— Атрымліваць асалоду ад свабоды, — параіў князю Габрыэль. — Я ўпэўнены, што гэта працягнецца вельмі нядоўга.
Радзівіл засмяяўся. Невяроўскі, які трымаў у руцэ астатнія лісты, збіраўся пакласці іх на столік каля дзвярэй і выйсці, але Багуслаў яго спыніў.
— Давай сюды, Яне, — загадаў ён і, узяўшы карэспандэнцыю, пачаў праглядаць адрасатаў.
Гідліва адкінуў убок некалькі папер, дзе пабачыў патрабаванні выплаціць даўгі ад крэдытораў, і пакінуў каля сябе лісты з пячаткамі, на якіх красаваліся радзівілаўскі арол і французскія лілеі.
— «Нашаму найдаражэйшаму і найлюбімейшаму кузэну — прынцу Радзівілу», — здзіўлена прачытаў ён зварот, напісаны рукой юнага караля Людовіка XIV.
Гэта быў генеральскі патэнт на службу ў французскім войску, да якога прыкладаўся казначэйскі ліст ад рэгенткі, які гарантаваў князю 30 тысяч ліўраў штогадовага даходу і выплату ўсіх дарожных выдаткаў на падарожжа ў Парыж.
— Я прыму прапанову кардынала Мазарыні, — вырашыў Багуслаў. — Пан Пуцята ўжо мала валасы на сабе не рве з-за вэксаляў, аплаціць якія патрабуюць мае крэдыторы, і нешта не вельмі суцяшаецца тым, што ільвіную долю гэтых даўгоў складаюць выдаткі, зробленыя мной для турэцкай вайны… Давядзецца іх аплаціць не турэцкім, а французскім золатам, і справа з канцом!
Ліст з радзівілаўскай пячаткай быў, вядома ж, ад кузэна Януша. Князь, мабыць, ужо страціў надзею вярнуць брата дадому, таму яго пасланне ўтрымлівала толькі кароткі пералік апошніх навін, але такіх, ад якіх у Радзівіла, калі ён прачытаў, валасы ўсталі дыбам.
— Януш піша, што пасля разгрому польскага войска казацкія атрады з’явіліся і ў нас, на Літве, — разгублена сказаў ён Любянецкаму, які цярпліва чакаў, пакуль князь скончыць чытаць. — Гетман Кішка захварэў, на каронных паноў ніякай надзеі, таму абавязак абараняць Літву лёг на плечы майго кузэна… Упалі Пінск, Мазыр… і — чорт пабірай! — гнеўна закрычаў ён, дачытаўшы ліст. — Казакі ўжо падбіраюцца і да майго Слуцка!
Радзівіл разгублена апусціў пасланне і нервова захадзіў па пакоі. Яго напружаны твар аж пашарэў пад грузам невясёлых думак, якія цяпер мітусіліся ў галаве. Любянецкі і Невяроўскі, які так і прыкіпеў да дзвярэй, трывожна назіралі.
— Што ваша княжацкая міласць думае рабіць? — ціха спытаў Габрыэль, калі Радзівіл нарэшце апусціўся ў крэсла, мабыць, вырашыўшы нешта важнае.
Багуслаў адказаў не адразу, але так упэўнена, што слугам адразу стала зразумела, што сваіх рашэнняў князь змяняць не будзе.
— Я вырашыў, што няма чаго ваяваць за трыдзевяць зямель, калі вайна стаіць у цябе на парозе, — сказаў ён, беручыся за пяро. — Я вяртаюся дадому!
ЭПІЛОГ
Быў пагодлівы восеньскі дзень, калі Радзівіл і слугі шчасліва сышлі на бераг у Гданьску. На прыстані князя сустрэў пан Пуцята ў кампаніі Яна Сасноўскага і са шчаслівымі рыданнямі кінуўся яму на шыю.
— Потым, пане Самуэль, — на імгненне прыгарнуўшы выхавацеля да грудзей, Багуслаў рашуча адхіліў яго, бо падчас падарожжа ледзь не звар’яцеў ад трывогі за лёс сваіх уладанняў. — Адразу расказвай, якія навіны дома!
Навіны аказаліся значна лепшымі, чым чакаў князь. Янушу ўдалося арганізаваць у Літве паспяховы супраціў казацкім атрадам, а пану Сасноўскаму і дасланым яму на дапамогу радзівілаўскім палкам пад кіраўніцтвам Саковіча — разбіць войскі палкоўніка Сакалоўскага, які спрабаваў захапіць Слуцк.
— За крок ад бяды стаялі, літасцівы князь, — скорагаворкай тарабаніў Пуцята, трушком бегучы за Радзівілам, які хутка ішоў да карэты. — Вядома, боем узяць Слуцк казакам не ўдалося б, бо нездарма ж архітэктар Піркен так папрацаваў над яго фартыфікацыямі. Але была змова гарадской галыцьбы, якая дамаўлялася адчыніць вароты казакам… Пасля перамогі некалькіх тых здраднікаў пан Сасноўскі павесіць загадаў.
Князь спыніўся.
— Змова супраць мяне? — здзівіўся ён. — Гэта з якой прычыны? У маіх уладаннях ніхто і ніколі праваслаўных не ўціскаў.
— А з той самай, з якой уся Украіна за вілы ўзялася, — уздыхнуў пан Пуцята. — Бунту тым нягоднікам захацелася. І крыві! Але сваёй нап’юцца — князь-гетман з імі цырымоніцца не будзе! У радзівілаўскіх уладаннях зараз, праўда, ціха — там самі праваслаўныя папы мір сцерагуць. А каталіцкія магнаты зброяй той мір здабываюць, за свой кошт падрыхтаваўшы войска, бо ад Кароны дапамогі чакаць не даводзіцца… Вось і пан Саковіч, хай яму бог здароўя дае, спехам сабраўшы ўласны атрад з такіх жа галаварэзаў, як і сам, душыць разбойніцкія зграі, якія адбіліся ад казацкага войска дзеля пажывы, нібы пацукоў. Вось і мой родавы хутар у іх адбіў. Ох, а я, стары дурань, яшчэ калісьці марыў, каб гэтаму буяну кат адцяў галаву!