Сем — магічная лічба, яе вельмі шанавала і міс Амелія. Ад ікаўкі — выпіць сем глыткоў вады, у выпадку расцяжэння мышцаў на шыі — сем разоў прабегчы вакол става каля фабрыкі, ад глістоў — сем порцый «цуду», прыгатаванага па рэцэпце міс Амеліі. Усе яе лекі былі звязаны з гэтай лічбай. Сем — лічба, што спалучае ў сабе самыя розныя магчымасці, і ўсе прыхільнікі таемнасці і чараўніцтва шануюць гэтую лічбу. Таму і бойка мелася адбыцца ў сем гадзін. I хоць ніхто не рабіў ніякай абвесткі, усе гэта ведалі і ўспрымалі як з’яву, такую ж натуральную, як дождж ці балотны смурод. Такім чынам, а сёмай гадзіне ўсе з суровым выглядам стаялі каля дома міс Амеліі. Самыядасціпныя зайшлі ў кафэ і пасталі каля сцен. Астатнія тоўпіліся на ганку ці знайшлі сабе месца ў двары.
Міс Амелія і Марвін Мэйсі пакуль не паказваліся. Адлежаўшы палову дня на лаўцы ў канторы, міс Амелія пайшла на другі паверх. Затое Лаймэн увесь час мазоліў вочы, праціскаючыся праз натоўп, пстрыкаючы нервова пальцамі і лыпаючы вачыма. Без адной мінуты сем ён пралез праз натоўп у кафэ і ўскочыў на прылавак. Пакуль што ўсё было спакойна.
Відаць, усё было нейкім чынам абгаворана загадзя. Як толькі гадзіннік адбіў сем, міс Амелія паказалася на лесвіцы. У той самы момант да кафэ падышоў і Марвін Мэйсі. Натоўп моўчкі расступіўся, прапускаючы яго наперад. Сціснуўшы кулакі, яны нібы лунацікі паволі ішлі адно насустрач аднаму. Міс Амелія паспела пераадзецца, змяніўшы чырвоную сукенку на камбінезон і закасаўшы калашыны да каленяў. Яна выйшла босая, а на правую руку пачапіла сталёвы бранзалет. Марвін Мэйсі таксама закасаў калашыны. Ён быў без кашулі, густа намазаны тлушчам і абуты ў цяжкія чаравікі, якія ён атрымаў, выходзячы з турмы. З натоўпу выйшаў Стампі Мак-Фэйл і правай рукой паляпаў абаіх па кішэнях, правяраючы, ці не схаваны там нажы. Нарэшце яны засталіся ўдваіх пасярод ярка асветленага кафэ.
Ніякага сігналу не было, але абое ўдарылі адначасова. Удары прыйшліся па зубах; галовы адкінуліся назад, баксёры захісталіся. Некалькі секунд пасля першых удараў яны шаравалі нагамі па падлозе, спрабавалі розныя пазіцыі і выпады. Потым раптам счапіліся, як дзікія каты. Пачуліся ўдары, сапенне, тупат ног. Яны рухаліся вельмі хутка, таму пяжка было разабрацца ў тым, што адбываецца. Потым Марвін Мэйсі зрабіў міс Амеліі падножку, тая адляцела назад і ледзь не павалілася, а сам ён атрымаў такі моцны ўдар у плячо, што закруціўся ваўчком.
Бойка працягвалася ў шалёным тэмпе, і ніхто не збіраўся адступаць.
У час паядынку, калі праціўнікі такія энергічныя і дужыя, як гэтыя двое, варта на нейкі час перавесці позірк з непасрэдных удзельнікаў бойкі на гледачоў. Людзі адступілі як мага далей ад цэнтра і ціснуліся да сцен. Стампі Мак-Фэйл стаяў у куце, выцягнуўшы шыю, і падбадзёрваў удзельнікаў бойкі, сціскаючы кулакі і выкрыкваючы нешта незразумелае. Бедалага Мэрлі Раен так шырока разявіў рот, што не заўважыў, як туды заляцела муха, і праглынуў яе, не паспеўшы зразумець, у чым справа. А кузен Лаймэн! Вось на каго варта было паглядзець! Гарбун стаяў на прылаўку і таму ўзвышаўся над усімі. Рукі ў бокі, шыя выцягнута наперад, ножкі сагнуты ў каленях, што тырчэлі ў розныя бакі. Твар пакрыўся плямамі, збялелыя губы дрыжэлі.
Так працягвалася паўгадзіны. Праціўнікі нанеслі адно аднаму сотні ўдараў, а на чыім баку будзе перавага, пакуль што было невядома. Раптам Марвін Мэйсі здолеў схапіць левую руку міс Амеліі і закруціць ёй за спіну. Але міс Амелія адразу вырвалася і абхапіла яго абедзвюма рукамі: тут і пачалася сапраўдная бойка. Звычайна ў гэтай акрузе аддаюць перавагу барацьбе, а не боксу, які лічыцца занадта паспешным і патрабуе шмат увагі і засяроджанасці. I вось цяпер, калі міс Амелія і Марвін Мэйсі заціснулі адно аднаго мёртвай хваткай, гледачы нарэшце апамяталіся і падышлі бліжэй. Нейкі час барцы, моцна ўхапіўшыся адно за аднаго, куляліся то ў адзін, то ў другі бок. Марвін Мэйсі пакуль не спацеў, а вось вопратка міс Амеліі была зусім мокрая, пот цёк па нагах, і босыя ступні пакідалі мокрыя сляды на падлозе. I вось цяпер, калі ўсё павінна было вырашыцца, у момант найвялікшага напружання ўсе зразумелі, што міс Амелія дужэйшая за Марвіна Мэйсі. Той быў хітры і вёрткі, намазанае тлушчам цела было цяжка ўхапіць, але міс Амелія была мацнейшая за яго. Яна паволі, цаля за цаляй, гнула яго да долу. Гэта было жудаснае відовішча: цішыню парушыў толькі натужлівы хрып. Нарэшце міс Амелія паваліла Марвіна Мэйсі на падлогу і села на яго верхам; яе моцныя вялікія рукі ляглі на ягонае горла.