Выбрать главу

Вось так Марвін Мэйсі пасяліўся ў доме міс Амеліі. Спачатку Лаймэн, які аддаў яму свой пакой, спаў на канапе ў зале. Але снегапад дрэнна падзейнічаў на гарбуна — ён прастудзіўся, прастуда перайшла ў ангіну, у выніку міс Амелія ўступіла яму свой ложак. Канапа ў зале была ёй занадта кароткая, ногі не ўмяшчаліся, і ноччу яна часта скочвалася на падлогу. Яна, відаць, не высыпалася, і гэта адмоўна адбівалася на яе розуме: усе яе захады адносна Марвіна Мэйсі паварочваліся супраць яе. Яна трапляла ў прыгатаваныя ёю пасткі і няраз аказвалася ў вельмі сумным становішчы. Але ўсё ж яна не выгнала Марвіна Мэйсі з дому — баялася застацца адна. Калі зведаеш, што такое жыццё ўдваіх, адзінота здаецца пакутай. Цішыня асветленага камінам пакоя, калі раптам перастае цікаць гадзіннік, палахлівыя цені ў пустым доме — не, ужо лепш пусціць у дом смяротнага ворага, чым цярпець жахі адзіноты.

Снег праляжаў нядоўга. Паказалася сонца, і праз два дні горад быў такі ж, як і раней. Міс Амелія не адчыняла вокнаў, пакуль не растала апошняя сняжынка. Потым яна прыбрала ў доме, прасушыла ўсе рэчы на сонцы. Але раней яна выйшла ў двор і на самай тоўстай галіне сапіндуса завязала вузлом адзін канец вяроўкі. Да другога канца яна прывязала мяшок з пяском. Атрымалася баксёрская груша, і міс Амелія пачала практыкавацца з ёю кожную раніцу. Яна і без таго была ўмелым байцом — праўда, ёй крыху бракавала вёрткасці, але валоданне рознымі хітрымі прыёмамі і прыхватамі кампенсавала гэты недахоп.

Як ужо гаварылася, міс Амелія была росту шэсць футаў і дзве цалі. Марвін Мэйсі быў на адну цалю вышэйшы за яе. Важылі яны прыкладна аднолькава — каля ста шасцідзесяці фунтаў. Але Марвін Мэйсі быў спрытнейшы, і ў яго былі моцныя грудзі. I наогул, знешне ўсё сведчыла пра тое, што перавага павінна быць на яго баку. Тым не менш, амаль усе жыхары горада рабілі стаўку на міс Амелію, наўрад ці хто паставіў бы на Марвіна Мэйсі. У горадзе яшчэ помнілі, як міс Амелія білася з адвакатам з Фокс-Фолса, які паспрабаваў яе ашукаць. Той быў высачэзны бамбіза, але калі міс Амелія яго адпусціла, ён быў ужо адной нагой у магіле. Усіх здзіўлялі не толькі яе баксёрскія здольнасці, але і ўменне дэмаралізаваць праціўніка, крывячы твар з такімі жахлівымі крыкамі, што нават прысутных часам ахопліваў страх. Яна была адважная, добрасумленна практыкавалася з грушай, і ў справе з Марвінам Мэйсі праўда была на яе баку. Таму людзі верылі ў яе і чакалі. Зразумела, ніхто не вызначаў дзень паядынку. Але прыкметы непазбежнасці сутычкі былі настолькі відавочныя, што іх нельга было не заўважыць.

Усе гэтыя дні гарбун хадзіў з важным выглядам, жмурачыся ад задавальнення. Карыстаючыся тонкімі і хітрымі прыёмамі, ён усё больш распальваў паміж імі варожасць. Каб звярнуць на сябе ўвагу, ён увесь час тузаў Марвіна Мэйсі за калашыну. Часам хадзіў па пятах за міс Амеліяй, але цяпер толькі каб перадражніць яе няўклюдную хаду. Ён скошваў вочы і паўтараў рухі міс Амеліі, выстаўляючы напаказ яе нязграбнасць. Відовішча было настолькі агіднае, што не смяяліся нават самыя прыдуркаватыя наведвальнікі кафэ, як Мэрлі Раен. Толькі Марвін Мэйсі крывіў рот і чмыхаў.

Міс Амелію ў такіх выпадках ахоплівалі процілеглыя пачуцці. Яна з сумным і глыбокім дакорам глядзела на гарбуна, потым паварочвалася да Марвіна Мэйсі.

— Каб з цябе дух выперла! — гаварыла яна са злосцю.

А Марвін Мэйсі ў адказ браў звычайна ў рукі гітару, якая заўсёды валялася на падлозе побач з крэслам. У яго ў роце заўсёды было поўна сліны, і таму спяваў ён нейкім мокрым і слізкім голасам. Песні, быццам вугры, выслізгвалі з яго горла. Моцнымі пальцамі ён спрытна перабіраў струны, вабячы і ў той жа час нервуючы слухачоў сваімі песнямі. Міс Амелію яны звычайна выводзілі з сябе.

— Каб з цябе дух выперла! — крычала яна.

Але ў Марвіна Мэйсі адказ быў заўсёды напагатове. Ён прыціскаў струны далонню і, калі сціхаў апошні гук, паволі гаварыў з самаўпэўненай нахабнасцю.

— Глядзіце, каб вам самой усё гэта не вылезла бокам, міс! Ха! Ха!

Міс Амеліі заставалася толькі бездапаможна змоўчаць, бо ніхто не мог падказаць ёй выйсце з пасткі, у якую яна трапіла. Яна не магла прыдумаць ліха, якое, пажаданае Марвіну Мэйсі, сапраўды не вылезла б бокам ёй самой. Апошняе слова заўсёды было за Марвінам Мэйсі, і яна тут не магла нічога зрабіць.

Вось такім чынам усё і ішло. А што адбывалася паміж імі ноччу, там, на друтім паверсе, гэтага ніхто не ведаў. А наведвальнікаў у кафэ увесь час станавілася ўсё больш. Давялося паставіць яшчэ адзін стол. Нават пустэльнік, вар’ят па прозвішчы Рэйнер Сміт, які шмат гадоў назад перасяліўся на балота, пачуў пра тое, што адбываецца, і аднойчы вечарам прыйшоў паглядзець на ярка асветленыя вокны кафэ і паразважаць наконт кампаніі людзей, што сядзела за імі. Кульмінацыяй кожнага вечара быў той момант, калі міс Амелія і Марвін Мэйсі сціскалі кулакі і, падрыхтаваўшыся да бойкі, пачыналі ва ўпор глядзець адно на аднаго. Звычайна гэта не было вынікам сваркі, падзеі разгортваліся таямніча, абодва бакі рухалі інстынкты. У кафэ рабілася так ціха, што было чуваць, як шамацяць на скразняку папяровыя ружы. I кожны раз яны стаялі так, падрыхтаваўшыся да бойкі, крыху даўжэй, чым напярэдадні.