Выбрать главу

Радавы Уільямс не курыў, не піў, не ўступаў у пазашлюбныя сувязі і не гуляў на грошы. У казарме ён трымаўся ў баку ад усіх і быў нейкай загадкай для іншых салдат. Вольны час Уільямс больш бавіў у лесе, вакол гарнізоннага гарадка. Пятнаццаць квадратных міль запаведніка былі не кранутыя і не сапсаваныя цывілізацыяй. Тут можна было ўбачыць высачэзныя сосны, розныя кветкі і нават такіх палахлівых жывёлін, як алені, дзікі і лісіцы. Акрамя верхавой язды, Уільямса ніякі спорт, якім займаюцца радавыя, не цікавіў. Яго ніколі не бачылі ні ў спартыўнай зале, ні ў басейне. Не было і такога, каб ён смяяўся, злаваў ці пакутаваў ад нейкай прычыны. Тры разы на дзень ён з апетытам еў усё, што падавалі на салдацкі стол, і ніколі не бурчаў, што нясмачна, як гэта рабілі астатнія салдаты. Спаў ён у казарме, дзе ў два доўгія рады стаяла каля трох дзесяткаўложкаў. У казарме не спакайнела нават ноччу; калі выключалі святло, чуліся храп, лаянка і прыглушаныя стогны тых, каго мучылі кашмары. Але Уільямс ляжаў ціха. Толькі часам з яго ложка чулася асцярожнае шамаценне цукерачнай абгорткі.

Аднойчы, на трэцім годзе службы, Уільямса паслалі на кватэру да капітана па прозвішчы Пендэртан. Было гэта так. Яшчэ за шэсць месяцаў да гэтага Уільямса накіравалі ў каманду, якая абслугоўвала стайню, бо ён добра ўмеў упраўляцца з коньмі. Капітан Пендэртан пазваніў дзяжурнаму старшаму сяржанту, а якраз многа коней было на манеўрах і работы на стайні было няшмат, і выканаць заданне было даручана радавому Уільямсу. Даручэнне само па сабе простае. Капітан Пендэртан хацеў ачысціць невялікі ўчастак лесу за домам, каб паставіць там жароўню і наладжваць прыёмы на вольным паветры. Работы было на дзень.

Уільямс выправіўся выконваць заданне каля паловы восьмай раніцы. Быў мяккі, цёплы кастрычніцкі дзень. Салдат ведаў, дзе жыве капітан, бо часта праходзіў каля яго дома па дарозе ў лес. Да таго ж аднойчы ён незнарок нарабіў шкоды капітану. Паўтара года да гэтага радавы Уільямс некалькі тыдняў служыў ардынарцам у лейтэнанта — камандзіра яго роты. Неяк пасля абеду да лейтэнанта прыйшоў капітан Пендэртан, і Уільямс, якому было загадана прынесці пачастункі, незнарок выліў кубак кавы капітану на штаны. Да таго ж ён часта бачыў капітана на стайні, і пад яго наглядам быў конь капітанавай жонкі — гняды жарабец, самы прыгожы скакун ва ўсім гарнізоне.

Капітан жыў на ўскраіне ваеннага гарадка. Яго тынкаваны дом з васьмю пакоямі адрозніваўся ад іншых дамоў на вуліцы толькі тым, што быў на самым канцы. Да газона каля дома з двух бакоўпадступаў запаведны лес. Направа ад капітанавага дома жыў адзіны яго блізкі сусед — маёр Морыс Лэнгдан. Далей за дамамі чарнела шырокае роўнае поле, што да нядаўняга часу служыла пляцоўкай для гульні ў пола.

Калі Уільямс з’явіўся па вызначаным адрасе, насустрач яму выйшаў капітан, каб растлумачыць заданне. Трэба было выкарчаваць дубняк і нізкія кусты шыпшыны, а таксама абрэзаць абвіслае голле, калі яно ніжэй за два метры ад зямлі. Капітан паказаў на высокі стары дуб, да якога ад газона было метраў дваццаць, і сказаў, што менавіта да гэтага дуба трэба ачысціць пляцоўку. На адным пальцы пухлаватай рукі ў капітана пабліскваў пярсцёнак. У тую раніцу на ім былі колеру хакі штаны да каленяў, доўгія шкарпэткі з воўны і замшавы пінжак. У капітана быў напружаны, з рэзкімі рысамі твар. Ён быў брунет з вачамі, нібы з блакітнага шкла. Здавалася, ён не пазнаў радавога Уільямса і даваў указанні нервова і манерна: загадаў скончыць работу за дзень і сказаў, што прыйдзе пад вечар праверыць.

Салдат працаваў без перапынку да абеду. Апоўдні пайшоў у салдацкую сталовую. Да чатырох гадзін работа была скончана. Ён зрабіў нават больш, чым яму загадаў капітан. Высокі дуб, да якога трэба было ачысціць пляцоўку, быў нязвыклы: галіны з боку ад газона апускаліся да зямлі не вельмі нізка і пад імі можна было прайсці, а з другога боку яны прыгожа звісалі да самага долу. Салдату давялося шмат папрацаваць, пакуль ён абрэзаў тое ніцае голле. Калі ўсё было зроблена, ён прыхіліўся да сасны і пачаў чакаць капітана. Было відаць, што салдата агарнуў спакой, і ён стаяў бы так цэлую вечнасць.