Выбрать главу

Асаблівым поспехам карысталася кафэ сярод людзей адзінокіх, розных бедалаг і сухотнікаў. Тут трэба адзначыць, што былі некаторыя падставы падазраваць, што кузен Лаймэн таксама хварэў на сухоты. Ліхаманкавы агонь у яго шэрых вачах, гаварлівасць і кашаль — усе прыкметы хваробы былі ў наяўнасці. Да таго ж лічыцца, што існуе непасрэдная сувязь паміж гарбатасцю і сухотамі. Але калі пра гэта заводзілі гаворку пры міс Амеліі, тая пачынала злавацца; яна як магла аспрэчвала ўсе довады, але ўпотай лячыла Лаймэна гарачымі кампрэсамі, давала яму піць Гаючую ваду, спрабавала іншыя лекі. У тую зіму кашаль мучыў Лаймэна яшчэ больш, чым раней. Тым не менш гэта не перашкаджала яму цягацца за Марвінам Мэйсі.

Кожную раніцу ён выходзіў з дому міс Амеліі, ішоў у двор місіс Хэйл і заміраў у чаканні каля яе дзвярэй, бо Марвін Мэйсі любіў паспаць. Лаймэн стаяў пад дзвярамі і ціхенька клікаў яго. Так часам дзеці пасядуць на зямлю каля норачак, дзе, яны думаюць, жывуць жукі, тыкаюць у дзірачкі саломай і жаласна клічуць: «Жук-жучок, жук-жучок, выходзь на волю. Жук-жучок, жук-жучок, ляці дадому. У тваёй хатцы пажар, твае дзеткі гараць». Вось такім галаском — адначасова сумным, зазыўным і поўным адчаю — гарбун кожную раніцу клікаў Марвіна Мэйсі. Потым, калі той выходзіў з дому, Лаймэн бег за ім па пятах па ўсім горадзе, і часам яны разам надоўга знікалі на балоце.

А міс Амелія па-ранейшаму займалася самай недарэчнай справай: спрабавала ісці адразу некалькімі шляхамі. Калі Лаймэн выходзіў з дому, яна не клікала яго, не прымушала вярнуцца, а толькі стаяла пасярод вуліцы і сумна глядзела ўслед гарбуну, пакуль той не знікаў з вачэй. Амаль кожны дзень Марвін Мэйсі ўвальваўся з Лаймэнам у яе дом пад абед і садзіўся за стол. Міс Амелія адкрывала слоік з грушавым кампотам, на стол падаваліся шынка ці курынае мяса, вялікія місы з мамалыгай і зялёным гарошкам. Гэта праўда, што аднойчы міс Амелія спрабавала атруціць Марвіна Мэйсі, але выйшла памылка: яна пераблытала талеркі і пачала есці з той, дзе была атрута. Яна хутка гэта зразумела па ледзь адчувальнай гаркаце і ў той вечар больш не дакранулася да ежы. Адкінуўшыся ў крэсле, яна так і праседзела ўвесь час, пакуль тыя двое не скончылі есці, мацаючы біцэпсы і паглядаючы на Марвіна Мэйсі.

Кожны вечар Марвін Мэйсі заходзіў у кафэ і садзіўся за самы лепшы і большы стол, што стаяў пасярод залы. Лаймэн прыносіў яму гарэлку, за якую той не заплаціў ніводнага цэнта. Марвін Мэйсі адмахваўся ад гарбуна, як ад балотнага камара, і не толькі не дзякаваў за паслугі, а нават даваў яму кухталя кожны раз, калі Лаймэн трапляўся на яго дарозе, ці прыкрыкваў: «Ану пайшоў адсюль, гарбаты, пакуль я табе плеш на галаве не пракруціў!» У такіх выпадках міс Амелія выходзіла з-за прылаўка і пачынала паволі падыходзіць да Марвіна Мэйсі. Рукі яе сціскаліся ў кулакі, а недарэчная чырвоная сукенка чаплялася за худыя калені. Марвін Мэйсі таксама сціскаў кулакі, і яны абое паволі і грозна пачыналі хадзіць адно вакол аднаго. I хоць усе прысутныя адразу затойвалі дыханне, сочачы за тым, што адбываецца, далей справа ніколі не заходзіла. Час для сутычкі пакуль не надышоў.

Была адна асаблівая прычына, каб тую зіму ўспаміналі да гэтага часу. Адбылася вялікая падзея. На другі дзень студзеня людзі прачнуліся і зразумелі, што ўвесь навакольны свет раптам перамяніўся. Нават зусім яшчэ дурненькія немаўляты, глянуўшы ў акно, так збянтэжыліся, што адразу зараўлі. Старыя людзі пачалі перабіраць мінулыя гады, але так і не ўспомнілі, калі што-небудзь такое здаралася раней. Справа ў тым, што ноччу выпаў снег. Хутка пасля апоўначы на горад паволі пасыпаліся ледзь бачныя сняжынкі. Калі пачало світаць, зямля была ўжо белая, нязвыклы для жыхароў горада снег абляпіў рубінавыя вокны царквы і ахінуў дахі дамоў. Пад снегам горад здаваўся голы і змрочны. Двухпакаёвыя дамы, што туліліся да фабрыкі, стаялі брудныя, скрыўленыя, і здавалася, вось-вось паваляцца. Усё навокал пачарнела і скурчылася. Але сам снег! Мала хто ў горадзе бачыў калі-небудзь такую красу. Снег быў не белы, якім звычайна яго апісвалі жыхары поўначы: ён мякка адліваў блакітам і срэбрам. Неба ж адсвечвала мяккай шэранню. Дадайце задумлівы спакой снегападу — калі яшчэ ў горадзе было так ціха?