Цяпер варта даць некаторыя тлумачэнні да таго, што адбылося. Надышоў час загаварыць пра каханне.
Міс Амелія кахала кузена Лаймэна. Гэта было відаць кожнаму. Яны жылі ў адным доме і ўсюды былі разам. Такім чынам, на думку місіс Мак-Фэйл, гэтай пляткаркі з гузаватым носам, што ўвесь час соўгалася разам з крэслам каля вокнаў з аднаго канца пакоя ў другі (ды і не толькі яе), гэтая пара жыла ў граху. Калі яны і былі сваякамі, дык толькі траюраднымі, ды і тое віламі па вадзе пісана. Ну, так, міс Амелія была вялікая баба ростам больш за шэсць футаў, а Лаймэн — маленькі, нямоглы гарбун, што ледзь даставаў ёй да пояса. Што ж, тым лепш для місіс Мак-Фэйл і яе прыяцелек, бо іх хлебам не кармі, а дай папляткарыць наконт якога-небудзь мезальянсу. Ну, і няхай сабе! Добрыя людзі лічылі, што калі гэтым дваім соладка разам, дык гэта датычыцца толькі іх ды самога бога. Наконт адкрыцця місіс Мак-Фэйл у разумных людзей склалася аднолькавая думка. Дык якое ж гэта было каханне?
Па-першае, трэба адзначыць, што, хоць у каханні ўдзельнічаюць двое, гэта не азначае, што ў кожнага з іх аднолькавы ўдзел. Бо адзін — гэта той, хто кахае, а другі — той, каго кахаюць, і ў гэтым яны нібы чужаземцы. Часам каханы — толькі стымул для вызвалення плыні кахання, што на працягу многіх гадоў спакваля збіралася ў сэрцы. I той, хто кахае, ведае гэта. Ён сэрцам разумее нераздзеленасць свайго пачуцця. Яму даводзіцца спазнаць невядомае раней, дзіўнае пачуццё адзіноты, і гэта прычыняе шмат пакут. Такім чынам, яму застаецца толькі адно. Трымаць сваё каханне ў сэрцы, наколькі гэта магчыма, стварыць у сабе цэлы новы ўнутраны свет — трывожны, дзіўны і замкнёны. Трэба дадаць, што гэты закаханы — не абавязкова юнак, што збірае грошы на заручальны пярсцёнак — гэта можа быць і мужчына, і жанчына, і дзіця, адным словам, любая чалавечая істота на гэтай зямлі.
Гэтаксама і каханым можа быць невядома хто... Аб’ектам кахання могуць быць самыя нечаканыя людзі. Мужчына ў пажылым веку, маючы ўжо праўнукаў, можа захоўваць сваё адзінае каханне — да незнаёмай дзяўчыны, якую ён убачыў аднойчы надвячоркам, два дзесяцігоддзі назад, на вуліцы ў Чыха. Прапаведнік можа закахацца ў распусную дзяўчыну. Каханы можа быць здрадлівы, неахайны і распусны. I закаханаму гэта можа быць вядома не горш за іншых, але гэта ні на кроплю не ўплывае на яго каханне. Самая звычайная асоба можа выклікаць каханне, шалёнае, экстравагантнае і прыгожае, як атрутная балотная лілея. Прыстойны чалавек робіцца аб’ектам кахання, адначасова шалёнага і зневажальнага, а закаханасць у мітуслівага вар’ята можа даць закаханаму сэрцу мір і спакой. Вось таму глыбіню кахання можа вызначыць толькі сам закаханы.
З гэтай прычыны большасць з нас лічыць за лепшае кахаць, чым быць каханымі. Амаль кожны хоча быць закаханым. I, калі гаварыць шчыра, у глыбіні душы многія лічаць ролю каханага нясцерпнай. Каханыя баяцца і ненавідзяць закаханых, і не без падстаў. Бо закаханыя заўсёды імкнуцца абяззброіць каханых. Закаханыя выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб завязаць адносіны з каханымі, нават калі ў выніку выклікаюць толькі боль.
Тут ужо гаварылася, што міс Амелія калісьці была замужам. I цяпер, відаць, варта расказаць падрабязна пра гэты эпізод. Не трэба забывацца, што гэта здарылася даўно і гэта быў адзіны выпадак у жыцці міс Амеліі да таго, як з’явіўся гарбун, калі яна сутыкнулася з гэтай з’явай — каханнем.
Горад быў такі ж самы, як і цяпер, толькі на галоўнай вуліцы былі не тры крамы, а дзве, а персікавыя дрэвы былі ніжэйшыя і яшчэ крывейшыя. Міс Амеліі было тады дзевятнаццаць гадоў, а бацькі яе ўжо даўно памерлі. У той час у горадзе жыў механік па прозвішчы Марвін Мэйсі. Ён быў брат Генры Мэйсі, але вам нават у галаву не прыйшло б, што яны сваякі. Марвін Мэйсі быў першы прыгажун у акрузе — высокі, дужы, кучаравы, з нетаропкім паглядам шэрых вачэй. Жыў ён заможна, добра зарабляў і меў залаты гадзіннік з адкідным вечкам і малюнкам вадаспада ўсярэдзіне. Знешне Марвін Мэйсі здаваўся шчасліўчыкам: яму ні перад кім не трэба было шапку здымаць, ён заўсёды атрымліваў тое, што хацеў. Але на больш сур’ёзны і ўважлівы погляд, Марвіну Мэйсі зайздросціць не было чаго, бо чалавек ён быў благі. У цэлай акрузе нельга было знайсці хлопца з горшай рэпутацыяй. Яшчэ падлеткам ён брытвай зарэзаў у бойцы чалавека і потым доўга насіў з сабой яго высушанае засоленае вуха. Ён лавіў у лесе вавёрак і проста так, дзеля забавы, адсякаў ім хвасты, а ў левай кішэні штаноў у яго заўсёды была забароненая марыхуана спакушаць тых, каго скруцілі няўдачы і хто быў на краі гібелі. Але нягледзячы на такую рэпутацыю яго любілі многія жанчыны і нават дзяўчаты — чысценькія, гладка прычасаныя дзяўчаткі з лагоднымі вочкамі, добрымі манерамі і прыгожанькімі задкамі. Гэтых цнатлівых ён даводзіў да распусты і ганьбы. Нарэшце, ва ўзросце дваццаці двух гадоў, Марвін Мэйсі нацэліўся на міс Амелію. Яго вабіла гэта няўклюдная адзінотніца з косымі вачамі. I прычынай былі не грошы, а толькі каханне.