— Ды добра, бацька, — адазваўся малады князь, нецярпліва пераступаючы з нагі на нагу. — Хоць нам, Радзівілам, патрэбна яго пратэкцыя, як пятая нага майму жарабцу…
І, не звяртаючы ўвагі на абураны погляд бацькі, працягнуў:
— А вось нямецкім скакунам яшчэ адна пара ног была б не лішняй, бо спяшаліся сюды, нібы грэшнік у пекла, і кішкі ў маім жываце ўжо даўно марша граюць.
Тым часам карэта ганаровых гасцей спынілася, і князь Крыштаф з сынам паспяшаліся насустрач сваякам. Іх шчырыя вітанні змяніліся гучнымі салютамі і пышнымі прамовамі віленскіх радцаў. І калі бурмістр у сваіх хвалебных прамовах дайшоў да «Boguslaus Radziwil, dei gratia dux Birzarum et Dubinkorum, Sluck et Copil, Sacri Romani Imperii Princeps»[8], літоўскі гетман, выпусціўшы з абдымкаў юных прынцэс, агледзеўся вакол і, не пабачыўшы пляменніка, разгублена спытаў:
— А дзе ж Багуслаў? Дзе мой дарагі пляменнік?
— Толькі што быў тут, — разгубілася і княгіня ды таксама стала аглядацца ў пошуках сына. — Пан Набароўскі, дзе ж прынц? — звярнулася яна да выхавальніка.
Небарака, схапіўшыся за галаву, кінуўся шукаць Багуслава.
— Напэўна, выпаў па дарозе, — гучна фыркнуў Януш. — Вось бяда! Прынца згубілі!
— А не дачакаешся таго! — нечакана адказаў звонкі голас. — Я тут.
Навярнуўшы галовы, усе ўбачылі хлопчыка, які стаяў сярод нямецкіх пяхотнікаў, разглядаючы мушкет, з якога толькі што адсалютаваў нейкі жаўнер.
— Die Waffe ist gut! — пахваліў ён і, азірнуўшыся на ваяроў, дадаў ужо гучней: — Und die Soldaten, die sind wahrscheinlich die besten in der Welt.[9]
— Gott moge behiiten Euer Durchlaucht![10] — дружна зараўлі тыя, i крыкі падхапіла ўся радзівілаўская чэлядзь.
— Радзівіл! — аж пляснуў у ладкі князь Крыштаф. — Наша кроў! — і ўсцешана азірнуўся на сына.
— Немец, — не змаўчаў Януш. — І мовай, і выглядам да нас не падобны.
Малады князь, вядома, меў рацыю, бо знешне Багуслаў сапраўды розніўся ад сваіх даўгатварых, высакалобых і рудавалосых сваякоў — нашчадкаў Радзівіла Рудога. Ён быў прыгажуном і ўжо добра ўсвядоміў сілу выразнага позірку сваіх бліскучых цёмных вачэй, якія мелі магічны ўплыў на нянек і выхавальнікаў. Яны не раз дапамагалі малому дамагчыся задавальнення свайго капрызу ці пазбегнуць пакарання за свавольствы. Доўгія чорныя вейкі і выгнутыя бровы надавалі эмацыйнасці адкрытаму, з лёгкім здаровым румянцам кругламу твару, якому добра пасавалі і поўныя вішнёвыя вусны, і валявое радзівілаўскае падбароддзе з характэрнай ямкай, і моцны нос. Знешне малы нагадваў нябожчыка бацьку, так што князь Крыштаф, толькі зірнуўшы на пляменніка, адчуў, як у грудзях прыемна разлілася гарачыня: ён вельмі любіў старэйшага брата, у гонар якога назваў уласнага сына, а зараз бачыў перад сабой ягонага сына. Прыжмурыўшыся ад сонца, што сляпіла вочы, той глядзеў на Крыштафа родным, ну зусім Янушавым позіркам.
Гетман хутка падхапіў прынца на рукі і лёгка, як пёрка, падкінуў.
— А што, князь, адгадаеш, хто я такі?
— Такі рыцар, як ты, пан, можа быць толькі маім дзядзькам, светлым герцагам Крыштафам Радзівілам, літоўскім фельдмаршалам, — хітравата адказаў Богусь.
— Пляменнік мой дарагі, — усцешыўся князь. — Як жа я рады цябе бачыць!
— Ія рады, — запэўніў яго малы. — Толькі ведаеш што, дзядзька? Апусці мяне на зямлю, перад слугамі няёмка… Я ўжо не дзіця!
— Вядома, не, — князь з цяжкасцю надаў сабе сур’ёзны выгляд і толькі тады апусціў малога долу. — Рыцар! Сапраўдны рыцар!
Адчуўшы пад нагамі цвёрдую глебу, княжыч з палёгкай уздыхнуў і, прыбраўшы з вачэй непаслухмяныя цёмныя кучары, што лезлі на лоб, павярнуўся да брата, які стаяў побач і весела назіраў за ім.
— Ты, напэўна, мой кузэн, прынц Януш? — усміхнуўся ён. — А я Багуслаў.
— Сардэчна вітаем дома, княжа, — засмяяўся той, паціскаючы працягнутую руку. — Ты, кузэн, вялікі вырас ад нашай апошняй сустрэчы. Я цябе во такім памятаю.
І Януш паказаў рукамі памер, замалы і для нованароджанага кацяняці, бо сапраўды бачыў брата яшчэ немаўлём на пахаванні яго бацькі.
— А цяпер, бачу, ужо зусім ваяр, — працягнуў ён. — Пэўна, адразу ж паедзеш з дзядзькам на вайну шведа біць?
— Паеду, але трохі пазней, — нахмурыўся Багуслаў, бо бачыў, што кузэн смяецца з яго.
— Чаму ж? — весяліўся Януш. — Няўжо адвагі не хапае?
— Гэтага дабра досыць, займаць не трэба, — адрэзаў малы. — А вось шпага замалая. Трэба пачакаць, пакуль вырасце.
8
Багуслаў Радзівіл, з ласкі божай герцаг на Біржах, Дубінках, Слуцку і Капылі, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі (