Выбрать главу

Ён выцягнуў з похваў цацачную рапіру і зноў схаваў яе.

Януш разявіў рот, а князь Крыштаф так і зарагатаў, а за ім — усе, хто быў пры гэтай размове. Багуслаў, не зразумеўшы прычыны весялосці, паціснуў плячыма і адышоў да маці і сясцёр. Насмяяўшыся, князь-гетман зрабіў знак слугам, што можна ехаць. Госці і гаспадары пасядалі ў карэты і рушылі ў горад.

х х х

Багуслаў зацікаўлена разглядаў з акна карэты літоўскую сталіцу. Велізарнае прадмесце Вільні не цешыла вока багаццем і пышнасцю будынкаў. Вакол купіліся драўляныя дамкі, у якіх пад адным дахам жылі і людзі, і худоба. Старая дарога, хоць і забрукаваная, патанала ў брудзе нават такой сухатой, а смурод адкідаў з гарадскога рова адчуваўся нават у карэце. Аднак месцічы, якія сустракалі княжацкі поезд усмешкамі, цікаўнымі поглядамі і нізкімі паклонамі, усё ж развесялілі малога княжыча: новае жыццё, у рэшце рэшт, падалося яму не такім ужо змрочным…

Павярнулі на доўгую і шырокую Замкавую вуліцу, якая вяла да Верхняга замка, і нібы трапілі ў іншы свет. Раскошныя камяніцы, палацы вяльможаў, аточаныя зялёнымі садамі, нібы хваліліся адзін перад адным раскошай і багаццем.

— Тышкевічы, Трызны, Сапегі, — называў пан Набароўскі суседзяў. — Пацы, Хадкевічы, а вунь і Радзівілы.

Магутным Радзівілам належаў ладны кавалак Вільні: іх уладанні распасціраліся ад Ніжняга замка на некалькі міль уздоўж парослага хваёвым лесам левага рукава ракі Вяллі; частка Лукішак[11] з палацамі і дамамі каля Віленскай брамы, а таксама велічныя камяніцы на Татарскай, Вялікай і Замкавай вуліцах. Значная частка гэтага багацця належала асабіста Багуславу. Княжычу хацелася неадкладна агледзець свае ўладанні, асабліва раскошны палац на Антокальскіх пагорках — пазалочаныя дахі яго старадаўніх вежаў так спакусліва зіхацелі ўдалечыні. Але пан Даніэль, пачуўшы яго просьбу, толькі засмяяўся:

— Тады вашай княжацкай міласці прыйдзецца прапусціць не толькі сённяшнюю вячэру, але і некалькі наступных. Гэта справа не аднаго дня.

Багуслаў пагладзіў пусты жывот і мудра вырашыў адкласці агляд да сыцейшых часоў. А тым часам поезд павярнуў у палац князя Крыштафа, які вырашыў прымаць гасцей у сябе таму, што княгіня Лізавета з дачкамі неўзабаве павінна была вяртацца ў Саксонію, а княжыч з сённяшняга дня заставаўся ў дзядзькі.

У віленскім палацы князя Крыштафа малога Радзівіла чакала вялікае выпрабаванне: бедны княжыч, у якога даўно кішкі марша гралі ад голаду, яшчэ гадзіны дзве мусіў ветліва адказваць на вітанні шматлікіх гасцей і сваякоў. Яго разглядалі нібы цуд заморскі, а Багуслаў спрабаваў запомніць шматлікія абліччы ды імёны, якія хутка зліліся ў адно. Аднак Богусь трымаўся нязмушана і шчыра, і ніхто з найяснейшага панства нават не здагадаўся, што ў думках ён ужо не раз адпраўляў іх усіх разам і кожнага паасобку ў апраметную. Прысутныя былі ў захапленні ад малога, асабліва цётка Ганна з роду Кішак, жонка князя Крыштафа.

— Божачкі, — ускрыкнула яна, упершыню пабачыўшы пляменніка. — Які ж ты прыгажун, золатка маё. Ну далібог анёлак!

Януш, пачуўшы гэта, з’едліва фыркнуў, але, падавіўшыся слінай, натужліва закашляўся. А «анёлак», спрытна ўхіліўшыся ад цётчыных пяшчотаў, тут жа звярнуўся да выхавальніка, які за цэлы дзень набрыд яму сваімі павучаннямі:

— Чуў, пан Набароўскі, што сказала княгіня? — гучна прамовіў Богусь. — А ты мяне чарцянём клічаш.

Небарака гатовы быў скрозь зямлю праваліцца, але на яго ніхто не звяртаў увагі. Князь Крыштаф рагатаў да слёз. І Януш разам з ім. Малы «немец», як ён у думках ахрысціў Багуслава, яму ўсё ж прыйшоўся да душы. Праўда, добра паразумецца кузэнам тады не ўдалося. Шаснаццацігадовы Януш глядзеў на васьмігадовага Багуслава зверху ўніз. Да таго ж, ён дрэнна ведаў нямецкую, яшчэ горш — французскую, і не хацеў паказваць сваё невуцтва малому, які вольна балбатаў і на той, і на другой, бо на гэтых мовах размаўляў двор яго дзядзькі-маркграфа.

Хутка стрыечным братам прыйшлося развітацца — Януш ехаў вучыцца ў нямецкія і галандскія ўніверсітэты. Выпраўляючы сына ў далёкую дарогу, князь Крыштаф не ўтрымаўся ад бацькоўскіх наказаў, якія, з улікам упартага і рэзкага характару князя Януша, былі не лішнімі.

— Акрамя іншых навук, каб добра вывучыў нямецкую і французскую, — строга загадаў ён сыну. — І гэта кажу не жартам, бо імі каралеўскі двор размаўляе, таму ў Польшчы па-польску можаш і не гаварыць, калі тых моў ведаць не будзеш.

Януш неахвотна кіўнуў.

— Караля, памазанца божага, сам нідзе дрэнна не згадвай, — працягваў князь-гетман. — А тых, хто будзе пры табе пра яго вялікасць казаць нешта благое, спыняй.

вернуться

11

Віленскае прадмесце.