— Бягуць? — трымаючыся за грудзі, прахрыпеў Стаброўскі, трывожна ўслухоўваючыся, ці не чуваць пагоні.
— Здаецца, ціха, — выдыхнуў Ян і ўпаў на зямлю як падкошаны, таму што ногі яго ўжо не трымалі.
Самуль з палёгкай уздыхнуў і таксама сеў дзе стаяў.
Апамятаўшыся пасля шалёных уцёкаў і трохі аддыхаўшыся, хлопцы з цяжкасцю ўсталі, з цікавасцю паглядаючы на Багуслава, які спадылба назіраў за імі.
— Добра б’ешся, — з павагай сказаў Самуль і, падумаўшы, працягнуў княжычу руку: — Я Стаброўскі, сын тутэйшага аканома яго міласці князя Радзівіла.
Багуслаў фыркнуў і адвярнуўся.
— Ты не сярдуй, што мы на цябе ўчатырох напалі, — прымірэнча сказаў Ян, правільна вытлумачыўшы пагарду. — Прыйшлося ратаваць таварыша. Калі б мы не ўмяшаліся, ты б з нашага Самуля кавалак мяса зрабіў.
Стаброўскі нахмурыўся, але нічога не сказаў. Радзівіл паглядзеў на Яна: яму спадабаўся яго прыемны, адкрыты твар.
— Ты хто? — ужо трохі лагодней спытаў княжыч.
— Ян Невяроўскі, — сказаў хлопец. — Сын беліцкага старосты князя-гетмана Радзівіла.
Багуслаў злёгку ўсміхнуўся, але адразу паморшчыўся — балела разбітая падчас бойкі губа, і павольна налівалася сіняком падбітае вока. Сапернікі выглядалі не нашмат лепш — на Стаброўскім, здавалася, і жывога месца не засталося, а Невяроўскаму бракавала пярэдняга зуба.
— Добра, — сказаў княжыч. — Я запомню.
І пайшоў. Хлопцы праводзілі яго здзіўленымі поглядамі.
Праз некалькі дзён Багуслаў у суправаджэнні самага паважанага са слуг князя-гетмана, кейданскага старосты Пятра Кахлеўскага ды пана Пуцяты ўпершыню пераступіў парог школы, дзе павінен быў вывучыць рускую[22] (мову Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага), латынь, а таксама арыфметыку, геаграфію, гісторыю і Закон Божы. Сустракаць прынца выйшлі ўсе настаўнікі на чале з рэктарам Янам Дамазовіусам. Рэктар ззяў ад задавальнення, бо Багуслаў адной сваёй прысутнасцю дадаваў гонару школе і цэламу гораду. Ён радасна вітаў Радзівіла і нават здолеў зрабіць выгляд, што не заўважае ні падбітага ў бойцы вока, ні падрапанага твару прынца.
Разам з рэктарам Багуслаў зайшоў у школьны пакой. Ён здаваўся зручным і ахайным, тут мелася ўсё неабходнае для навучання. Прынамсі, у шафах хапала кніг, каля шырокай лавы ў куце — хвосткіх розаг, а сцены былі ўпрыгожаныя картамі і галандскімі гравюрамі. Школьнікам ужо паведамілі, хто будзе вучыцца разам з імі, і яны дружна ўсталі, з цікавасцю разглядаючы Радзівіла. І двое не стрымалі спалоханага «ох!», пазнаўшы ў юным князю нядаўняга саперніка.
— Невяроўскі! Стаброўскі! — закрычаў пан Дамазовіус. — Што з вамі?
Хлопцы выцягнуліся, стараючыся не глядзець на Багуслава, а той не змог стрымаць зласлівай усмешкі, заўважыўшы, як спалохана выцягнуліся іх твары. Хлапчукі нават затрэсліся, убачыўшы, што Радзівіл ідзе проста да іх. Але Багуслаў спакойна прайшоў міма да свайго пачэснага месца ў першым шэрагу — вучняў у тыя часы рассаджвалі паводле паходжання і становішча іх бацькоў. Калі Радзівіл зручна ўладкаваўся на лаве, рэктар дазволіў вучням сесці і, кіўнуўшы настаўніку, што можна пачынаць урок, выйшаў. Але асоба Багуслава цікавіла прысутных мацней за нудныя практыкаванні.
— А цікава, чаму ў княжыча морда такая, нібыта ёю чэрці ў ступе мак таўклі? — ляпнуў нехта з школьнікаў на вуха Сяброўскаму.
Самуль са злосцю штурхнуў хлопца локцем, і той пакрыўджана змоўк.
— Мяне бацька і так ледзь не забіў, калі даведаўся, што я зноў у бойку, як просталюдзін, палез, — прашаптаў ён Яну. — А як даведаецца, што я падняў руку на Радзівіла…