Выбрать главу

1964

Пажар

Нядрэнныя Брандмайстар вочы мае: Надоечы здалёк Убачыў ён дымок, А дыму ж без агню, напэўна, не бывае. — Пажар! Пажар! — сігнал трывожны.— Гарыць! Скарэй! Гарыць! I жвава рухаецца кожны З трывогай на твары. Гатова ўсё праз дзве хвіліны: Вяроўкі, бусакі, драбіны… Вось вынырнуў з агульнай кучы Начальніка шалом бліскучы. — За мной! Галопам — маррш! — Скамандаваў Брандмайстар наш. Абоз імчыцца па завулку, Грыміць, і трубіць, і звініць. Там дышлем цюкнулі бабульку, Там зад адціснулі свінні. Наперадзе насос, за ім жа бочкі тураць. Прыджгалі: — Стой! — Нарыхтаваўшы кішку, Пажарнікі збянтэжыліся крышку: — А дзе ж пажар? То ж дзядзька люльку курыць. — Табака добрая, чаму не пакурыць? Аднак было б там лаянкі багата, Ды толькі зноў — «Пажар! Гарыць!» …………………………………………….. На гэты раз Брандмайстарава хата. Ён, кажуць, праз дурную спешку Закінуў сам у стружкі галавешку.
Быў крытык мой адзін заўзяты, I ён цяпер сядзіць без хаты.

1929

Плывец-тэарэтык

Ён быў выдатны тэарэтык — Па спорту воднаму мастак, I што няправільна, не гэтак, А трэба правільна вось так, Заўсёды хораша тлумачыў Аматарам-плыўцам. Але як плавае ён сам, Таго ніхто не бачыў. Вось раз на ранішняй зарадцы У хвалях быстрае ракі Трэніраваліся спартсмены-юнакі, А ён стаяў на кладцы; Іх недахопы падмячаў, Як лепей плаваць, навучаў, Што значыць кроль, што значыць брас, Калі гаворка йдзе пра найвышэйшы клас, Як авалодаць батэрфляем, Якому мы увагі не ўдзяляем; Тлумачыў хлопцам без канца, Як правільна даваць нырца, Каб у глыбінях апынуцца, I як з глыбінь назад вярнуцца. Так доўга б ён чытаў яшчэ натацыі З уласнай дысертацыі, Ды, як на злосць, пачаў з ім нехта спрэчку. Наш майстар так расхваляваўся, Спрачаючыся з юнакамі, I так размахваць стаў рукамі, Што аж на кладцы не ўтрымаўся I… шабултых у рэчку. — Ну, ён цяпер пакажа клас! — Сказалі хлопцы ўраз.. Ды што за чорт! Чакаюць… Ждуць… Яго няма, а бурбалкі ідуць. Усплыў. Зяхнуў, Рукой махнуў, Як быццам развітаўся, I зноў на дно падаўся. Тут непярэліўкі, і хлопцы праз хвіліну Цягнулі майстра за чупрыну. А не было б тае бяды, Каб плаваць ён вучыў паводдаль ад вады.

1965

Вараны

Ў адной камуне ці арцелі, Дзе трактара яшчэ не мелі, Каб узараць-засеяць гоні, Было штук дваццаць коней — Натуры рознай усе чыста: Адзін — гуляка, той — гультай, а гэты — наравісты. Вось толькі быў там Вараны, Па думцы іншых — «конь дурны», Па-мойму ж проста — конь сумленны: Ён прыказку «Узяўся ты за гуж, Дык не кажы — не дуж» Заўсёды памятаў нядрэнна I прытварацца не хацеў. А дужы быў які! Аб Варанога сіле Легенды цэлыя хадзілі. Затое цэлы дзень ён быў у хамуце. Як толькі бедны Вараны Адчэпіцца ад бараны, Дык тут жа ў плуг яго ці ў воз, I не на ўме яму ні сена, ні авёс. Ён за гадоў так восем, штосьці, Зрабіўся — скура толькі й косці, Аж рэбры лёсткамі тарчаць. Другі ж, гуляючы, балуецца аўсом, Дык у яго і шыя калясом, I спіна круглая, і на крыжы раўчак. Не могучы жыцця такога знесці, Давай прасіцца Вараны нарэшце: «Не трэба, — кажа, — мне аўса, я буду рад і сену, А толькі дайце змену Ці невялічкую якую перадышку, Ну, хоць накрышку, Хоць на дзянёк, хоць на другі, Прашу я вашай ласкі». Яму адказваюць: «Таварыш дарагі! Вы забываеце пра вашы абавязкі: Чамусьці раптам на карысць арцелі Вы працаваць не захацелі. Забыліся, таварыш, дысцыпліну…» I зноў тут Вараны папружыў спіну, I зноў штодзень яму Без жалю плечы трэ хамут (Бо не ў зямлю ж жывому лезці). Але ён доўга не пажыў: Не выцерпеў нарэшце I… капытамі палажыў. Тады, сабраўшыся ўсе чыста, Так хораша, так урачыста Таварышы каняку пахавалі, Прамовамі, вянкамі I нават музыкай, здаецца, ўшанавалі. Але, гаворачы між намі, Карысці з гэтага для Варанога Было не надта многа: Калі ўжо шанаваць, дык трэ было жывога.