Выбрать главу

— Тым больш калі гэта тычыцца жанчыны, — паправіў Багуслаў. — Гэтая гісторыя хутка даляціць да чароўных вушак прынцэсы Аранскай, і я вельмі спадзяюся, гэтага хопіць, каб сарваць яе заручыны з прынцам Уэльскім. Я, вядома, у гэтай далікатнай справе больш спадзяюся на каралеву Генрыету, якая жадае зладзіць шлюб сына з самай багатай дачкой герцага Арлеанскага, але і такой магчымасці таксама не пакідаю без увагі.

— Бедная Шарлота дэ ла Форс, — Габрыэль не стрымаў іранічнага смеху. — Не наканавана ёй назвацца княгіняй Радзівіл…

Слуга герцагіні дэ Шэўрэз абвясціў аб прыходзе Карла Латарынгскага.

— Чорт прынёс, — прамармытаў Радзівіл, адыходзячы далей.

Са зразумелых прычын ён і герцаг з цяжкасцю цярпелі адзін аднаго.

Герцагіня дэ Шэўрэз, наадварот, узрадавалася былому каханку, якому адводзіла галоўнае месца ў сваіх інтрыгах супраць Мазарыні. Яна з прыемнай усмешкай паспяшалася яму насустрач. Але калі Карл хуткім крокам увайшоў у пакой, пакрыўджана адступіла назад — герцага суправаджала як ніколі прыгожая Беатрыса Кюзанс. Свабодна абапіраючыся на яго руку, жанчына ўсім сваім квітнеючым выглядам паказвала, што гэты чалавек цяпер належыць ёй.

У Багуслава ад нечаканасці аж дыханне перахапіла. У цьмяным святле свечак не было відаць тых недахопаў, на якія князь звярнуў увагу днём, — графіня была той жа непараўнальнай прыгажуняй і выглядала так, быццам ёй зноў дваццаць год. Краем вока Радзівіл убачыў, як збялеў англійскі прынц. Ці не ўсе прысутныя мужчыны разам сталі на дыбачкі і, па-гусінаму выцягнуўшы шыі, намагаліся лепш разгледзець прыгажуню, пакуль яна з выглядам каралевы вітала ранейшую саперніцу.

— Чорт бы ўзяў гэтых жанчын, — са злосці кінуў князь Габрыэлю. — Зразумела ж, што гэты спектакль прызначаны для мяне.

— Тады графіня добрая актрыса, — адказаў той. — Такім пяшчотным поглядам глядзіць на герцага Карла, што і ў мяне мурашкі па скуры пайшлі.

Перахапіўшы яшчэ і спачувальны позірк Нямірыча, Радзівіл зусім страціў гумор. Не палепшыўся яго настрой і пасля размовы з герцагам Латарынгскім.

— Спадзяюся, вы ўжо даравалі мне бяскрыўдны жарт, прынц? — сказаў Багуславу Карл. — Адпраўляючы вам тыя злашчасныя рогі, я толькі вяртаў тое, што вашымі стараннямі аж столькі часу належала мне.

— Вы паспяшаліся, мансеньёр, — працадзіў у адказ Багуслаў. — Ведаючы мадам Беатрысу, я магу ўпэўнена сказаць, што яны вам яшчэ спатрэбяцца.

— Можа быць. Але я не сумняваюся, што ў такім выпадку не вы будзеце яе кавалерам…

Удалося Багуславу перакінуцца некалькімі словамі і з графіняй Кюзанс, з цяжкасцю праштурхаўшыся да яе праз натоўп прыхільнікаў.

— Бачу, вы нядоўга бедавалі, мадам, — пагрозліва прашаптаў ён ёй на вуха, бо вакол было поўна цікаўных вачэй.

Беатрыса здрыганулася, быццам атрымала аплявуху.

— Такая жанчына як я, прынц, не можа дазволіць сабе быць пакінутай, — сказала яна, авалодаўшы сабой. — Герцаг Карл даў мне пісьмовае абавязальніцтва і прысягнуў, што ажэніцца са мной, калі памрэ яго законная жонка[194]. Ён сапраўды мяне любіць — у адрозненне ад цябе, мой цудоўны Нарцыс…

Князь разгубіўся.

— Я таксама цябе любіў, — няўпэўнена сказаў ён.

Беатрыса нарэшце ўсміхнулася.

— Ты, дарагі, быў цудоўным палюбоўнікам, толькі і ўсяго. Не сумняюся, што калісьці ты сустрэнеш каханне, але будзь асцярожны: такія мужчыны, як ты, могуць закахацца толькі раз у жыцці. Але так, што гэта пачуццё іх або знішчыць, або ўздыме на небывалую вышыню… І вас, месье, можа напаткаць такая доля, — жартаўліва пагразіла яна пальцам Яну Сабескаму.

Юнак, трапіўшы ў натоўп разявак, ужо не здолеў адтуль выбрацца і, пачуўшы словы, звернутыя да Радзівіла, скептычна ўсміхнуўся.

Багуслаў насупіўся яшчэ больш: тое, што зямляк стаў міжвольным сведкам далікатнай размовы, яго зусім не радавала. Беатрыса гулліва правяла пальцам па яго нахмураным ілбе, дзе ўжо прарэзалася сярдзітая зморшчына.

— Не забівай галаву глупствам, мой мілы прынц, — смеючыся, сказала яна. — Прарочыца з мяне абы-якая, таму проста жадаю табе шчасця — з маркізай дэ ла Форс ці з нейкай іншай небаракай якой ты ўжо зусім хутка разаб’еш сэрца.

Сказаўшы так, яна працягнула руку насустрач Карлу Латарынгскаму. Той, заўважыўшы, з кім размаўляе яго каханая жанчына, з трывогай прабіраўся да яе, няветліва расштурхоўваючы гасцей. Растрывожаны натоўп, прапусціўшы шчаслівую пару наперад, зноў зліўся, так што князь апынуўся каля дзвярэй, за якімі ўжо знікала графіня Кюзанс. Яго суседам апынуўся юны Карл Сцюарт, які таксама не зводзіў з прыгажуні вачэй.

вернуться

194

Карл Латарынгскі стрымаў слова — яго шлюб з Беатрысай Кюзанс адбыўся ў 1657 годзе.