Выбрать главу

1926

Сямейная спрэчка

Табе вось не якая трасца,— Сказаў Пярэсты раз Падласцы,— I больш не здольна ні на што ты, Як на цялячыя пяшчоты: Яшчэ мароз, мяцеліца, Яна тады ацеліцца, I сёмуха аж блізіцца — Яна ўсё з целем ліжацца. А калі ж цельная была, Хадзілі, проста як ля шкла. Вось толькі й клопату брыдзе, Што нацадзіць за цэлы дзень Якую кварту Ці то-бок літру малака,— I харчаваць цябе не варта. Зусім рэч іншая ў быка: Вось я штодзень, як той загарак, Іду то ў возе, то ў сасе,— Балюча ныюць косці ўсе, Ярмо ашмуляла мне карак, Бо я ж адзін на гэтым карку Нясу ўсю нашу гаспадарку. I каб не я, сышло б да рэшты. — Пакінь плявузгаць ты, Пярэсты, Сабою надта выхваляцца, Не страш ты бабу цяжкай працай,— Падласка кажа да быка.— I я магу ярмо цягаці, Радзі ж вось ты хоць паўцяляці Ці дай хоць кварту малака.

1925

У Папа ды быў сабака

У папа ды быў сабака, Поп яго любіў. Ён не краў у баці сала,— Поп яго не біў.
Баця жыў ля школы блізка, Проста двор у двор, I наведваў часта Лыска Школьны калідор.
Да пажывы Цюцька ласы Раз у школу йдзе, Ён абшнырыў усе класы, Ды няма нідзе.
Хоць у думках невясёлы, Хоць і посціць пост, Але выйшаў Лыска з школы — Абаранкам хвост.
Напаткаўся ён Мілорду, Які тут гуляў; Прывітаўся морда ў морду, «Добры дзень!» маўляў.
(Мне пяром размову гэту Цяжка й перадаць.) — Дзядзька Лыска за асвету Ўзяўся, як відаць?
— Ды прызнацца ўжо не сорам, Пхнёмся пакрысе: Сем тут класаў з калідорам… Я прайшоў усе.
I пайшло ад сукі сучцы — Хто каго ні стрэў, Што той Лыска у навуцы Сам сабаку з'еў;
Не капціў дарэмна свету, Жыў ды не драмаў; Што вышэйшую асвету Лыска атрымаў;
Што ў становішчы сабачым Гэта ж — о-го-го! Што мы шмат яшчэ пабачым Цудаў ад яго.
Вось і чын у Лыскі новы (А ранейшы знік): Навуковай установы Лыска працаўнік.
У папа ды быў сабака, Поп яго любіў, Ды вучоным знакамітым Чорт яго зрабіў.

1928

Філосаф i рака

Блукаў Філосаф па зямлі. Чаго блукаў? Мо праўды ён шукаў I сцежак тых, што да яе вялі, Мо вывучаў складанасць тых падзей, Што выклікаюць у людзей То радасць, то трывогі. А толькі збіўся ён з дарогі, Пайшоў да вёскі нацянькі I апынуўся ля ракі. Вось вёска ўся на відавоку, Сям-там дымяцца каміны, I смачны пах даносіцца здалёку: Няйначай як пякуць бліны, А можа, нават і мачанку (Філосаф наш ад ранку Не каштаваў ніякай стравы). Ды вось бяда — Наперадзе вада I не відаць ніякай пераправы. «Не будзем смутку наддавацца, — Сказаў Філосаф наш, пачаўшы раздзявацца. — Мне толькі варта зняць штаны, I я паспею на бліны». Аднак, раздзеўшыся, пачаў ён сумнявацца: Ці то ў штанах, ці без штаноў — Філосаф ёсць філосаф: Паразважаць заўжды гатоў Аб чалавечых лёсах. «Які ж мяне самога лёс чакае? Хоць розум мой глыбінь шукае, Але ж вада тут чорная такая… Таму адзначым: гэты глыб Не для філосафаў — для рыб». I тут, у гэтыя хвіліны Сумненняў і разваг, Пачуўся раптам роў асліны: Асёл, прыспешыўшы хаду, Імчаўся з берага ў ваду (Відаць, усмаг). Напіўшыся, стаяў, крапіў хвастом бакі Аж на сярэдзіне ракі (Аслу было тут па калені). Філосаф зноў у задуменні: «Чаму ж мы дна ў рацэ не бачым? Даследуем і растлумачым: Таму мы ў ёй не бачым дна, Што ў вадаёме муць адна». Так іншы твор са зместам цьмяным Мы лічым ледзь не акіянам.