Выбрать главу

— Самуль, ты пэўны, што гэта вядзьмарскі кот? — спытаў ён, аглядаючы перапалоханае стварэнне, што мяўкала так, ажно Радзівіл, скрывіўшыся, заткнуў вушы пальцамі.

— А то які ж? — пакрыўдзіўся Самуль. — Ды сам паглядзі, Ян: чорны, як ноч, яшчэ і з зялёнымі вачыма. Напэўна з нячыстай сілай знаецца!

Ён тыцнуў ката недаверліваму таварышу пад нос, аднак русявы Ян, зазірнуўшы ў поўныя жаху каціныя вочы, толькі паціснуў плячыма.

— Кот як кот, — сказаў ён. — Пусці яго, Стаброўскі, бо ў мяне ў галаве звініць ад віскату.

— Нельга, — сказаў Самуль. — Калі гэта сапраўды нячыстая сіла ў каціным абліччы, дык яна аднойчы ў месячную ноч прыйдзе па вашы душы.

Хлопец злавесна абвёў позіркам прыціхлых таварышаў і зайшоўся нядобрым смехам.

— Ну і чаго ты іх палохаеш? — перабіў яго Багуслаў. — Калі б гэта сапраўды была д’ябальская істота, ты б ужо ляжаў на зямлі з разарваным горлам…

Хлопчыкам гэты аргумент падаўся пераканаўчым, і іх напалоханыя твары трохі пасвятлелі. Стаброўскі пачырванеў. Крутнуўшыся на абцасах сваіх ботаў, ён пагрозліва ўтаропіўся ў прынца. Простая будзённая адзежа Радзівіла ўвяла яго ў зман, і хлопец вырашыў, што мае справу з сынам аднаго з замежнікаў, якія, дзякуючы шчодрасці князя Крыштафа, ужо лічылі Кейданы сваёй радзімай.

— А ты хто такі? — груба спытаў ён. — Чаго сунеш нос у мае справы?

— Бо мне так захацелася, — адрэзаў Багуслаў.

Круглае як поўня аблічча Стаброўскага пачырванела ад злосці, а халодныя шэрыя вочы задзірліва заблішчалі. Хлопец шпурнуў убок ужо лішняга ката, які чорнай маланкай кінуўся прэч, а сам, сціснуўшы кулакі, падышоў да прынца.

— Ты, чужынец, лічыш, што можаш беспакарана тут нораў паказваць? — выскаліўся ён. — Прыйдзецца навучыць цябе ветлівасці.

Багуслаў нават збялеў: ніхто яшчэ не наважваўся так з ім размаўляць. Ён пільна агледзеў ворага. Той быў таўсцейшы за яго і здаваўся мацнейшым, але на такую абразу трэба было адказаць. Таму, не доўга думаючы, княжыч ударыў нахабніка кулаком у твар так, што той крывёй умыўся.

— Ты… дык вось ты як! — ускрыкнуў Стаброўскі і кінуўся на Багуслава.

Яны зацята біліся, аж пыл курэў. Хлопцы абступілі іх і падбухторвалі жартачкамі. Падтрымлівалі, вядома, свайго важака, які біў малога прынца, нібы пярыну выбіваў. Але калі Багуслаў вырваўся з учэпістых абдымкаў саперніка, асядлаў яго і, заламаўшы руку, пачаў біць кулакамі, куды мог дастаць, нават найбольшыя жартаўнікі прыкусілі языкі.

— Здаешся? — спытаў Радзівіл, калі вырашыў, што дастаткова правучыў ворага.

— Не, — выціснуў з сябе Самуль і адразу атрымаў некалькі ўдараў па рэбрах.

— Здаешся?

— Не, хоць і забі мяне! — аж завыў ад болю Стаброўскі.

Ён сабраў апошнія сілы і скінуў з сябе прынца, так, што той ногі задраў. Аднак Багуслаў адразу ўскочыў і ўжо чакаў нападу, сціскаючы кулакі. Убачыўшы, што перавага на баку напышлівага прыхадня, таварышы Самуля кінуліся ратаваць важака. Радзівіл нечакана для сябе апынуўся тварам да твару з чатырма праціўнікамі. Зразумеўшы, што гэта ўжо не жарты, ён схапіў нейкую ламачыну, якая, на шчасце, ляжала пад нагамі. Сціснуўшы яе ў руцэ як хвосткую палку, якімі часта ваяваў просты люд, з усяе сілы ўдарыў у лоб першага ж нападніка. Той ускрыкнуў і, трымаючыся за скрываўленую галаву, асеў на зямлю. А княжыч, не даючы хлопцам апамятацца, раздаваў шчодрай рукой направа і налева добрыя ўдары. Цяжэй за ўсё яму прыйшлося з Янам, які таксама ўзброіўся зручнай палкай і арудаваў ёю, нібы шабляй. Яго таварышы, ужо не адважваючыся лезці ў бойку, шпурлялі ў прынца засохлымі землянымі камякамі і камянямі. Як бы адважна ні біўся Багуслаў, ўсё ж сіла была не на яго баку. І невядома, чым бы скончылася сутычка, калі б на шум не прыбеглі мінакі з мясцовым пастарам. Той, размахваючы цяжкім дубовым кіем, задыхана крычаў нешта пра непавагу да мёртвых і да святога месца. Убачыўшы іх, падшыванцы пакінулі прынца ў спакоі і ўцяклі. Радзівіл таксама не жадаў слухаць натацыі раз’юшанага пастара, таму кінуўся следам. Хутка ён дагнаў Самуля і Яна, якія беглі наперадзе. Тройца завярнула ў глухі завулак і, цяжка дыхаючы, спынілася. Багуслаў знясілена прыхінуўся да сцяны нейкага дома і ад усёй душы ў думках падзякаваў пану Набароўскаму, які кожную раніцу муштраваў яго фізічнымі практыкаваннямі, прымушаючы падымаць цяжар, «каб сілу ў плячах меў», а пасля такіх здзекаў яшчэ і ганяў мілі дзве вакол палаца, павучальна паўтараючы ўслед за Ювеналам[20]: «Mens sana in corpore sano»[21].

вернуться

20

Ювенал Дэцым Юній (каля 60 — каля 127 года) — рымскі паэт-сатырык.

вернуться

21

У здаровым целе — здаровы дух (лац.).