Выбрать главу

Нарэшце ён выкінуў зусім бязглуздую штуку: залез ноччу праз акно ў краму і праседзеў там да раніцы ў цемры немаведама чаго, пакуль міс Амелія не сышла ўніз. Яна адразу падалася ў суд, збіраючыся дамагчыся арышту Марвіна Мэйсі за парушэнне межаў прыватнай маёмасці. У той жа дзень Марвін Мэйсі непрыкметна знік з горада. Перад тым як адысці ў невядомым накірунку, ён падсунуў пад дзверы міс Амеліі дзіўнае пасланне, напісанае напалову алоўкам, напалову чарнілам. Гэта было гарачае любоўнае пасланне, але ў ім былі і пагрозы, і абяцанне паквітацца з ёю. Іх шлюб працягваўся дзесяць дзён. А жыхароў горада ахапіла тое пачуццё задаволенасці, якое ўзнікае ў людзей, калі хто-небудзь на іх вачах трапляе ў скандальную і страшную гісторыю.

Міс Амеліі засталася ўся маёмасць Марвіна Мэйсі: яго лес, залаты гадзіннік, усе яго рэчы. Але для яе яны былі, відаць, мала чаго вартыя, бо ў тую ж вясну яна парэзала яго куклукскланаўскі каўпак, каб накрыць саджанцы тытуню. Такім чынам, усё, што зрабіў Марвін Мэйсі, дык гэта памножыў багацце міс Амеліі і падараваў ёй сваё каханне. Але дзіўная справа: яна ўспамінала яго заўсёды са злосцю і лютай нянавісцю. Калі заходзіла гаворка пра Марвіна Мэйсі, яна ніколі не называла яго імя, а толькі пагардліва гаварыла: «Ды той механік, за якога я выходзіла замуж».

I потым, калі да горада дайшлі жахлівыя чуткі пра Марвіна Мэйсі, міс Амелія была вельмі задаволеная, бо, вызваліўшыся ад свайго кахання, Марвін Мэйсі нарэшце паказаў свой сапраўдны характар. Ён зрабіўся злачынцам: яго фатаграфія і прозвішча з’яўляліся ва ўсіх газетах штата. Узброены абрэзам, ён абрабаваў тры бензакалонкі і зрабіў налёт на магазін фірмы «Эй-энд-пі» ў Сасаеці-Сіці. Яго падазравалі ў забойстве Вузкавокага Сэма, вядомага налётчыка.

Усе гэтыя злачынствы былі звязаны з Марвінам Мэйсі, і гэта жахлівае імя было вядома ўсюды. Нарэшце яго злавілі, знайшлі п’янага на падлозе ў начлежніцы для турыстаў. Побач ляжала яго гітара, а ў правым чаравіку знайшлі пяцьдзесят сем долараў. Яго судзілі, прыгаварылі да зняволення і пасадзілі ў турму недзе недалёка ад Атланты. Міс Амелія была вельмі задаволеная.

Ну, дык вось, усё гэта здарылася даўно, і вам цяпер вядома гісторыя замужжа міс Амеліі. Жыхары горада яшчэ доўга смяяліся з гэтай недарэчнай падзеі. Але хоць знешне ўсё гэта было сумна і недарэчна, не трэба забывацца, што сапраўдныя падзеі адбываюцца ў душы закаханага. Таму хто, як не гасподзь бог, можа быць сапраўдным суддзёй гэтага альбо іншага кахання? У першы ж вечар, калі адчынілі кафэ, знайшліся людзі, што раптам успомнілі пра бедалагу мужа, які мучыцца ў змрочнай турме за многія мілі ад свайго горада. I потым, калі мінуў ужо не адзін год, пра Марвіна Мэйсі ў горадзе не забыліся. I хоць яго імя ніколі не згадвалі пры міс Амеліі альбо гарбуне, успаміны пра яго палкае каханне, пра яго злачынствы, а таксама думка пра тое, што якраз цяпер ён сядзіць за кратамі ў турме, кідала трывожны водсвет на шчаслівае каханне міс Амеліі і атмасферу весялосці, што панавала ў кафэ. Таму не забывайцеся пра Марвіна Мэйсі, бо яму яшчэ давядзецца адыграць жудасную ролю ва ўсёй гэтай гісторыі.

За чатыры гады, што мінулі з таго часу, як крама ператварылася ў кафэ, у пакоях на другім паверсе нічога не змянілася. Гэтая частка дома заставалася нязменнай на працягу ўсяго жыцця міс Амеліі, яе бацькі і, відаць, дзеда. Усе тры пакоі, як ужо гаварылася, заўсёды былі бездакорна чыстыя. Кожная дробязь там ляжала на сваім месцы, але штораніцы ўсё чысцілася і шаравалася Джэф — служанкай міс Амеліі. Пакой ад вуліцы належаў кузену Лаймэну — той самы пакой, у якім Марвін Мэйсі правёў некалькі начэй, калі яго яшчэ пускалі ў дом, а яшчэ раней тут была спальня бацькі міс Амеліі. Тут стаяла вялікая шафа, камода, накрытая вышытым па краях белым абрусам, і стол з мармуровым верхам. Ложак быў велізарны — старасвецкае збудаванне з чырвонага дрэва, аздобленае разьбой. На ім пад полагам ляжалі дзве пярыны, валікі і мноства самаробных падушачак. Ложак быў такі высокі, што да яго была зроблена спецыяльная лесвічка з дзвюх прыступак. Ніхто, праўда, раней не карыстаўся гэтай лесвічкай, а вось кузен Лаймэн кожны вечар выцягваў яе і важна падымаўся па прыступках. Побач з лесвіцай, толькі схаваны ад цікаўных вачэй, стаяў гаршчок, размаляваны бледнымі ружамі. Цёмная падлога заўсёды шаравалася да бляску. Дываноў не было, а на вокнах віселі фіранкі, таксама аздобленыя вышыўкай па краях. Па другі бок залы была спальня міс Амеліі. Яна была меншая на велічыню і сціпла абстаўленая. Тут стаяў вузкі, зроблены з сасновых дошак ложак, была таксама камода, куды міс Амелія клала свае кашулі і брыджы, а таксама выхадную сукенку, а на боты яна забівала два цвікі ў сценку кладоўкі. У пакоі не было ні дываноў, ні фіранак, ні якіх-небудзь упрыгожанняў.