Выбрать главу
Алеся Грышка абагнаў. Дзе Грышку бачыў я, вы хочаце спытацца? Сярод работнікаў мастацтва.

1929

Саманадзейны Конь

Вялікаму каню — вялікі хамут.

Народная прыказка
Меў нейкі Селянін мізэрнага Каня — З сабаку, можа, так, мо, з добрае шчаня. Малому веліччу быць хочацца заўсёды,— У мацеры-прыроды Такі спрадвеку ўжо закон. Так вось і гэты Конь… Яно не ганьба хоць — сабе дабра жадаць, Але ў Каня ўжо, як відаць, Жаданне ў манію вялічча перайшло. I стаў ён скардзіцца на ўсё сяло: I «і-га-га!» і «і-го-го!» — Хамут нібы не да яго. — Я сам, — іржэ, — такі каніска, А вось хамут дык жарабячы блізка — Не засупоніўшы і то ён нават цесны: Ні ўлезці мне ў яго, ні вылезці — хоць трэсні! У горад Селянін прыехаў на кірмаш. I вось убачыў тут асілак наш, Што грузныя ламавікі Пудоў па сто вязуць мукі. — Ну вось цяпер ці бачыш ты,— Пытае ён Гаспадара,— Якія ў коней хамуты? Табе б купіць даўно пара Хоць трошкі большы для мяне, I я б за іх цягнуў тады ўдвайне: Не сто пудоў, а цэлых дзвесце. Тут, каб Каню свайму давесці, Што гэта глупства і мана, Каб выгнаць, зноў жа, наравы З дурной канёвай галавы, Той гаспадар і просіць фурмана, Каб ён у воз вялікі свой запрог яго каняку. Фурман гатоў за пэўную падзяку,— Асілак наш ужо ў вялікім хамуце. Ахвоты той хамут хоць шмат яму паддаў, Але тут здарыўся скандал: Пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі, I затрымаўся ён аж ледзь на жываце. А тут яшчэ пракляты воз I з месца не скрануць — як да зямлі прырос. I просіць у бядзе наш дурань дапамогі. З тае пары другога хамута Не патрабуе Конь ніколі: Свайго яму якраз даволі, Хамут стаў — проста любата.
Мне часта крыкуны мільгаюць у вачах — Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах.

1927

Старшыня

На ферме на адной савецкай Былі каровы ды авечкі, Свіней паўнюсенькі свінюх I рознай хатняй птушкі мноства. Ну, словам, там жывёлаводства Паставілі на вышыню. Жывёлаводчы меў саўгас характар. Варочаў глебу працавіты трактар, А на падмогу коні ды валы У гаспадарцы той былі (Ці шмат, — таго я не скажу). Яшчэ там быў сабака Жук. З валом Рабым любіў ён падражніцца — Нібыта сябравалі ўдвух. Але… Рабога клікаў плуг, А Жука вабіла разніца: Натуры быў ён сапсаванай I за крадзеж не раз балюча луплен,— Як кажуць, элемент дэкласаваны, Ну, адным словам — люмпен: Віляў, бадзяўся, валачыўся Альбо драмаў, ляжаў у хаце, Аднак нядрэнна ўмеў брахаць ён, Падчас прамоўцаю лічыўся. Загадчык раз жывёлы сход Для перавыбараў назначыў. Вось і пусціў наш Жук у ход Тут талент свой сабачы. — Пра вас, — крычыць, — адно скажу я, Што ўсе вы — дробныя буржуі: Нягледзячы, што й батракі, Да абрастання — сквапы. Не падыму за вас рукі. Свае мазольнай лапы. — Чаму? — пытаў Падласенькі. — Бо ўсе вы — дробнаўласнікі. Вунь у каня ёсць свой хамут, Вол мае ўласнае ярмо. Ну, ды яму Яшчэ дармо, Але ў казы (глядзі, брыда!) Свая ёсць нават барада. Нарэшце маеце ўсе вы Яшчэ і ўласныя хлявы. Але ж цяпер скажыце мне — Вось ці была ў сабакі хата? — Ну, не! Вядома, не,— Жывёлы кажуць вінавата. — Дык вось давайце кандыдатаў… Баран тут першы кажа: — Бе! Цябе, браток, цябе! За ім і коні: — Гі-го-го! Яго! Няўжо ж каго! Яго! Пасля валы й каровы: — Му! Яму начальствам быць, яму!
I вось з таго, браточкі, дня Наш Жук — «таварыш старшыня». Ён справіў зараз галіфэ, Пад лапу тоўсты ўзяў партфель, На шыі гальштук ззяе ў срэбры, I не тарчаць у Жука рэбры. Задраўшы нос і хвост кручком, Так важна ходзіць ён маўчком; Калі ж вітаецца з ім хто,— Дык толькі ледзь кіўне хвастом, I толькі той для Жука блізкі сябар, Хто дасць у лапу хабар. Не будку мае Жук — палацы (Хоць не свае, вядома, працы). Ён забурэў, ён растаўсцеў. Але нашто ж кантроля вока? Сабаку далі па хвасце, I гонар вылез яму бокам. Калі часамі вам, браткі, Такія стрэнуцца «жукі», Дык вы, напэўна, ім дасце Таксама добра па хвасце.