Выбрать главу

Паміж спальнямі была прасторная, з шыкам абстаўленая зала. Перад камінам стаяла сафа з чырвонага дрэва, абабітая ўжо добра выцертым зялёным шоўкам. Столікі з мармуровым верхам, дзве швейныя машыны фірмы «Зінгер», вялікая ваза з пампаснай травой — усё было велічнае і раскошнае. Галоўным прадметам у абстаноўцы ўсё ж быў сервант, у якім захоўваліся розныя каштоўнасці і проста сувеніры. Міс Амелія дадала да гэтай калекцыі дзве рэчы: вялікі жолуд чорнага дуба і аксамітавую скрыначку з двума каменьчыкамі шэрага колеру. Часам, калі міс Амелія была не вельмі занятая, яна даставала скрыначку з серванта, падыходзіла да акна, трымаючы на далоні каменьчыкі, і доўга разглядала іх з павагай, захапленнем і страхам. Гэта былі камяні з нырак міс Амеліі. Іх дастаў адтуль хірург у час аперацыі, якую ёй зрабілі ў Чыха некалькі год назад. Уражанне ад яе было вельмі непрыемнае з першай да апошняй мінуты. А ў выніку яна атрымала вось гэтыя два каменьчыкі. Так што ёй заставалася альбо ставіцца да іх як да вялікай каштоўнасці, альбо прызнацца, што яе напаткалі страшэнныя выдаткі. Дык вось, яна захавала іх і на другі год жыцця з Лаймэнам падаравала яму ланцужок да гадзінніка, упрыгожаны гэтымі каменьчыкамі. Другім экспанатам, які яна ўключыла ў калекцыю — вялікім жолудам — яна таксама вельмі даражыла, але, калі глядзела на яго, заўсёды рабілася сумная і нейкая разгубленая.

— Амелія, што гэта за жолуд? — спытаўся ў яе аднойчы Лаймэн.

— Звычайны жолуд,— адказала тая.— Я падабрала яго ў той дзень, калі памёр тата.

— Як гэта? — працягваў дапытвацца Лаймэн.

— Вось так. Проста ўбачыла на зямлі жолуд, падабрала і палажыла ў кішэню. Нават не ведаю чаму.

— Што за патрэба трымаць яго ў серванце? — здзівіўся Лаймэн.

Шмат аб чым гаварылі міс Амелія і кузен Лаймэн, седзячы ў зале на досвітку, калі гарбуна не браў сон. Міс Амелія была жанчына маўклівая і не малаціла языком пра ўсё, што прыходзіла ёй у галаву. Але былі тэмы, на якія яна любіла пагаварыць. Усе яны вылучаліся адным — былі невычэрпныя. Яна любіла паразважаць наконт праблем, што маглі заставацца нявырашанымі дзесяцігоддзі. Лаймэн жа быў гатовы гаварыць на любую тэму — другога такога балбатуна цяжка было знайсці. Іх манера весці гутарку была зусім розная. Міс Амелію цікавілі глабальныя ідэі, якія яна магла абмяркоўваць бясконца, гаворачы ціха і задуменна, а Лаймэн раз-пораз перабіваў яе, нібы тая сарока, чапляючыся за якую-небудзь падрабязнасць, якая магла быць хоць і нязначнай, але затое канкрэтнай і звязанай з рэальнасцю. Міс Амелія, у прыватнасці, любіла пагаварыць пра зоркі, пра тое, чаму негры чорныя, чым лепш лячыцца ад рака і аб розных такіх рэчах. Яшчэ адной невычэрпнай тэмай, дарагой сэрцу міс Амеліі, быў яе бацька.

— Эх, Ло,— гаварыла яна Лаймэну,— але ж і спала я тады! Клалася, як толькі запальвалі лямпу, і засынала, нібы танула ў цёплай каламазі. А раніцай прыходзіў тата, кратаў мяне за плячо і гаварыў: «Прачніся, Малая!» Потым ішоў у кухню і, падпаліўшы ў пліце, крычаў адтуль: «Смажаная кукуруза! Свініна з падліўкай! Яечня з салам!» I я бегла па лесвіцы ўніз і адзявалася каля гарачай пліты, а тата ішоў на двор мыцца. Потым мы ішлі на балота гнаць самагон, а можа...

— Кукуруза была сёння недасмажаная,— гаварыў Лаймэн.— Мала трымалі на агні, таму ўсярэдзіне нават не прагрэлася.

— I вось, бывала, калі тата нагоніць гарэлкі...— і гутарка цягнулася бясконца. Міс Амелія звычайна сядзела, выцягнуўшы ногі да каміна, у якім і зімой і летам гарэў агонь, бо Лаймэн быў мярзляк. Захутаны ў коўдру ці зялёную баваўняную хустку, ён сядзеў насупраць міс Амеліі, не зусім дастаючы нагамі да падлогі. Міс Амелія гаварыла пра свайго бацьку толькі з ім і больш ні з кім.

Гэта была адна з праяў яе кахання да Лаймэна. Яна давярала яму ў самых далікатных і важных пытаннях. Ён адзін ведаў, дзе схаваны план, на якім паказана, дзе закапаны бочкі з віскі. Ён адзін меў доступ да яе чэкавай кніжкі і ключа ад серванта. Ён браў грошы з касы поўнымі жменямі і задаволена слухаў, як яны потым звінелі ў кішэнях. Яму належала амаль усё, што было ў доме, бо, калі ён быў не ў гуморы, міс Амелія перакопвала ўсё ў доме, шукаючы што-небудзь яму ў падарунак; у выніку знайсці якую-небудзь рэч у доме, каб зрабіць прэзент, было ўжо немагчыма. Вось толькі ўспамінамі пра сваё дзесяцідзённае замужжа яна дзяліцца не хацела. Ніколі яны не гаварылі і пра Марвіна Мэйсі.