Людзі па-рознаму паставіліся да снегападу. Міс Амелія, глянуўшы ў акно, задумліва пакруціла пальцамі босай нагі і паставіла каўнер начной сарочкі. Яна пастаяла так крыху, потым пачала зачыняць аканіцы і ўсе вокны ў доме. Закупорыўшыся такім чынам, яна запаліла лямпы і ўрачыста паставіла перад сабой міску мамалыгі. Усё гэта адбылося не таму, што міс Амелія спалохалася снегу. Проста ў яе яшчэ не склалася свая думка аб гэтай з’яве, а калі яна не магла вызначыць дакладных адносін да той ці іншай рэчы (што здаралася вельмі рэдка), яна лічыла за лепшае не звяртаць на яе ўвагі. Колькі міс Амелія жыла на свеце, у гэтай акрузе ніколі не было снегу, і яна ніколі не думала пра яго. Калі б яна звярнула ўвагу на гэты снегапад, яна мусіла б мець сваё меркаванне, а гэтымі днямі ў яе і без таго клопату хапала. Таму яна сноўдалася па змрочным, асветленым лямпамі доме і рабіла выгляд, што нічога не здарылася. Лаймэна ж, наадварот, ахапіла неверагоднае хваляванне, і, як толькі міс Амелія адвярнулася, каб прыгатаваць яму снеданне, ён адразу вышмыгнуў за дзверы.
Марвін Мэйсі заявіў свае правы на гэты снегапад. Ён сказаў, што ведае, што такое снег, бо бачыў яго ў Атланце, і цяпер хадзіў па горадзе з такім выглядам, быццам яму належала кожная сняжынка. Ён з ухмылкай паглядаў на дзяцей, што баязліва вылазілі з дамоў, бралі поўныя жмені снегу і спрабавалі яго на смак. Па вуліцы шпарка крочыў прападобны Т. М. Уілін з гнеўным выразам на твары, бо якраз у гэты момант быў апанаваны думкай аб тым, як уплесці снег у сваю нядзельную казань. У большасці жыхароў горада снег выклікаў пачуццё пакорлівасці і радасці; людзі размаўлялі прыцішанымі галасамі, і словы «дзякуй» і «калі ласка» гучалі нават часцей, чым трэба. Знайшліся, зразумела, і слабавольныя, што не вытрымалі напружання і напіліся, але такіх было нямнога. Усе адчувалі, што здарылася нешта незвычайнае, і многія таму пералічвалі грошы, плануючы пайсці вечарам у кафэ.
Кузен Лаймэн цэлы дзень хадзіў за Марвінам Мэйсі і падтакваў, калі той заяўляў пра свае правы на снег. Гарбуна здзіўляла тое, што сняжынкі не ападаюць, як кроплі дажджу, а ціха і летуценна апускаюцца на зямлю, ён сачыў за іх палётам, пакуль не пачынаў спатыкацца ад галавакружэння. I такую асалоду ён адчуваў, купаючыся ў славе Марвіна Мэйсі, такі быў задаволены сабой, што многія, не вытрымаўшы, крычалі яму ўслед:
— «Ого,— сказала муха,— прыляпіўшыся да калясніцы,— але ж і пылу мы нарабілі!»
Міс Амелія не планавала ў той дзень падаваць што-небудзь на вячэру. Але калі ў шэсць гадзін на ганку пачуліся крокі, яна асцярожна адчыніла дзверы. Гэта быў Генры Форд Крымп. I хоць у кафэ не было нічога з яды, яна дазволіла яму сесці за стол і наліла гарэлкі. Падышлі і іншыя. На дварэ гусцеў блакітны змрок, было холадна, і хоць снег ужо больш не падаў, з-за сосен дзьмуў вецер, уздымаючы з долу лёгкія снежныя воблачкі. Лаймэн прыйшоў, калі ўжо зусім сцямнела, разам з ім заявіўся і Марвін Мэйсі са сваім бляшаным чамаданам і гітарай.
— Ад’язджаеш? — адразу спыталася яго міс Амелія.
Марвін Мэйсі пагрэўся каля печкі. Потым сеў за стол і, узяўшы трэсачку, старанна завастрыў яе. Ён пачаў калупацца ў зубах, раз-пораз дастаючы трэсачку з рота, разглядаючы яе і выціраючы аб рукаў пінжака. Ён так і не патурбаваўся адказаць міс Амеліі.
Гарбун глядзеў на міс Амелію, якая стаяла за прылаўкам. У яго вачах не было нават і знаку просьбы. Лаймэн быў, відаць, цалкам упэўнены ў сваіх дзеяннях. Ён залажыў рукі за спіну і самазадаволена таргануў вушамі. Ягоныя шчокі гарэлі, вочы блішчэлі, вопратка была наскрозь мокрая.
— Марвін Мэйсі пажыве крыху з намі,— сказаў ён.
Міс Амелія не запярэчыла. Яна толькі выйшла з-за прылаўка і падышла да печкі, быццам ад пачутай весткі ёй раптам стала холадна. Яна пагрэла спіну, не турбуючыся наконт сціпласці, што звычайна вымушае жанчын паднімаць спадніцу пры людзях не больш чым на адну, ну, ад сілы — на дзве цалі. Міс Амелія ніколі не вызначалася асаблівай сарамлівасцю: часта, здавалася, забывалася, што ў пакоі ёсць мужчыны. I вось цяпер, стаўшы каля печкі, яна так высока падняла падол сваёй чырвонай сукенкі, што кожны, хто хацеў, мог убачыць частку яе моцнага валасатага сцягна. Яна глядзела ўбок і гаварыла сама з сабой, ківаючы галавой і моршчачы лоб, і, хоць зразумець словы было немагчыма, па тону можна было здагадацца, што яна некага лае і зневажае. Тым часам гарбун і Марвін Мэйсі пайшлі на другі паверх — у залу, дзе стаялі дзве швейныя машыны «Зінгер», дэкаратыўная трава ў вазе, у пакоі, у якіх міс Амелія пражыла ўсё сваё жыццё. У кафэ было чуваць, як яны там тупалі, распакоўваючы рэчы Марвіна Мэйсі і ладзячы яму жыллё.