— Быў у турме, кузен Лаймэн? Ну, што ж, такімі экскурсіямі не хваляцца.
На працягу тых некалькі тыдняў усе ўважліва сачылі за міс Амеліяй. Паводзіла яна сябе дзіўным чынам: выраз яе твару сведчыў, што думкі яе былі недзе далёка, і здавалася, што яна знаходзіцца ў трансе. Няведама чаму, пасля прыезду Марвіна Мэйсі яна ўжо больш не надзявала камбінезона, а ўвесь час насіла чырвоную сукенку, у якую раней прыбіралася ў нядзелю ці калі збіралася на пахаванне альбо судовае пасяджэнне. Праз некалькі тыдняў яна пачала рабіць такія-сякія захады, каб выправіць сітуацыю. Але зразумець яе намаганні было цяжка. Калі ёй непрыемна было бачыць, як Лаймэн цягаўся за Марвінам Мэйсі па горадзе, чаму б тады было не вырашыць усе пытанні адразу, заявіўшы гарбуну, што, калі той і далей будзе звязвацца з Марвінам Мэйсі, яна выганіць яго з свайго дома?
Усё б выйшла вельмі проста, бо Лаймэн мусіў бы паслухацца, каб не апынуцца ў незайздросным становішчы беспрытульнага. Але міс Амелія, здавалася, страціла волю, бо ўпершыню ў жыцці завагалася, не ведаючы, якога кірунку трымацца. I, як гэта здараецца з большасцю людзей, што апынуліся ў стане нерашучасці, міс Амелія зрабіла найгоршую рэч — выбрала адразу некалькі кірункаў, і ўсе яны былі супярэчлівыя.
Кафэ, як і раней, было адчыненае кожны вечар, і, як ні дзіўна, калі туды з’яўляўся Марвін Мэйсі са сваім хвосцікам Лаймэнам, міс Амелія не выганяла яго за парог. Яна нават налівала яму бясплатна гарэлкі, а твар яе крывіўся ў нейкай дзікай усмешцы. Разам з тым яна змайстравала на балоце жудасную пастку на Марвіна Мэйсі, і калі б ён туды трапіў, то абавязкова загінуў бы. Яна дазволіла Лаймэну запрасіць Марвіна Мэйсі на абед у нядзелю і паспрабавала даць яму падножку, калі той ішоў уніз па лесвіцы. Яна разгарнула неверагодную дзейнасць, каб дагадзіць Лаймэну: арганізоўвала спецыяльна для яго вельмі ўтомныя наведванні розных відовішчаў, што наладжваліся ў самых аддаленых месцах, ганяла машыну за трыццаць міль у Чаўтаўкуа, вазіла яго на парад у Фокс-Фолс. Адным словам, на гэты час міс Амелія забывалася пра ўсё астатняе. На думку большасці жыхароў горада, яна далёка зайшла ў сваёй бязглуздасці, і таму ўсе чакалі, чым усё гэта скончыцца.
Зноў пахаладала, у горад прыйшла зіма. Калі на фабрыцы канчалася апошняя змена, на вуліцы было ўжо цёмна. Дзеці клаліся спаць не распранаючыся, а жанчыны паварочваліся спіной да печак, задзіралі спадніцы і летуценна песціліся каля агню. Пасля дажджу гразь на дарозе змярзалася ў камякі, у вокнах ледзь мігцелі лямпы. Голыя персікавыя дрэўцы нагадвалі шкілеты. У цёмныя маўклівыя зімовыя вечары кафэ было асяродкам цеплыні, агні ў яго вокнах гарэлі так ярка, што іх можна было ўбачыць за чвэрць мілі. У агромністай чыгуннай печцы ў канцы залы патрэсквалі дровы, яна гула і напалялася да чырвані. Міс Амелія павесіла на вокны чырвоныя фіранкі, а ў гандляра, што неяк завітаў у горад, купіла цэлы букет папяровых ружаў, што выглядалі як жывыя.
Але не толькі за цеплыню, святло і ўтульнасць любілі кафэ. Былі і іншыя больш глыбокія падставы на тое, каб яго так шанавалі жыхары горада. Яно выклікала пачуццё гонару, раней невядомае ў тутэйшых мясцінах. Каб зразумець гэтае пачуццё, варта падумаць, наколькі таннае чалавечае жыццё. Да фабрыкі заўсёды тулілася мноства людзей, але рэдка здаралася, каб кожная сям’я мела дастаткова сродкаў пракарміцца, прыстойна апрануцца і задаволіць іншыя патрэбы. Жыццё можа ператварыцца ў доўгую і непрыглядную барацьбу за існаванне. Але вось што незразумела: усе патрэбныя чалавеку рэчы маюць сваю цану і іх можна набыць толькі за грошы, менавіта гэтая акалічнасць і рухае свет. Вядома — тут і разважаць не трэба — колькі каштуе кіпа бавоўны ці кварта чорнай патакі. Але пакуль што не вызначана цана чалавечага жыцця. Яно даецца нам дарма і адбіраецца бясплатна. Чаго яно вартае? Калі пачнеш азірацца навокал, часам здаецца, што каштуе яно зусім мала альбо нічога. Часта, калі пасля доўгіх намаганняў і выпрабаванняў, справы так і не лепшаюць, недзе глыбока ў душы ўзнікае ўсведамленне таго, што ты нямногага варты.
Але новае пачуццё гонару, што ўзнікла ў гэтым горадзе разам з кафэ, зрабіла ўплыў амаль на кожнага жыхара, нават на дзяцей. Каб пайсці ў кафэ, неабавязкова было заказваць абед ці гарэлку. Дастаткова было выпіць бутэльку якога-небудзь напітку за пяць цэнтаў. А калі не хапала грошай і на гэта, на такі выпадак у міс Амеліі было пітво пад назвай «Вішнёвы сок», ружовага колеру і вельмі салодкае, што каштавала ўсяго адзін цэнт за шклянку. Лічы, кожны жыхар горада, за выключэннем яго прападобнасці Т. М. Уіліна, заходзіў у кафэ хоць раз на тыдзень. Дзеці любяць начаваць у гасцях і есці ў суседскім доме. У такіх выпадках яны паводзяць сябе прыстойна і з пачуццём уласнай годнасці. Жыхарамі горада валодала менавіта такое пачуццё ўласнай годнасці, калі яны сядзелі за столікамі ў кафэ. Перш чым пайсці да міс Амеліі, яны мыліся і вельмі старанна выціралі ногі перад тым, як пераступіць парог кафэ. Тут, хоць на некалькі гадзін, можна было заглушыць горкае ўсведамленне сваёй невялікай вартасці ў гэтым свеце.