Выбрать главу

— Будзе табе навука, гарбаты,— ухмыльнуўся Марвін Мэйсі.

Генры Мэйсі адкінуў з ілба пасму бялявых валасоў і нервова кашлянуў. Стампі Мак-Фэйл і Мэрлі Раен зашоргалі нагамі, а дзеці і негры, што тоўпіліся ў канцы двара, адразу прыціхлі. Марвін Мэйсі склаў нож, што ўвесь час круціў у руцэ, і вальяжна пакрочыў з двара. Дровы ў вогнішчы паступова перагаралі на шэры мяккі попел; было ўжо даволі цёмна.

Вось так Марвін Мэйсі вярнуўся з турмы. Ніводная жывая душа не ўзрадавалася яму. Нават місіс Мэры Хэйл, тая самая добрая кабета, што з любоўю і клопатам гадавала яго, нават яна, убачыўшы свайго прыёмнага сына, выпусціла з рук патэльню і залілася слязьмі. Але Марвіна Мэйсі нічога не кранала. Ён сеў на прыступкі ганка за домам Хэйлаў, пабрэнкваў на гітары, і, калі была гатова вячэра, параспіхаў меншых дзяцей, што траніліся на яго дарозе, і наклаў сабе поўную міску, не зважаючы на тое, што праснакоў і мяса нават без яго ледзь хапала на ўсіх.

У той вечар міс Амелія не адчыніла кафэ. Яна старанна пазамыкала ўсе дзверы і вокны; ні яе, ні Лаймэна да раніцы ніхто больш не бачыў, хоць лямпа ў пакоі міс Амеліі гарэла ўсю ноч.

Марвін Мэйсі прынёс з сабой бяду, што і трэба было чакаць. Назаўтра надвор’е рэзка перамянілася: зрабілася вельмі горача. Ужо з раніцы паветра было ліпкае, вецер нёс непрыемны пах з балота, а над зялёнай вадой у ставе каля фабрыкі лёталі і пранізліва пішчалі хмары камароў. Усё гэта было нязвыкла ў такую пару года, нават горш, чым у жніўні. Спёка нарабіла шмат шкоды. Справа ў тым, што амаль кожны гаспадар у наваколлі, які трымаў свіней, закалоў кабана, узяўшы прыклад з міс Амеліі. А якая кілбаса вытрывае гэткую спёку? Праз некалькі дзён адусюль засмярдзела тухлым мясам, усюды панаваў жах перад неверагоднымі стратамі. У дадатак удзельнікі сямейнай урачыстасці, што адбывалася ў доме непадалёк ад фокс-фолскай шашы, наеліся смажанага свінога мяса і ўсе да аднаго паўміралі. Мяса кабана, што яны закалолі, паспела сапсавацца — а хто ведаў, ці можна есці мяса іншых кабаноў? Людзі разрываліся паміж спакусай паласавацца свежанінай і страхам памерці. Гэта быў час страт і разгубленасці.

А той, хто быў вінаваты ва ўсім, што здарылася — Марвін Мэйсі — не пакутаваў ад сораму. Яго бачылі ўсюды. У будныя дні, калі людзі працавалі, ён туляўся каля фабрыкі, заглядаючы ў вокны, а ў нядзелю надзяваў чырвоную кашулю і шпацыраваў, з гітарай па галоўнай вуліцы горада. Ён, як і раней, быў прыгожы: шатэн з яркімі вуснамі і шырокімі плячыма, але кожны ведаў, якая ў яго чорная душа, і яе нельга было схаваць за прывабнай знешнасцю. I тое благое, што ён насіў у сэрцы, выяўлялася ў адных грахоўных учынках. Так, ён абрабаваў тыя заправачныя станцыі. Але раней ён сапсаваў жыццё самым далікатным дзяўчатам акругі і пасля нават пацяшаўся з гэтага. На яго сумленні — безліч благіх учынкаў, а ў дадатак яшчэ ад яго патыхала подласцю, якая адчувалася заўсёды, нібы пах цела. Да таго ж ён ніколі не пацеў, нават у жнівеньскую спёку, а гэта таксама наводзіла на роздум.

Цяпер, на думку жыхароў горада, ён быў яшчэ больш небяспечны, чым раней, бо ў Атланце, дзе ён сядзеў у турме, відаць, навучыўся чараваць. Бо як інакш можна растлумачыць яго ўздзеянне на кузена Лаймэна? Варта было гарбуну толькі адзін раз убачыць Марвіна Мэйсі, як яго адразу ахапіў нейкі дурман. Ён не адставаў ні на крок ад гэтага арыштанта і ўвесь час вырабляў розныя глупствы, каб толькі звярнуць на сябе ўвагу. Але Марвіы Мэйсі, як і раней, ставіўся да гарбуна з нянавісцю альбо наогул не заўважаў. Часам гарбун, не вытрымаўшы, хапаўся на ганку за парэнчу, быццам знямоглая птушка за тэлеграфны дрот, і на вачах прысутных пачынаў выказваць сваё гора.

— Чаго вы так? — пыталася міс Амелія, скіраваўшы ў яго бок позірк сваіх шэрых косых вачэй і сціснуўшы далоні ў кулакі.

— О, Марвін Мэйсі,— стагнаў у адказ гарбун, збіваючыся з рытму галашэння і пачынаючы ікаць.

— Ён быў у Атланце.

Міс Амелія круціла галавой, яе твар наліваўся крывёю і рабіўся яшчэ больш суровы. Пачнём з таго, што ў яе не хапала цярпення на падарожжы — яна ставілася з пагардай да тых мітуслівых людзей, што выпраўляліся ў Атланту ці ехалі за пяцьдзесят міль, каб паглядзець на акіян.

— Тое, што ён быў у Атланце, не робіць яму гонару.

— Ён быў у турме,— працягваў гарбун, ахоплены тугой.

Ну, што можна сказаць супраць такога аб’екта зайздрасці? Міс Амелія ў разгубленасці сама была ўжо не вельмі ўпэўненая ў тым, што гаварыла.