Выбрать главу
Дык вось, браткі, Калі такія свінюкі (А свінюкоў нямала ёсць па свеце) Ды завядуцца ў сельсавеце Ці ў кааператыве ў вас,— Ганіце вон, на мой адказ.

1926

Дзед i Баба

Ехаў Дзедка на кірмаш, З ім на возе — Баба. Конік з выгляду — дарма, Ды цягнуў ён слаба:
Меў не болей двух гадоў, Як суседзі кажуць. Баба ж тая — сем пудоў, Сама меней, важыць.
Пад узгорак або ў гразь — Конь насілу возьме. Стала Баба памагаць… Седзячы на возе.
Што ж, каню другі гадок. Дык яна — за білы Ды нагамі ў перадок Пхне, як мае сілы.
— Кінь, дурная, бо зганю! — Дзед тут Бабе кажа.— Ты паможаш так каню, Як хваробе кашаль.
— Ах ты, ёлупень стары! — Баба Дзеда лае.— Стой жа тут, хоць ты згары! Мне бяда малая.
Потым — гоп яна з калёс, Села ля дарогі, А каня як чорт панёс,— Дзе ўзяліся й ногі!
Ва ўстановах часам ёсць Вось такія ж «бабы»: Здэцца, й робяць яны штось, Але справы — слабы.
Ды такая не ўцячэ! Скажам ёй нарэшце: — Мо без вас было б лягчэй? Паспрабуйце злезці!

1925

Дэкрэт

— Здароў, Максім! Забыўся, брат, на нас зусім. Расказвай, што чуваць. — Браточак, не магу! — Ты мо сюды адпачываць? — Ды не, бягу! Я жду бяды з усіх бакоў. — А што з табою? Можа, не сакрэт? — Ды ў цэнтры (чуў мо?) выдалі дэкрэт — На мяса здаць усіх быкоў, Якім мінула дзесяць год. Пастой… Прысядзь ды вытры пот… Дык ты ж чаго падмазаў пяты? — А мне ўжо бачыш, дваццаць пяты, Дык страх такі напаў, не ведаю, дзе дзецца. — Не разумею я… То ты ж не бык, здаецца, I не ўцякаць табе я моцна буду раіць. — Яно то так, але ж — гады… Каб не нажыць якой бяды. Дзкрэты як у нас, часамі, разбіраюць? Не разбяруцца, зловяць — чык, Тады й даводзь, што ты не бык.

1928

Жаба ў каляіне

Пагода — проста нібы дым, У вёсцы рух, у вёсцы ўздым: Упарта кліча сенажаць. I ні старым, ні маладым Тут некалі ляжаць. Грабель мільганнем, звонам кос Трымцяць лілёвыя прасторы, I вось, нібы ў зялёным моры, Плыве бухматы воз. Далонню ўцёршы потны лоб, Як паміж рыфаў, паміж коп Лахматы капітан яго вядзе. Ён важнасць твару надае I, каб не стала, загадзе Сваёй адзінай «конскай сіле», Якая й так напружвае ўсё жылле, Ён пугай пары паддае. Яно хоць «сілы» троха й шкода, Ды некалі — стаіць пагода, Аж смагне, ныючы, асірацелы куст. А Жабе гэта не пад густ; I сонца горш цяпер пячэ, Скарэй і бусел напаткае, I як яна тут ні ўцякае, Як ні скача, У цень нікуды не ўцячэ. Ад крыўды Жаба ледзь не плача. А ўсё двухногі гэты госць З сваім вялізным возам! Апанавала Жабу злосць, I падказаў ёй жабін розум: «Ага, ну-ну! Ты пажыві яшчэ хвіліну,— Вось толькі сяду ў каляіну, Плячом пад кола таркану I к чорту воз перавярну. Тады — капут, і ты мяне не зловіш, Бо галаву, напэўна, зломіш». I — скок Жабоцька смела Ды ў каляіну села. Тут колам — хрась!.. I кроў і гразь… Пад кола, жаба, не падлазь.
Ці не такі ж і кожнай жабы лёс, Што пнецца на хаду кульнуць савецкі воз?

1927

Зубы

У Мамы зубы забалелі. (Каб вы такой прыемнасці не мелі.) За сківіцу ўхапіўшыся рукою, Не знойдзе месца сабе Маці Ні на дварэ, ні ў хаце I енчыць, ходзячы з пакою да пакою. Шчака ўзнялася, як гара, Аж проста зайздрасць бярэ Волю. I вось, скрывіўшыся, надзьмуўшы губкі, Яна таксама енчыць «з болю»: — Ой, мама, боля зубкі! (А Волі — года паўтара.)
Калі плаксівага я стрэну юнака-паэта, Дык мне заўсёды сцэнка гэта На памяць просіцца сама — Паэт нагадвае мне Волю: Ён стогне ад зубнога болю, А зубак то ў яго няма. Эх, дзівакі! Хай той ад болю вые, Ў каго ёсць карані гнілыя.