Нарэшце надышлі першыя халады. Прачнуўшыся аднойчы раніцай, міс Амелія ўбачыла, што шыбы — усе ў белых узорах, а трава ў двары серабрыцца ад інею. Міс Амелія распаліла агонь у пліце і выйшла з дому, каб даведацца, якое будзе надвор’е. Было холадна, у паветры адчуваўся мароз, бледна-зялёнае неба было празрыстае. Хутка ў двор пацягнуліся людзі з гарадскіх ваколіц, каб даведацца, якая думка міс Амеліі наконт надвор’я. Міс Амелія вырашыла закалоць самага вялікага кабана, і чутка пра гэта абляцела ўсю акругу. Кабана закалолі і ў двары расклалі вогнішча з дубовых паленаў. Запахла дымам і цёплай свіной крывёю. Зімовае паветра поўнілася тупатам ног і галасамі. Міс Амелія ўвесь гэты час упраўлялася ў двары, і хутка большая частка работы была скончана.
У той дзень у яе была яшчэ нейкая справа ў Чыха, і таму, упэўніўшыся, што ўсё ідзе як мае быць, яна завяла ручкай машыну і сабралася ехаць. Яна прапанавала Лаймэну ехаць разам з ёй, правільней кажучы, яна сем разоў прасіла яго паехаць, але гарбуну цікавей была мітусня ў двары, і ён захацеў застацца дома.
Гэта, зразумела, было крыўдна для міс Амеліі, бо ёй заўсёды хацелася, каб ён быў побач, і яе заўсёды цягнула дадому, калі даводзілася ехаць куды-небудзь адной. Але калі ён адмовіўся сёмы раз, яна перастала яго ўгаворваць. Перад тым як паехаць, міс Амелія ўзяла палку і правяла круг вакол вогнішча, адступіўшы два футы ад краю, і забараніла яму пераступаць гэту мяжу. Яна паехала пасля абеду і мелася вярнуцца завідна.
Трэба сказаць, што праз горад даволі часта праязджаюць легкавыя і грузавыя аўтамабілі па дарозе ў Чыха ці з Чыха. Кожны год прыязджае зборшчык падаткаў і сварыцца з багатымі гараджанамі, такімі, як міс Амелія. I калі каму-небудзь з жыхароў горада, скажам, Мэрлі Раену, прыйдзе ў галаву думка, што ён можа купіць аўтамабіль у крэдыт ці, заплаціўшы тры долары, узяць у растэрміноўку мадэрновы халадзільнік, накшталт таго, што выстаўлены ў вітрыне магазіна ў Чыха, адразу ж з’явіцца агент і пачне дакучаць рознымі пытаннямі, вынюхваючы ўсе яго праблемы, а ў выніку разаб’е ўшчэнт усе яго надзеі. Пасля таго як пачаліся работы на фокс-фолскай шашы, па горадзе часта праязджаюць машыны з вязнямі. Часта вадзіцелі машын пачынаюць блудзіць і спыняюцца, каб спытаць дарогу. Таму не было нічога незвычайнага ў тым, што ў той дзень папаўдні ў горад, мінуўшы фабрыку, заехаў грузавік і спыніўся пасярод дарогі каля кафэ міс Амеліі. З кузава выскачыў чалавек, і грузавік паехаў далей.
Чалавек спыніўся пасярод вуліцы і агледзеўся. Гэта быў высокі мужчына з цёмнымі кучаравымі валасамі і нетаропкім позіркам блакітных вачэй. Яго яркія вусны крывіліся ў лянівай усмешцы самахвала. На ім была чырвоная кашуля і шырокі скураны рэмень з узорамі. У руках мужчына трымаў бляшаны чамаданчык і гітару. Першы прыезджага ўбачыўЛаймэн, які пачуў, што на вуліцы спынілася машына, і пайшоў паглядзець, хто прыехаў. Гарбун высунуў галаву з-за вугла, але на ганак пакуль што не выходзіў. Нейкі час ён і незнаёмы пазіралі адзін на аднаго, але не так, як гэта робяць незнаёмыя людзі, што сустрэліся першы раз і на хаду ацэньваюць адзін аднаго. Тое, што адбывалася, было падобна на сустрэчу двух крымінальнікаў, якія пазналі адзін аднаго. Нарэшце чалавек у чырвонай кашулі паціснуў плячыма і адвярнуўся. Гарбун з пабялелым тварам доўга глядзеў, як незнаёмы ішоў па вуліцы. Потым асцярожна, трымаючыся воддаль, рушыў услед.
Хутка ўсе ў горадзе ведалі, што вярнуўся Марвін Мэйсі. Спачатку ён пайшоў на фабрыку і, вальяжна абапёршыся локцямі аб падаконнік, зазірнуў усярэдзіну. Як усе гультаі ад прыроды, ён любіў назіраць, як працуюць іншыя. З’яўленне Марвіна Мэйсі выклікала на фабрыцы збянтэжанасць. Фарбоўшчыкі адышлі ад гарачых чанаў з фарбай, ткачы і прадзільшчыкі забыліся пра свае станкі, і нават Стампі Мак-Фэйл, фабрычны майстар, не ведаў, што рабіць. Марвін Мэйсі па-ранейшаму крыва ўсміхаўся і, нават калі ўбачыў брата, не перастаў фанабэрыцца. Агледзеўшы фабрыку, ён пайшоў да дома, дзе гадаваўся, і пакінуў там на ганку чамадан і гітару. Потым абышоў стаў каля млына, абвёў позіркам царкву, кожную з трох крам і прайшоўся па горадзе. Белы, як прасціна, гарбун, трымаючы рукі ў кішэнях і дробненька перабіраючы нагамі, ледзь чутна тупаў за Марвінам Мэйсі.
Вечарэла. Барвовае зімняе сонца хавалася за небасхіл, пакідаючы цёмна-залацістыя і малінавыя водбліскі. Ускалмачаныя стрыжы зляталіся да сваіх гнёздаў, у дамах запалілі лямпы. У паветры пацягнула дымам і цёплым густым пахам смажанага свінога мяса, што сквірчэла на вогнішчы ў двары за кафэ. Абышоўшы горад, Марвін Мэйсі спыніўся перад домам міс Амеліі і прачытаў надпіс на шыльдзе. Потым, не вагаючыся, зайшоў у двор. На фабрыцы журботна і тонка прасіпеў гудок, абвясціўшы канец змены. Хутка, апрача Марвіна Мэйсі, у двары каля дома міс Амеліі былі ўжо Генры Форд, Мэрлі Раен, Стампі Мак-Фэйл; многа дзяцей і дарослых тоўпілася за агароджай, моўчкі заглядаючы ў двор. Там таксама амаль не гаварылі. Марвін Мэйсі стаяў з аднаго боку вогнішча, усе астатнія — з другога. Кузен Лаймэн стаяў у баку ад усіх і не зводзіў вачэй з Марвіна Мэйсі.