I вось прайшло шэсць нетаропкіх гадоў з таго часу, як аднойчы суботнім вечарам у горадзе з’явіўся кузен Лаймэн. Быў жнівень, і над горадам увесь дзень палала неба, падобнае на вогненны купал. Але ўжо набліжаўся надвячорак з яго зеленаватым змрокам і жаданым пасля спёкі халадком. Зямля была засланая тоўстым пластом сухога залацістага пылу, і амаль голыя дзеці, што бегалі па вуліцах, часта чхалі, пацелі і капрызілі. Фабрыка спыніла работу апоўдні. На прыступках кожнага дома на галоўнай вуліцы адпачывалі людзі, жанчыны абмахваліся пальмавымі веерамі. На доме міс Амеліі вісела шыльда: кафэ. З другога боку дома, на верандзе, схаванай ад спёкі рашэцістымі вокнамі, Лаймэн круціў ручку марожаніцы. Раз-пораз адграбаў убок соль і лёд, здымаў накрыўку, каб лізнуць марожанага і наогул паглядзець, што там робіцца. Джэф завіхалася на кухні. Яшчэ раніцай міс Амелія павесіла над ганкам, што ад вуліцы, аб’яву, на якой было напісана: «Сёння на абед кураціна па дваццаць цэнтаў». Кафэ ўжо адчынілі, і міс Амелія толькі што скончыла сваю работу ў канторы. Усе восем сталоў былі ўжо занятыя, брынкала механічнае піяніна.
У куце каля дзвярэй за сталом сядзеў Генры Мэйсі з маленькім хлопчыкам. Ён піў гарэлку, што было само па сабе нязвыкла — ён хутка п’янеў і пачынаў плакаць ці смяяцца. Твар яго быў белы, левае вока нервова паторгвалася, што здаралася кожны раз, калі ён быў усхваляваны. Зайшоўшы ў кафэ, ён не азваўся на прывітанні, прайшоў бокам у кут і моўчкі сеў за стол. Хлопчык, што сядзеў побач з ім,— сын Хорэйса Уэлса — хварэў, і яго яшчэ раніцай прывялі да міс Амеліі.
Міс Амелія выйшла з канторы ў добрым настроі. Яна пайшла ў кухню і, вырашыўшы там некалькі дробных спраў, вярнулася ў кафэ з курынай гузкай у руцэ — яе любімай курынай часткай. Яна агледзела залу, упэўнілася, што ўсё ў парадку, і пайшла ў кут, дзе сядзеў Генры Мэйсі. Яна павярнула крэсла, села на яго верхам — да вячэры было яшчэ далёка, і ёй проста хацелася тут пасядзець. З задняй кішэні яе камбінезона тырчэла бутэлька Гаючай вады — лякарства, якое яна гатавала з віскі, ледзянцоў і яшчэ аднаго невядомага кампанента. Міс Амелія адкаркавала бутэльку і паднесла да вуснаў хлопчыка. Потым павярнулася да Генры Мэйсі і, убачыўшы, як паторгваецца яго павека, спыталася:
— Што з табой?
Генры Мэйсі быў ужо гатовы паведаміць нешта непрыемнае, але, паглядзеўшы доўгім позіркам у вочы міс Амеліі, праглынуў сліну і змаўчаў.
Тады міс Амелія зноў занялася сваім пацыентам. Хлопчык ледзь даставаў падбародкам да стала. Твар яго гарэў, вочы былі амаль заплюшчаныя, а рот крыху разяўлены. У хлопчыка быў нарыў на назе, і яго прывялі да міс Амеліі, каб яна разрэзала гэты нарыў. Але да маленькіх пацыентаў у яе быў асаблівы падыход. Ёй не хацелася, каб дзіця плакала, крычала, вырывалася. Таму яна пакінула хлопчыка на цэлы дзень, давала яму лакрыцу і часта давала піць Гаючую ваду, а пад вечар завязала яму на шыі сурвэтку і накарміла абедам. Цяпер хлопчык сядзеў за сталом насупраць міс Амеліі. Ён паволі ківаў галавой, цяжка дыхаў і ціхенька стагнаў.
У кафэ нехта зайшоў. Міс Амелія хутка павярнулася. Гэта быў Лаймэн. Кожны вечар ён урачыста і велічна заходзіў у кафэ. Дайшоўшы да залы, ён спыняўся і ўважліва аглядаў прысутных, ацэньваючы людзей, што сядзелі за сталамі, і вызначаючы, які тут пануе настрой. Лаймэн быў вялікі інтрыган. Ён радаваўся любому скандалу і, не сказаўшы ні слова, надзіва спрытна мог падбухторыць аднаго чалавека супраць другога. Гэта праз яго браты-блізняты Рэйні пасварыліся з-за складанага нажа і вось ужо два гады не размаўлялі адзін з адным. Калі Рып Уэлбарн біўся з Робертам Калвертам Хэйлам, гарбун быў тут як тут і за ўсе гэтыя шэсць гадоў не прапусціў ніводнай бойкі. Ён усюды торкаў свой нос, ведаў самыя інтымныя падрабязнасці пра людзей і часта злоўжываў гэтым. Але, як ні дзіўна, нягледзячы на ўсё гэта, менавіта гарбуну кафэ было абавязана сваёй папулярнасцю. Без яго было б сумна. Кожны раз, калі гэты назола з’яўляўся ў кафэ, усе насцярожваліся: нельга было ведаць, якое ліха зараз зваліцца на галаву, што здарыцца праз хвіліну.
Ніколі людзі не адчуваюць сябе так вольна і не бываюць настолькі схільныя да безразважнай весялосці, як у прадчуванні якога-небудаь узрушэння ці катастрофы. I вось цяпер, калі ў дзвярах кафэ з’явіўся гарбун, адразу гучней пайшлі размовы, забабахкалі коркі бутэлек.
Лаймэн памахаў рукой, вітаючы Стампі Мак-Фэйла, які сядзеў побач з Мэрлі Раенам і Генры Фордам Крымпам.