Тры гады яна кожны вечар выходзіла на ганак і сядзела там, углядаючыся ў дарогу, нібы чакаючы некага. Але гарбун не вярнуўся. Даходзілі чуткі, быццам Марвін Мэйсі прымушаў яго лазіць праз вокны і красці. Згодна з іншымі весткамі, ён прадаў гарбуна ў вандроўны цырк. Але аказалася, што гэтыя плёткі пускаў Мэрлі Раен. На чацвёрты год міс Амелія наняла цесляра з Чыха, каб той забіў дошкамі ўвесь дом. I з таго часу яна больш не выходзіла з сваіх пакояў.
Так, маркотна ў гэтым горадзе. Жнівеньскім надвячоркам белая ад пылу вуліца зусім пустая, а над ёй празрыстае, як шкло, неба. Навокал нічога не зварухнецца, не чуваць дзіцячых галасоў, толькі грукоча ўвесь час фабрыка. Персікавыя дрэўцы з кожным годам усё больш крывеюць, маркотна-шэрыя лісточкі зрабіліся зусім дробныя. Дом міс Амеліі пахіліўся ў правы бок і праз нейкі час, відаць, зусім разваліцца, людзі баяцца падыходзіць да яго блізка. У горадзе ўжо не купіш добрай гарэлкі; да самага блізкага бровара — восем міляў, ды і ад гарэлкі, што там гоняць, на печані вырастаюць пухліны велічынёй з арэх. Да таго ж пасля яе чалавека ахоплівае глыбокая і небяспечная задуменнасць. Заняцца ў горадзе зусім няма чым. Пройдзешся вакол става, што каля фабрыкі, пастукаеш нагой па спарахнелым пні, падумаеш, куды можна прыстасаваць старое кола, што ляжыць на ўзбочыне дарогі каля царквы. Душа гібее ад нуды. Застаецца адно — пайсці на фокс-фолскую шашу і слухаць, як спяваюць зняволеныя, што там працуюць.
Фокс-фолская шаша праходзіць за тры мілі ад горада, і вось менавіта на ёй і працуюць зняволеныя. Мясцовыя ўлады вырашылі зараўняць калдобіны, што з цягам часу павыбіваліся на высыпанай шчэбенем дарозе, пашырыць яе ў некаторых небяспечных месцах. У брыгадзе зняволеных — дванаццаць чалавек у паласатай турэмнай вопратцы з прыкаванымі да ног ланцугамі. Побач з імі заўсёды ўзброены канваір; ад нясцерпна яркага сонца яго вочы ператварыліся ў чырвоныя шчыліны. Брыгада працуе ўвесь дзень: зняволеных запіхваюць у турэмную фуру на досвітку, вязуць на работу і забіраюць адтуль пад самы канец жнівеньскага дня, калі пачынае гусцець шэры змрок. Увесь дзень стукаюць аб цвёрдую гліну кіркі, нясцерпна пячэ сонца, у паветры адчуваецца пах чалавечага поту. I кожны дзень гучыць мелодыя. Сумны голас пачынае яе, і першая фраза нагадвае хутчэй рэчытатыў і падобная на пытанне. Праз хвіліну ў мелодыю ўплятаецца яшчэ адзін голас, і вось песню падхопліваюць усе зняволеныя. Сумныя галасы сярод золата дня зліваюцца ў мелодыю, адначасова сумную і радасную. Песня шырыцца, і вось ужо здаецца, што спяваюць не дванаццаць зняволеных, а сама зямля ці неабсяжнае неба. Мелодыя поўніць сэрца, халодзіць душу ад хвалявання і жаху. Потым яна паступова заціхае, гучыць толькі адзін голас. I вось зноў цішыня пад спякотным сонцам, чуваць толькі конскі храп ды стук кірак аб цвёрдую гліну.
I хто ж здольны стварыць такую мелодыю. Усяго толькі дванаццаць звычайных смяротных: сямёра неграў і пяцёра белых — жыхароў гэтай самай акругі. Усяго толькі дванаццаць смяротных людзей, калі яны спяваюць разам.
АДЛЮСТРАВАННІ Ў ЗАЛАТЫМ ВОКУ
Прысвячаецца Анмары Кларак-Шварцэнбах
РАЗДЗЕЛ I
Вайсковы гарнізон у мірны час — нуднае месца. Нейкія падзеі ўсё ж адбываюцца, але потым яны паўтараюцца зноў і зноў. Ужо сама планіроўка гарнізона робіць жыццё зусім аднастайным: вялізныя казармы з бетону, нібы пад шнур пастаўленыя дамы афіцэрскага саставу, такія, што іх не адрозніш адзін ад аднаго, спартыўная зала, пляцоўка для гульні ў гольф, царква, басейны — усё спраектавана паводле аднаго нязменнага ўзору. Але, магчыма, гарнізонная нуда выклікана перш за ўсё ізаляванасцю і залішняй бяздзейнасцю і бяспекай, і гэта таму, што, калі трапляеш у войска, адзінае, што ад цябе патрабуюць,— маршыраваць у нагу з тым, хто крочыць перад табой у страі. I ўсё ж часам у гарнізонах здараюцца падзеі, што наўрад ці калі-небудзь паўторацца. На Поўдні ёсць гарнізон, дзе некалькі гадоў назад адбылося забойства. Удзельнікамі трагедыі былі два афіцэры, салдат, дзве жанчыны, філіпінец, а таксама конь.
Салдат, замяшаны ў гэтай справе, быў радавы Элджы Уільямс. Яго часта можна было бачыць у канцы дня, калі ён адзінока сядзеў на лаўцы каля тратуара перад казармай. Месца было прыемнае, бо тут у два рады былі насаджаны маладыя клёны. Яны давалі халадок, кідалі на газон і тратуар лёгкія, трапяткія цені. Вясной лісце было ярка-зялёнае, а калі надыходзілі гарачыя месяцы, яно набывала больш цёмнае, спакойнае адценне. Пад канец восені лісты рабіліся вогненна-залатымі. Вось тут, бывала, і сядзеў Уільямс, чакаючы каманды на вячэру. Гэта быў маўклівы малады салдат, і ў казарме ў яго не было ні ворагаў, ні сяброў. На яго круглым загарэлым твары, здавалася, навечна застыла нейкая насцярожаная прастадушнасць. У салдата былі пухлыя чырвоныя вусны, а на лбе калмацілася каштанавая чупрына. Вочы — нязвыклая сумесь бурштынавага і карычневага адценняў — мелі маўклівы выраз, які звычайна заўважаеш у вачах у жывёлы. На першы погляд радавы Уільямс здаваўся крыху мешкаватым і нязграбным. Але гэта было падманлівае ўражанне, бо хадзіў ён нячутна і спрытна, як дзікі звер альбо злодзей. Часта салдаты, думаючы, што вакол нікога няма, палохаліся, калі ён, нібы зваліўшыся з неба, раптам аказваўся побач. У салдата былі невялікія, далікатныя на першы погляд, але вельмі дужыя рукі.