Выбрать главу

Час лечыць нават раны, якія здаюцца невылечнымі, і на твар Багуслава нарэшце вярнулася ўсмешка. Вядома, ён ціха абураўся чэрствасцю пана Самуэля, лічачы таго бяздушным паленам. Аднойчы, калі пан Пуцята ўзяўся распавядаць на ноч адну са сваіх доўгіх гісторый, завяршэння якіх княжычу ніколі не ўдавалася даведацца (ён засынаў раней, чым аповед падыходзіў да канца), хлопец паслухмяна заплюшчыў вочы і прыкінуўся, што спіць, каб абдумаць, як яму цяпер жыць аднаму на белым свеце. І раптам Багуслаў здзіўлена адчуў, як суровы выхавацель клапатліва папраўляе коўдру, канец якой звесіўся на падлогу, а пасля шурпатая мужчынская далонь ласкава кранулася яго валасоў.

— Спі, мой любы хлопчык, — ласкава прашаптаў пан Пуцята. — Беражы цябе Госпад і ўсе яго анёлы.

Не верачы сваім вушам, Багуслаў непрыкметна расплюшчыў адно вока і асцярожна паглядзеў на выхавацеля з-пад доўгіх веек. Здзіўлена заўважыў, што цяпер яго суровы твар быў нязвыкла мяккім, амаль пяшчотным, а любоў, якую пан Самуэль старанна хаваў ад свайго гадаванца, бо яна не ўпісвалася ў адносіны пана і слугі ды замінала выхаванню, цяпер адкрыта ззяла ў яго на твары.

— Я таксама цябе люблю, пан Пуцята, — сказаў ён нечакана для сябе.

Убачыўшы, што гадаванец не спіць, пан Самуэль аж скалануўся. Але потым яго камяніста-шэрыя вочы расчулена заблішчэлі, і, махнуўшы рукой на цырымоніі ды этыкет, ён моцна прыціснуў хлопца да сябе.

У тую ноч Багуслаў заснуў амаль шчаслівы. І хоць зранку пан Пуцята зноў узброіўся звыклай строгасцю, княжыча яна ўжо не палохала: адмычку да сэрца выхавацеля ён падабраў.

Раздзел 2

ШКАЛЯР

Кейданы

(1630)

Крыштаф Радзівіл, князь на Біржах і Дубінках, быў адным з самых таленавітых военачальнікаў свайго часу. Ён паказаў свой талент у маскоўскіх войнах, змог у 1622 годзе з малымі сіламі адбіць Мітаву ў шведаў, якім камандаваў сам «Паўночны Леў» — кароль Густаў ІІ Адольф. Багуслаў рэдка бачыў дзядзьку, бо той толькі рэдкім госцем бываў ва ўласным доме. Вядома, велізарнымі радзівілаўскімі ўладаннямі кіравалі дасведчаныя аканомы, але за імі трэба было прыглядаць, каб атрыманы прыбытак не апынаўся ў чужым кашальку. Велізарная братава спадчына, якой гетман займаўся з-за малалецтва пляменніка, прыносіла выгаду, але і дадавала клопатаў. Але больш за ўсё часу адымала палітыка, князь Крыштаф браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці як сенатар і адзін з самых уплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на такую занятасць, ён паспяваў сачыць за выхаваннем ды навучаннем і ўласнага сына, і пляменніка (пра поспехі княжычаў рэгулярна давалі справаздачу іх выхавацелі). Калі Багуслаў добра навучыўся па-польску, князь Крыштаф вырашыў, што княжыч павінен наведваць кальвінскую школу ў Кейданах — сталіцы гетманскіх уладанняў. І скіраваў туды двор малога Радзівіла.

Пакуль выхавацелі і слугі займаліся ўладкаваннем пасля пераезду, Богусь, якога стамляла іх празмерная апека, непрыкметна выслізнуў з палаца агледзець горад. Кейданы здаліся яму падобнымі да велізарнага рынку. Горад стаяў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, якія вядуць з Вільні ў Расены[18] і з Коўна[19] ў Рыгу, тут заўсёды, а не толькі ў кірмашовыя дні, было поўна гандлёвага люду. Купцы везлі тавар сухім шляхам і вадой — па шырокай і спакойнай рацэ Няцечцы, як яе называлі русіны, або Нявежысу, як казалі жамойты. Для іх выгоды на Няцечцы была зробленая гандлёвая прыстань. У заходнім прыгарадзе кіпела вялікае будаўніцтва — князь Крыштаф дазволіў там пасяліцца васьмі сотням немцаў-лютэранаў, і Багуслаў, вандруючы па горадзе, адчуваў сябе як дома — нямецкая мова гучала тут на кожным кроку. Але не толькі яна. Кейданы былі падзеленыя на ўмоўныя кварталы вакол шасці вялікіх гандлёвых плошчаў, дзе жылі прадстаўнікі кальвінісцкай, лютэранскай, арыянскай, каталіцкай, праваслаўнай і яўрэйскай абшчын. Больш за ўсё, вядома, было кальвіністаў, сярод якіх вылучаліся выхадцы з далёкай Шатландыі, уцекачы ў чужыя краі далей ад беднасці і рэлігійнага ўціску. Дзелавіты дух гэтай рэлігіі наклаў адбітак на гаспадарчы лад усяго горада. Тут не ўмелі гультаяваць, і нават па святах ці ў тыя гадзіны, калі вусны звыкла шапталі малітву, рукі гараджан былі занятыя справай, бо марнаванне часу лічылася найвялікшым грахом. Строгія парадкі дзівілі падарожнікаў, якія звыклі да святочнай будзённасці гарадоў Рэчы Паспалітай, затое для Багуслава, які добра памятаў нямецкія звычаі, жыццё тут было па-хатняму знаёмым і родным. Ён нават не крыўдзіўся на заклапочаных мінакоў, што няўхвальна пазіралі на хлопца, які павольна прагульваўся і яўна біў лынды. Агледзеўшы новую двухпавярховую школу і друкарню, дзе віравала праца, княжыч завярнуў у гарадскую ратушу. Туляючыся па цвінтары кальвінскага збору сярод патрэсканых ад часу, парослых мохам магільных пліт Багуслаў натрапіў на хлапчукоў — сваіх аднагодкаў. Яны пра нешта горача спрачаліся, і княжыч, якому бракавала дзіцячага таварыства, разглядзеўшы, што перад ім не просталюдзіны, а шляхцічы, зацікаўлена падышоў бліжэй. У гэты момант бялявы мажны хлопец дастаў з мяшка вялікага чорнага ката і, трымаючы яго за шкірку, паказаў таварышам. Тыя спалохана адступілі назад. Толькі адзін застаўся на месцы, няўхвальна гледзячы на гэтую забаву.

вернуться

18

Цяпер Расейняй.

вернуться

19

Цяпер Каўнас.