Выбрать главу

1950

Еш, дурань, бо то з макам

Была ў мяне калісьці цётка — Ну й добрая ж (хай лёгка ёй ікнецца)! У душу гатова ўлезці, здэцца: Вось так і клыпае, як тая кураводка,— Схаваць гатова пад крыло. Даўно ўжо гэта ўсё было, I цётку помню мала я, Але што цётухна Магрэта Была ў нас гаспадыня «ўдалая», Дык добра помню гэта. Калі ў яе часамі страва Выходзіла няўдала, Тады заўсёды яна справу Акрасай папраўляла. Пры гэтым гутаркі было там больш, як смаку: Насыпле канапель ці маку,— Якая, чорта, там яда!.. Бывала (веры ці дасце?), Ясі, а ў роце аж расце, Але ясі патом: адмовішся — бяда! Калі яна заўважвала, бывала, Што ем я не са смакам, Абавязкова трактавала: — Еш, дурань, бо то з макам!
Забыцца мне пра цётухну пара, Бо ўжо даўно яе аплакаў, Але ў жыцці я чуў яшчэ не раз: — Еш, дурань, бо то з макам!

1925

Заява

Другі, бывае, дабрадзей, Пашану страціўшы ў людзей, На тым часамі спаганяе, Што прозвішча мяняе. Не помню месяца і дня, Нядаўна нек адна свіння Свайму там старшыні ці «заву» Так накрамзоліла заяву: «Ад грамадзянкі вёскі Свінюхі, Хляўцоўскае акругі, Што перанесла здзекі пугі, Як панаваў пастух Трахім, Ад аблавухае свінні Каравай
Заява
Я, прылажыўшы ніжэй капыты, Заяўляю аб тым, Што з усёю сваёю раднёю Не хачу болей звацца Свіннёю. Бо „свіння“ і за лаянку часта ўжываецца, А мне гэта не падабаецца. Вось і прашу даць імя мне новае, Падмацаваўшы яго пастановаю, Каб не кожны хам Калоў вочы нам: I каб спагнаць заўсёды мела права я, Калі асмеліцца абразіць хто». I распісалася пярэднім правым капытом: «Свіння Каравая».
А старшыня той розум меў: — Завіся, — кажа, — ты хоць — леў, Аднак жа, як свінню ні кліч, Яе заўсёды выдасць лыч!

1925

Каршун i Цецярук

Не надта так даўно, не так далёка, А ў нашай жа рэспубліцы, пад бокам, У цёмным і густым бары Ды жыў Каршун стары. У мастакі Каршун палез I стаў хваліцца на ўвесь лес, Што ён — спявак вялікі. — Ах, ёлкі твае палкі! — Паміж сабою шэпчуць галкі. — Нашто хваліць праціўны голас дзікі? — Ён звар'яцеў пад старасць, небарак,— Ім патурае сіваграк, Але на вушка ўсё — баяцца ўслых: «Няхай ты, — думаюць, — згары!» Дый зразумела нам, бо той каршун стары Начальствам быў у іх, I ведалі даволі ўсе наўкола, Што хоць паганы меў ён голас, Ну дык затое ж кіпцюры! Вось перад ім і сталі гнуцца ў крук, Бо хто ж асмеліцца пярэчыць? Наадварот, — паслухайце, што кажа Цецярук: — Няма на свеце прыямнейшай рэчы, Як слухаць песні Каршуна. Выдатных спевакоў мне чуць не першыня. Прыходзілася чуць, напрыклад, Салаўя,— I аб якой тут кажуць прыгажосці, Не разумею проста я, Хоць ты мяне зарэж, Набраўся толькі, слухаючы, злосці: Цырыкае, пішчыць, а што — не разбярэш, Як і не наш ён усё роўна. Вось Шпак Дык трохі ўжо не так; Зусім нішто спявае Грак, А паважаная Варона Мацней за іх за двух. Але найлепш за ўсіх — шаноўны старшыня.
За што ж бы Цецярук хваліў так Каршуна? Перш-наперш, ён быў глух, Чаго б нікому я не зычыў, А па-другое, Каршуну Дык ён тут проста… ну… Каля хваста казыча, У Каршуна каб быць у ласцы. Яму, напэўна, гэта ўдасца, Бо шмат здарэнняў і падзей Такіх я бачыў між людзей.

1926

Кувада

Карова целіцца, а ў быка зад баліць.

Народная прыказка
Паміж балот Мазырскага Палесся, Дзе шчэ не так даўно «лясун гайсаў па лесе» Ды забабоны плавалі на чоўне, Дзе звычаяў дагістарычных схоўня Была аж да часоў савецкае улады,— Там знойдзен выпадак кувады. Расказваюць пра гэта нашы краязнаўцы: Бывала там, калі раджаць Жанчыне давядзецца, Дык Чалавек яе кладзецца Таксама з ёй на лаўцы. Ён хоча працу падзяліць. Ён хоча аблягчыць пакуты, Дык і жывот яго баліць, I схваткі штомінуты. Свой абавязак маткі ціха Выконвае Жанчына-парадзіха, Хоць і цярпіць вялізарныя мукі, А ён, «няшчасны», ломіць рукі. Калі глядзець — сапраўды Дзядзьку крута: То скурчыцца, то выцягнецца прутам Ды пачынае лбом аб сцену біцца. Крычыць: — Бабулечка, — жывот! Зязюлька, — паясніца! Аж з твару зменіцца і з голасу спадзе, Пакуль малое Жонка прывядзе.