Яшчэ б тут можна байкаю пацешыць,
Ды не хачу трывожыць «праведнікаў» сноў я.
Не буду — спіце на здароўе!
«Хто спіць, дык той не грэшыць».
Заслуга ў нас, аднак, не ў тым,
Каб быць маўчальнікам святым
I гнісці ў абывацельскім «раю»,
Іначай кажучы, ў балоце,
А ў тым, каб з лепшымі ісці ў страю,
Гарэць-змагацца на рабоце.
1926
Чорт
Кажух ляжыць, а дурань дрыжыць.
На свеце жыў Янук-сынок
У нейкіх Мамы й Таты;
Гадкоў яму было мо пяць.
Вось раз, калі куткі ахутаў змрок,
Бацькі уклалі хлопца спаць,
А самі выйшлі з хаты:
Каровы Матка падаіць,
А Бацька коні напаіць.
Але малому Януку
Вачэй ніяк не зводзіць сон,
Бо нешта чорнае ў кутку
На лаве ля красён
Убачыў раптам ён:
Касматае, з зялёнымі вачыма,
Дым чорны ў страха верне з ляпы
I з кіпцюрамі лапы.
Шавеліцца і крэкча страх, нібы падняцца цяжка.
Абмёр пад коўдраю хлапчына,
Пабеглі па плячах мурашкі,
I сталі валасы дубка
У небаракі Янука,
Аж зуб на зуб не пападзе.
Чуць не памёр наш блазан у бядзе,
Пакуль не ўчуў, што Бацька йдзе.
Тады з пасцелі — скок ды сам бягом адтуль.
— А татачка, вунь чорт! А міленькі, ратуй!
— Дзе чорт? Вось гэта? Ха-ха-ха!
Ну й дурань жа ты, Янка!
Свайго спужаўся кажуха.
А Янку трэсла ліхаманка.
Чытач чакае звыклае маралі?
Дык я ж пра тых — «у футарале»,
Што ў промнях сонца яснага
Баяцца ценю ўласнага.
1927
Шчыры Поп
Вось не забыцца мне ніколі,
Як раз угодніку Міколе
Служыў малебен Поп адзін,
Як шчыра ён кадзіў.
Святы угоднік Мікалай
Лічыўся «шэфам» аднаго сяла,
Дык фэст дзевятага спраўлялі мая
(Бязглузды забабон там-сям яшчэ трывае).
Зважаючы на добрую пагоду,
Нямала там сабралася народу:
Адзін сапраўды йшоў маліцца,
Той замуж трэ было, а гэтаму жаніцца.
Там як бы ні было, а на папова шчасце
Ў царкве і яблыку няма дзе ўпасці.
Ён з радасцю пачаў малебен правіць
Ды, каб Міколу добра ўславіць,
Калі пачаў хадзіць,
Калі пачаў кадзіць!
У фанатычным тым уздыме
Угодніка схаваў у дыме,
Дзяка, і клірас, і алтар,
I сам гаворыць, як з-за хмар.
На ўсю царкву не пах ужо — смурод,
I чхае, й кашляе народ;
Таго ўжо тузае і рве,
А там паехалі аж разам дзве.
Трывалі доўга людзі так, а потым — ходу,
I Поп з угоднікам застаўся без народу.
Здараюцца ж на свеце людзі:
Ёсць пара крытыкаў, вядомых нам,
Якія кураць фіміям,—
Ад іх таксама нудзіць.
1926
Рак
Паважны чалавек адзін
З далёкіх і чужых краін
Прыехаў вандраваць па Беларусі.
Чаго — сказаць я не бяруся:
Ці то яго цікавіў Мінск, ці то Мазыр і Прыпяць,
А толькі ён зайшоў бутэльку піва выпіць.
— Што ў вас да піва ёсць? — пытае ён Слугу.
— Што загадаеце, падаць я вам магу,—
Адказвае Слуга. — Ёсць тараны, ёсць ракі.
— А гэта што такія за прысмакі?
Іх не чуваць у нашай старане.
Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць на спробу.
Падаў Слуга. Паважная Асоба,
Абцерабіўшы раку шыю й клешні
(Не хоча з драбязой займацца ён, канечне),
Давай упісваць рэшту.
Ды вось не есца толькі нешта:
Расце, здаецца, ў роце рак.
Аж вочы плюшчыць дзядзька-небарак,
Але, запіўшы півам, лыкнуў.
«Давай яшчэ папробую, а мо й прывыкну
Да гэтых, — думае, — прысмакаў».
Але й з другім не лепей ракам:
Назад, здаецца, з рота ён паўзе.
— Паслухайце, — Асоба кажа тут Слузе,—
Што гэта ў вас за людзі?
I што ў людзей за густ?
Вось я ніяк прывыкнуць не магу
I ракам рот дарэмна запаскудзіў.
Слуга ў адказ: — Які вы, дзядзька, смешны!
Не дзіва мне, што не знайшлі вы смаку
У нашым раку:
У нас ядуць тут шыю і клешні,
А вы — жывот ды бруд усякі.
Калі трапляецца ў жыцці вам рак,
То, каб не каяцца нарэшце,
Уведайце наперад, дзе ў ім смак,
Тады ўжо толькі ешце.
Іначай знойдзеце ў лупіне,
Што кожны, плюнуўшы, адкіне.