Выбрать главу

— Ну, што, спадабалася табе ў турме? — дурнавата хіхікаючы, спытаўся Мэрлі Раен.

Марвін Мэйсі нічога не адказаў. Ён дастаў з кішэні вялікі нож, не спяшаючыся, раскрыў яго і выцер лязо аб штаны. Мэрлі Раен адразу сціх і схаваўся за шырокай спіной Стампі Мак-Фэйла.

Міс Амелія вярнулася дадому, калі ўжо зусім звечарэла. Спачатку здалёк данеслася лескатанне рухавіка, потым бразнулі дзверцы, нарэшце пачуўся грукат, быццам міс Амелія цягнула нешта вельмі цяжкае па прыступках на ганак. Сонца ўжо зайшло, паветра было блакітнае ад смугі ранняга зімовага вечара. Міс Амелія паволі сышла з ганка ў двор; усе чакалі, што будзе. Мала хто з людзей змог бы супрацівіцца міс Амеліі, да Марвіна яна адчувала асаблівую, лютую нянавісць. Усе думалі, што яна зараз раскрычыцца, ухопіць што-небудзь цяжкае, кінецца на Марвіна Мэйсі і пагоніць яго з горада. Спачатку яна не заўважыла Марвіна Мэйсі, выраз яе твару быў лагодны і летуценны, як звычайна, калі яна вярталася дадому пасля доўгай вандроўкі.

Міс Амелія заўважыла Марвіна Мэйсі і кузена Лаймэна, відаць, адначасова. Яна пераводзіла позірк з аднаго на другога і нарэшце спыніла яго ў поўным адчаі і здзіўленні не на Марвіне Мэйсі — гэтай турэмнай шэльме, а на гарбуне. Глядзелі разам з ёй і ўсе прысутныя, а таго сапраўды варта было бачыць у той момант.

Гарбун стаяў каля самага вогнішча, слабы агонь ад згарэлых дубовых пален высвятляў яго бледны твар. Лаймэн, калі хацеў каму-небудзь спадабацца, пускаў у ход адзін вельмі своеасаблівы прыём. Ён застываў на адным месцы і пачынаў надзіва лёгка і хутка варушыць сваімі велізарнымі белымі вушамі. Кожны раз, калі Лаймэн хацеў дамагчыся чаго-небудзь ад міс Амеліі, ён карыстаўся гэтым прыёмам, і тая не магла ўстаяць. Але цяпер, варушачы вушамі тут, пасярод двара, ён глядзеў не на міс Амелію. З палкасцю, блізкай да адчаю, гарбун усміхаўся Марвіну Мэйсі. Той спачатку не заўважаў гарбуна, а калі, нарэшце, глянуў у яго бок, у выразе яго твару нават і блізка не было ўхвалення.

— Што з гэтым гарбатым? — спытаўся ён, тыцнуўшы вялікім пальцам у бок Лаймэна.

Яму не адказалі. А Лаймэн, разумеючы, што нічога не дамогся, паказаў новы фокус: часта-часта заміргаў вачамі, яго павекі трапяталіся, быццам два белыя матылькі, што апынуліся ў няволі. Ён пачаў скрэбці падэшвамі чаравікаў зямлю, махаць рукамі і, нарэшце, дробна затупаў сваімі ножкамі ў нейкім дзіўным танцы. У апошніх змрочных водсветах зімовага вечара ён нагадваў маленькага балотнага духа.

З усіх, хто быў у той час на двары, толькі Марвін Мэйсі застаўся абыякавы да гэтага відовішча.

— У яго прыпадак, ці што? — спытаўся ён і, не пачуўшы адказу, зрабіў крок наперад і ўдарыў гарбуна па галаве. Гарбун пахіснуўся і паваліўся на зямлю. Седзячы на зямлі і гледзячы знізу ўгору на Марвіна Мэйсі, ён зрабіў апошняе намаганне і яшчэ раз прыніжана варухнуў вушамі.

Усе з цікаўнасцю павярнуліся да міс Амеліі. Шмат у каго даўно свярбелі рукі надаваць гарбуну ў каршэнь, але за ўсе гэтыя гады ні адзін волас не ўпаў з яго галавы. Калі хто-небудзь асмельваўся сказаць хоць адно слова супраць гарбуна, міс Амелія адразу адмаўляла ў крэдыце гэтаму бязглуздаму і яшчэ доўга рабіла яго жыццё невыносным. Вось чаму, калі б зараз яна ўзяла сякеру і на сваім ганку рассекла Марвіну Мэйсі галаву, ніхто б надта не здзівіўся. Але яна нічога такога не зрабіла.

I раней здаралася, што міс Амелія была ў трансе. Але прычына такога стану была звычайна вядомая. Справа ў тым, што міс Амелія, як першакласны лекар, прыгатаваўшы з балотных траў ці з якіх-небудзь яшчэ нявыпрабаваных кампанентаў новае зелле, не давала яго таму, хто першы трапіць пад руку, а правярала спачатку на сабе. Яна праглынала велізарную дозу і пасля цэлы дзень задуменна хадзіла па двары, ад дома да цаглянай прыбіральні. Часта, калі хапала надта моцна, яна застывала на месцы, утаропіўшы свае косыя вочы ў зямлю і сціснуўшы рукі ў кулакі. Такім чынам яна намагалася даведацца, менавіта які орган знаходзіцца пад уздзеяннем лекаў і якую хваробу вылечыць новым зеллем. I вось цяпер, калі міс Амелія назірала за гарбуном і Марвінам Мэйсі, у яе быў той самы выраз твару: яна напружана ўслухоўвалася ў боль, што мучыў яе, хоць і не піла ў той дзень лякарства.