Выбрать главу
Якія ж выведу я тут маралі? Каб на галовах не аралі, Заводзячы севазварот шматпольны? Ды не, браткі, зусім Я клапачуся не аб гэтым, I байку прысвячаю ўсім, Хто слепа модзе пакланіцца здольны: Дзяўчатам ды кабетам, А больш за ўсіх дык маладым паэтам.

1926

Мядзведзі

Паслухай вось, суседзе, Што бацька мой расказваў мне. Калісьці ў нашай старане Вялося шмат мядзведзяў. Цяпер-то рэдка тут яны,— Згубілі войны ды аблавы,— Тады ж па вёсках цыганы Вадзілі іх дзеля забавы. «Міхалка, дагары ляжы! Міхалка, паскачы нам Юрку! Міхалка, зараз пакажы, Як баба крэхча на прымурку!» Мядзведзь пакажа. Чаму не — уга! Без меры жвавы наш Міхалка, Бо ў носе кольца ланцуга, А ў цыгана ж якая палка! «Міхалка, казака танцуй!» Панёс Міхась (бо давядзецца рэбрам). Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг, Цыган паважна звоніць срэбрам. Міхалка скача — пот ліе, А Цыгану даход дае.
Хто тут — Мядзведзь, а хто — Цыган, Што заграбае чыстаган, Не цяжка дагадацца: Вы гляньце цераз акіян — На іх «свабоднае» мастацтва.

1927

Памагаты

Жыў на вёсцы Бацька й Сын,— Iм жа трэба есці. Раз хацелі везці ў млын, Дык на чым жа везці? Бедняку не першыня Гэтакія рэчы: Як няма свайго каня, То бяры на плечы. Дык і ім не навіна Разгадаць загадку: Недалёка ад млына, Можна цераз кладку. Мех на плечы ўзяў Юнак, Што ты ні кажы там: Сіла сілаю, аднак… Мех вялікі з жытам. Да мяшкоў ён, праўда, спец — Добра ўсё спачатку, Але вось ужо Хлапец Узышоў на кладку. Памаленьку туп ды туп Па жардзіне гнуткай, А ўжо Бацька тут як тут З дапамогай хуткай. Толькі зменіць Сын нагу, Кладка так і дыша… «Я ж яму тут памагу, Каб чаго не выйшла». Хлопца трошкі мех хістаў — Хоць бы даў ён рады! Вось наш Бацька тут і стаў Падаваць парады: — Эх, нясе… курам на смех, А сабе на шкоду. Ды папраў ты трохі мех, Бо зляціць у воду! Зноў зваліў на правы бок. Ну, прапала праца! Ох, як бачу, галубок, Будзеш ты купацца. Хоць страляй яму ты ў лоб, Так як тое дрэва. Ці ты чуеш, асталоп?! Пасунь мех улева! Кудзе! Будзе! Стой! Назад! Вось наўчы уроду! Ўправа! Ўлева! Ах ты, гад!.. Шабулдых у воду. З Сына мокрага цячэ, Мех зусім заліўся, Ну, а Бацька тут яшчэ Горай наваліўся: — Я ж казаў табе даўно: «Паляціш, зараза». Мех, Сынок, пайшоў на дно, Хоць бы й ты з ім разам. Так (няхай ён затане!) «Памагаты» нейкі Ледзь надоечы й з мяне Не зрабіў калекі.
Напісаў… Дрыжу як ліст… Стаў мне свет нямілы: «Вось дзе, — скажуць, — ухіліст! Зразу — два ухілы». Скажуць, гну я не туды, Супраць кіраўніцтва. Чым давесці мне тады? Як абараніцца? Памагатым у адказ Я сказаў бы: «Братцы! Пацярпіце на той час, Як я йду па кладцы!»

1932

Поп i Папугай

   Сяло. У ім — царква ды дом папоўскі, А ў доме, як вядзецца, Поп. I дзіва дзіўнае было б, Каб ён не гроб, Тым больш што Баця быў такоўскі: Па барадзе — казёл, па голасе — Казлоўскі. Бывала, ў алтары Як возьме чарыцу малую Ды як закоціць «алілую», Дык бабы плачуць, як бабры. За гэтыя «святыя» песні Яму, хоць плакалі, ды неслі. У гаспадарцы ў Баці спор (Яго не забывае паства): Дабра, жывёлы повен двор — Кароўкі, свінкі, птаства. — Чаго ў цябе, айцец Яўлампій, не хапае? — Яму сусед Памешчык гаварыў.— Вось хіба толькі Папугая… I Папугая ён аднойчы падарыў (Нібыта для таго, как забаўляць папіху, Хоць сам жа ён і забаўляў паціху). I вось пачуў аднойчы бог — Ды што за ліха! — Пяюць удвох! А гэта перад службай Поп трэніраваўся. I Папугай пад лад прыстасаваўся. За спевы тыя Какаду Давалі смачную яду, Дык лепш ён за дзячка стараўся: Цягнуў за Бацем з той пары I кандакі, і трапары, I нават «Іжэ херувімы» Адолеў ён за зіму, — Так налаўчыўся Папугай, Хоць ты яму парафію давай. «Святая птушка бога славіць, — Пайшла гаворка паміж баб, — I так жа добра, што магла б Сама абедню правіць». А тут якраз, як на бяду, Памёр раптоўна Баця, Пакінуўшы жалобу ў хаце Ды Папугая Какаду, Які, заўважце, ў часе адпявання Цягнуў за іншымі «Надгробнае рыданне». Каму на вусны смерць прыляпала пячаць, Таму без руху спачываць, Ну, а жывым на ўме жывое: Злюбіліся ў сяле тым двое, Ды вось бяда — няма каму звянчаць. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Ды некаму прыйшла тут думка неблагая: Няма Папа, дык возьмем Папугая, — Спяе і ен «Ісаія лікуй». I вось Жаніх той і Нявеста Сваё ў царкве занялі месца. Каб шлюбны выканаць закон, Даставіў Сват у клетцы Папугая I семак даў — няхай паласуецца ён, Дык весялей мо заспявае. А Попка з радасці такой Як гаркне: «Са святымі упакой», «Надгробнае рыданне»… Нявеста тут адразу — гоп! Жаніх жа той магутнаю рукою Дурную птушку згроб: — Вось я ж цябе, нягоднік, супакою! I, як расказвае паданне, Дастаўся Попка кошцы на сняданне.