Выбрать главу

1926

Сава, Асёл ды Сонца

Сава лятала паначы, З сабою птушкам смерць насіла, Хаўтурны спеў ім пеючы,— Сама там драла іх, сама ж і галасіла, Ды так не ўбачыла, як нахапіўся дзень, I Сонца яркага прамень Да рэшты асляпіў ёй вочы. Сава ўцячы тут хоча, Ды толькі вось ляцець не можа, А поблізу няма дупла нідзе. Заплакала Сава ў бядзе — Ну, хто ж Саве паможа? На шчасце ёй тут лёс паслаў Знаёмага Асла. I кажа ён: — Не плач, сястрыца, Ды надта не бядуй,— З бяды мы вырабімся самі, I Сонцу нам не прыйдзецца скарыцца: Я вушы доўгія на Сонца навяду I засланю яго вушамі. Як цемра ўсю пакрые галу, Як згіне прыкрае святло, Дык ты й ляці сабе ў дупло Тады памалу. I наш Асёл за працу ўзяўся шчыра: Як можна вушы свае шырай Ён растапырыў, распрастаў I проці Сонца стаў. Калі ж налева глянуў коса — Святла там яркая палоса. Ён — гоп у левы бок. Пасля глядзіць — святло і справа; Тады назад ён — скок. Нарэшцо бачыць — дрэнна справа: Скакаў, скакаў і ўжо насілу ходзіць, А Сонцу ўсё ніяк не шкодзіць,— Ні каплі не памог Саве, А вочы пасляпіў сабе. I вось Аслу нарэшцо ясна стала: Каб Сонца засланіць — вушэй асліных мала.
Вось гэту праўду едкіх слоў Нясу, абураны, я на фашысцкіх соў I іх заступнікаў-аслоў.

1927

Сваяўство

Для сябра ці для сваяка I на вярбе растуць, часамі, бэры, I па вядру казёл дае, бывае, малака. Хто гэтаму не даў бы веры, Дык факты тут яго пераканаюць скора. Нядаўна нек, учора ці заўчора, Я чуў — Свіння Казла хваліла, Уславіла падрад разоў са сто. Хваліла, ды не ў гэтым сіла, А справа ў тым — за што? Яна Цялят сабрала чараду I пачала: — Вы знаеце, — пытаецца, — Казла — Такую бараду З развілінамі рог? Ах, што за працаўнік! Ах, што за маладзец! Ох, ох! Рох, рох! Працуе ён не то што за Вала — За трох! Спытайцеся сабе ў авец… Ці верыце яшчэ вы, мілыя мае? Ен нават малака дае. Цяляты тут Свінні ў адказ: — А не дуры ты, цёця, нас! Казлова малако сама еш на здароўе, А нам ляпей кароўе. А што ён працаўнік, і гэтакі й такі, Дык ясна тут, як двойчы два: Вы з ім, здаецца ж, сваякі — Жывёлы з аднаго хлява.

1927

Стары i Малады

Не так даўно ў гаспадара Жарэбчык быў і Конь Стары. Яны задраліся нек раз, I вось з тае пары Пайшлі між коней нелады. Аднойчы ў плузе на раллі Жывёлы спрэчку завялі. Гарачы, порсткі Малады Тут не на жарт Напаў на сталага Каня: — Куды ты, падла, варт! Калі паўзеш, дык парахня Вунь пасыпае сцежку ўслед, I толькі ты паскудзіш свет, Глядзіць у землю морда кісла I губа ніжняя адвісла. На чорта ўжо цябе й трымаць! Даўно пара да каналупа, Бо сорам весці на кірмаш… Ад слоў такіх Стары стаў слупам: — Ах ты, шчаня! Так бэсціць сталага Каня! Ты не глядзі, што я стары, Што быццам сыплецца з мяне На капыты, Але ж да гэтай вось пары Ні разу ў баране Не стаў, як ты. Разумны ты ды малайчына Да той пары, пакуль ляйчына Не пападзе табе пад хвост, Ну, а тады — панёс Ці з плугам будзеш ты, ці з возам,— I дзе твой дзенецца ўвесь розум! Няхай, па-твойму, я слабы, А хто ж цябе вось прыдабыў? Хто дастаўляў табе авёс I сена, на якім ты рос? Ты здольны толькі да яды, А ў працы гэтых маладых Я так прыцісну, што аж сок… — Пакуль з нас сок, дык з вас пясок…
Вось так за словам слова, Нарэшце мала ім і звадкі — Ужо намерваюць азадкі. I… выйшла б дзела ў іх канёва, Каб не Араты йшоў за плугам. — Но-но! А то вось я зраблю падлік заслугам.— Пачаў ён іх мірыць.— Сябры па працы вы, а проста як звяры. Той ганарыцца, што стары, А той — што малады. Ды хіба ж для працоўных розніца — гады? Паверце, што найбольшая з заслуг — Цягнуць цяпер у згодзе гэты плуг.