нябожчыкам каралём Жыгімонтам крыж цалаваў і кляўся, што як волю атрымае, то ўжо не будзе ваяваць супраць Рэчы Паспалітай. Ну а раз прысягу парушыў, дык хай на сябе і наракае.
— Супакой, Госпадзе, душу! — сп’яна зароў хтосьці з аканомаў і, кульнуўшы куфаль мёду, штурхнуў локцем пана Сасноўскага, які імгненна падняў чарку зуброўкі, але асушыў яе за здароўе Багуслава.
Удзячна ўсміхнуўшыся, княжыч паднёс да вуснаў келіх вугорскага, але выпіць не паспеў, бо пачуў, як пан Арцышэўскі сказаў суседу:
— Кажуць, наш кароль дваццаць тысяч рублёў узяў ад маскавітаў за тое, што маскоўскім царом называцца не будзе.
— Хто кажа? — зацікавіўся Багуслаў, адстаўляючы віно ў бок.