— Сёння хадзіў на Гнілое лавіць рыбу,— паведаміў ён.— Па дарозе хацеў пераступіць паваленае дрэва. Падымаю нагу і бачу — кратаецца! Прыглядаюся — кракадзіл! Як ад дзвярэй да кухні, і тоўсты, як кабан!
Гарбун малоў языком бесперапынку. На яго паглядалі, некаторыя ўслухоўваліся ў яго байкі, іншыя ж прапускалі балбатню міма вушэй. Часам, здаралася, ён за вечар і слова праўды не сказаў, а толькі плёў усялякую лухту ды хваліўся. Так было і гэты раз. З раніцы ў яго балела горла, цэлы дзень ён праляжаў у ложку і ўстаў толькі пад вечар, каб пакруціць марожаніцу. Усе гэта ведалі, тым не менш, стоячы ў цэнтры залы, ён вёрз такую лухту і так выхваляўся, што вушы вялі.
Міс Амелія пазірала на яго, засунуўшы рукі ў кішэні і схіліўшы галаву набок. Яе косыя шэрыя вочы мякка зіхацелі, і яна ледзь прыкметна ўсміхалася сама сабе. Часам яна пераводзіла позірк на іншых прысутных, і тады ў яе вачах бачыўся гонар і нават пагроза, як бы папярэджанне кожнаму, хто паспрабуе лавіць Лаймэна на хлусні. Джэф прыносіла з кухні стравы, загадзя раскладзеныя па талерках, новенькія вентылятары прыемна халадзілі паветра.
— Заснуў, жэўжык,— прамовіў нарэшце Генры Мэйсі.
Міс Амелія перавяла позірк на свайго малога пацыента і засяроджана нахмурыла твар. Глава хлопчыка ляжала на стале, і ў кутку рота былі відаць бурбалкі ці то ад сліны, ці то Гаючай вады. Павекі былі апушчаныя, а ў кутках вачэй поўзалі мурашкі. Міс Амелія паклала руку на галаву хлопчыку і моцна яе патрэсла, але хворы так і не прачнуўся. Тады міс Амелія ўзяла яго на рукі і, стараючыся не датыкацца да балючага месца, панесла ў кантору. Генры Мэйсі пайшоў за ёй і зачыніў за сабой дзверы.
У той вечар Лаймэну было сумна. Нічога цікавага не адбывалася, а наведвальнікі кафэ, нягледзячы на спёку, былі ў добрым настроі. За сталом у цэнтры сядзелі абняўшыся Генры Форд Крымп і Харэйс Уэлс і рагаталі з нейкай доўгай смешнай гісторыі, але калі Лаймэн падышоў да іх, аказалася, што галоўнае ў гэтай гісторыі ён ужо прапусціў. За вокнамі месяц серабрыў пыл на дарозе і застылыя ў нерухомым паветры карлікавыя персікавыя дрэўцы. Аднастайнае гудзенне маскітаў здавалася рэхам начной цішыні. У горадзе было цёмна, і толькі ў канцы вуліцы, на правым яе баку, мігцела лямпа. Аднекуль з цемры далятаў высокі жаночы голас, які спяваў адну і тую немудрагелістую песню без канца і пачатку, мелодыя якой складалася з трох нот і паўтаралася зноў і зноў. Гарбун выйшаў на ганак і, абапёршыся аб парэнчу, стаяў там, углядаючыся ў пустэльную дарогу, быццам спадзеючыся ўбачыць на ёй хоць каго-небудзь.
За яго спіной пачуўся голас:
— Вячэра на стале, кузен.
— У мяне нешта прапаў апетыт,— адазваўся гарбун, які цэлы дзень ласаваўся салодкімі прысмакамі.— Кісла ў роце.
— Ну, трошачкі,— сказала міс Амелія.— Грудку, пячонку і сэрца.
Яны разам вярнуліся ў ярка асветленую залу кафэ і селі побач з Генры Мэйсі. Гэта быў самы вялікі стол у кафэ; на ім у бутэльцы з-пад кока-колы стаяў букет балотных лілей. Міс Амелія ўдала надрэзала хлопчыку нарыў і была задаволеная аперацыяй. За зачыненымі дзвярамі пачулася толькі хныканне праз сон: хлопчык нават не прачнуўся і таму не напалохаўся. Бацька ўзяў яго на рукі і панёс дадому; хлопчык моцна спаў, яго пухлявы тварык паружавеў, ручкі боўталіся за бацькавай спіной.
Генры Мэйсі, як і раней, сядзеў моўчкі. Ён акуратна еў, глытаў ежу нячутна, і яго сціплы апетыт нельга было нават параўнаць з пражэрлівасцю Лаймэна, які толькі што адмаўляўся ад яды, а цяпер умінаў адну порцыю за другой. Часам Генры Мэйсі паглядаў на міс Амелію, а потым зноў апускаў галаву.
Быў звычайны суботні вечар. Немаладая пара, якая прыехала з вёскі, спынілася на парозе, нейкі часпавагалася, а потым усё-такі зайшла ў кафэ. Гэтыя двое так доўга жылі разам, што зрабіліся падобныя, нібыта блізняты. Твары іх пацямнелі ад сонца і зморшчыліся, і абое яны былі падобныя на два земляныя арэхі. Доўга ў кафэ яны не прабылі, ды і астатнія наведвальнікі пайшлі дадому яшчэ да паўночы. Толькі Росер Клайн і Мэрлі Ранен усё яшчэ гулялі ў шашкі ды за адным сталом сядзеў з бутэлькай Стампі Мак-Фэйл (жонка не дазваляла яму піць гарэлку дома) і лагодна гаварыў сам з сабой. Не пайшоў з кафэ і Генры Мэйсі, хоць звычайна з надыходам цемры ён ішоў дадому спаць. Амеліі хацелася спаць, і яна пазяхнула, але Лаймэн усё не супакойваўся, і яна не прапанавала зачыніць кафэ на ноч.
Нарэшце каля гадзіны ночы Генры Мэйсі паглядзеў на столь і ціха сказаў міс Амеліі:
— Я сёння атрымаў ліст.
На міс Амелію гэта не зрабіла ніякага ўражання, бо яна сама атрымлівала самыя розныя дзелавыя лісты і рэкламныя каталогі.