Выбрать главу

— Кузэн Януш сямігародскага валадара Ракочы раіць. Піша, што нам, евангелікам, дабра ні ад аднаго, ні ад другога езуіта чакаць не даводзіцца…

— Князь-гетман мае рацыю, — горача пагадзіўся малады арыянін. — Князь Ракочы і з нябожчыкам князем Крыштафам у дружбе быў, паказаў сябе мужным ваяром і добрым валадаром.

Багуслаў усміхнуўся.

— Я бачу, ты, Габрыэль, свой выбар адносна элекцыі ўжо зрабіў.

Любянецкі хітра бліснуў вокам і, нахіліўшыся бліжэй да князя, сказаў:

— Зрабіў, хоць і не такі, як хацелася б. А што да ўсіх гэтых нашчадкаў Ягелонаў, якіх можна на прастол саджаць, дык я асабіста жадаў бы павялічыць спіс прэтэндэнтаў… хоць бы на даўжыню гэтага стала.

І паказаў рукой, наўмысна закрануўшы ёю Багуслава. Князь зразумеў намёк і так разгубіўся, што на некаторы час страціў звычную для сябе кемлівасць, але амаль адразу звонка засмяяўся.

— Ну, гэта ты, мой мудры сябар, нешта такое сказаў, што і сэнсу не мае. Я пра карону ніколі не марыў і цяпер не думаю!

— А шкада, — уздыхнуў Любянецкі. — Калі б вы, мансеньёр, своечасова пра яе падумалі, не давялося б нам цяпер з трох няшчасцяў найменшае выбіраць.

Багуслаў не адказаў. Абапёршыся на стол, ён абхапіў рукамі галаву, надоўга задумаўся. Стаміўшыся чакаць адказу, Габрыэль ад няма чаго рабіць пачаў азірацца. За суседнім сталом сядзела шумная кампанія маладых шляхціцаў — мяркуючы па выглядзе, студэнтаў, якіх вестка пра казацкае паўстанне прымусіла вярнуцца дадому з замежных універсітэтаў — і раз-пораз выбухала смехам, слухаючы аднаго са сваіх сяброў, які напяваў нейкую песеньку, акампануючы сабе на лютні.

— Гучней, пане Патоцкі! — крыкнуў нейкі самавіты чалавек, які сядзеў у куце. — Мы таксама хочам паслухаць.

Той, каго назвалі панам Патоцкім, засмяяўся і пад бадзёрыя воклічы і апладысменты таварышаў лёгка ўскочыў на лаву. А ўжо праз імгненне загучала песня, якую радасна падхапілі і студэнты:

Не далі мне ў турак Здабыць славу для мяча — Пайшоў шукаць я суцяшэння У Венеры з Мерача[200]. Не атрымалася быць Марсам[201] Сярод кавалераў — То з дзеўкамі панаваць Стаў я ў Венеры[202]. І памёр не як кароль — Так жыццём пацёрты, Таму бясслаўную сыграў ролю Уладзіслаў Чацвёрты. Лёг у труну, а два кляйноты Рознага гатунку У спадчыну пакінуў палякам У якасці падарунка. Адзін — вайна казацкая, Яшчэ — казна пустая, Якую выграбла дашчэнту З Францыі краля тая[203]. Доўга людзі тыя раны Будуць зажыўляць, Доўга будуць Уладзіслава У Польшчы памятаць![204]

Працяг будзе

.

вернуться

200

Венера з Мерача — Ядвіга Лушкоўская.

вернуться

201

Марс — бог вайны ў рымскай міфалогіі.

вернуться

202

Венера — багіня кахання ў рымскай міфалогіі.

вернуться

203

Намёк на польскую каралеву Марыю Людвіку Ганзага.

вернуться

204

Вацлаў Патоцкі «Эпітафія на смерць Уладзіслава IV». Пераклад з польскай І. Данеўскай.