— І не толькі Літве, — уздыхнуў Стэфан. — Таму што Рэч Паспалітая мае не двух, а трох сыноў: палякаў, літоўцаў і русінаў. Калі першыя — гэта родныя сыны, другія — пасынкі, то трэція, выглядае, і зусім сіроты! Хіба не польскімі стараннямі ад былой вялікай Русі засталіся толькі абломкі — такія ж слаўныя, як і рэшткі разбураных манголамі Залатых кіеўскіх варот, і такія ж няшчасныя… Але, дасць бог, усё гэта зменіцца. Павінна змяніцца!
Нямірыч адправіўся дадому, а Радзівіл, як і планаваў, — у Гаагу.
Сталіца Злучаных Правінцый падалася князю прыгожай, як заўсёды, але на яе ціхую і вытанчаную арыстакратычнасць ужо наклала адбітак праўленне юнага амбітнага штатгальтара Вільгельма ІІ Аранскага. Той, нягледзячы на гнеў аскетычных пратэстанцкіх царкоўнікаў, адрадзіў у сваёй сталіцы публічныя тэатральныя прадстаўленні (да гэтага іх цішком ставілі толькі ў штатгальтарскім палацы) і дазволіў акцёрам выступаць на гарадскіх плошчах. На яго думку, гэта павінна было дадаць бляску яго двару і свецкасці краіне. Абураныя пастары надрываліся ў гнеўных казанях і, заручыўшыся падтрымкай уплывовых дэпутатаў Генеральных Штатаў, спрабавалі працягнуць праз іх закон і забараніць пастве наведваць гэтыя прадстаўленні, не марнаваць часу, які можна з карысцю праводзіць у малітвах ці за працай. А штатгальтар, скарыстаўшыся тым, што ўвага грамадскасці была прыкаваная да баталій у парламенце, рыхтаваўся да вайны з магутнай арыстакратычнай партыяй. Яна не падзяляла жадання прынца зрабіць Злучаныя Правінцыі каралеўствам, а сябе — яго каралём.
Штатгальтарскі двор таксама ліхаманіла ад такіх новаўвядзенняў. Мабыць, таму нічога добрага з радзівілаўскай паездкі не выйшла.
Але прычына была не толькі ў палітыцы. Калі Агнесе Аранскай стала вядома аб паводзінах Карла Сцюарта ў Брусэлі, дык і любоўныя прыгоды Радзівіла таксама не засталіся для яе таямніцай. І на першай жа сустрэчы яна выказала князю ўсё, што думае пра яго «вялікае каханне», а затым звярнула свой гнеў і на спадкаемца англійскай кароны. Карл таксама знаходзіўся ў Гаазе, і на сваю галаву наведаў нявесту амаль адначасова з Радзівілам.
Сцюарт прыняў сваю паразу з філасофскім спакоем чалавека, сэрца якога цалкам свабоднае.
— Давядзецца падпарадкавацца маці і пасватацца да дачкі герцага Арлеанскага, хоць гэтая дзяўчына больш нагадвае ландскнехта, — уздыхнуў Карл, калі яны з Радзівілам пакінулі палац штатгальтара і завярнулі ў лес развеяцца пасля непрыемнай размовы. — Чуў, што і вы, прынц, збіраецеся ўступіць у шлюб з Шарлотай дэ ла Форс?
Ад адказу Радзівіла выратавала жонка штатгальтара, якая таксама гуляла цяністымі алеямі і, убачыўшы брата, падышла павітацца.
— Сястра, — усміхнуўся прынц Уэльскі, клапатліва папраўляючы плашч на яе плячах. Нягледзячы на летнюю пару, надвор’е было прахалодным. — Усю раніцу шукаю твайго мужа і ніяк не магу знайсці.
— Дарма шукаеш, — сказала Марыя, сыпануўшы збожжа сваім улюбёнцам — двум прыгажунам-паўлінам, якія хадзілі за ёй як шчанюкі. — Ён ад сваёй актрыскі так рана ніколі не вяртаецца. Калі хочаш яго ўбачыць, прыходзь да мяне пасля вячэры — сёння мая чарга цешыцца яго ўвагай.
Ад нечаканасці прынц закашляўся і красамоўна паказаў вачыма на Радзівіла.
— Ну і што? — здзівілася прынцэса. — Калі мой муж не трымае ў таямніцы сваіх прыгод, навошта ж мне пра іх маўчаць?
— Сястра вашай высокасці — незвычайная жанчына, — сказаў Багуслаў, калі прынцэса пайшла. — Жадаў бы і сабе такую ж цярплівую жонку.
— Для маёй спадарожніцы жыцця цярпенне таксама не будзе лішнім, — адазваўся прынц.
Радзівіл уважліва паглядзеў на яго. Спадкаемца англійскага трону яму заўсёды кагосьці нагадваў, але Багуслаў ніяк не мог зразумець, каго менавіта. Цяпер ён зразумеў — сваімі звычкамі Карл Сцюарт быў вельмі падобны да яго самога.
— Я ведаю дзвюх прыгожанькіх краль, якія жывуць недалёка ад Рыбацкага моста, — прапанаваў ён, хаваючы ўсмешку, выкліканую гэтым адкрыццём. — Можа, наведаем іх сёння вечарам?
Прынц Уэльскі з радасцю прыняў прапанову.
Вярнуўшыся ў сваё найманае жытло пасля вясёлых прыгод са спадкаемцам англійскага трону, Радзівіл знайшоў пакет лістоў, якія прыйшлі ў яго адсутнасць. Адзін быў ад Шарлоты дэ ла Форс. Дзяўчына стамілася чакаць замужжа і, не жадаючы быць пасмешышчам у вачах свецкага кола, якое ўпарта перадавала ёй плёткі пра бурнае асабістае жыццё жаніха, сама разарвала заручыны.
— Ну, усё, — прачытаўшы пасланне, паскардзіўся Багуслаў Габрыэлю Любянецкаму. — Ні нявесты, ні каханкі. І што ж цяпер рабіць?