— Слухай, а ты што тут робіш? — спытаўся ў яго раптам жаночы голас.
Салдат ужо раней заўважыў, як з чорнага ходасуседняга дома выйшла капітанава жонка і папраставала да яго. Ён яе бачыў, але неяк цьмяна ўсвядоміў гэта толькі тады, калі яна загаварыла.
— Я толькі што была на стайні,— сказала місіс Пендэртан.— Майго Жарптаха ўбрыкнулі.
— Так, пані,— нерашуча адказаў салдат. Спатрэбілася яшчэ некалькі хвілін, пакуль ён нарэшце зразумеў сэнс яе слоў.— Як гэта?
— Гэтага якраз я і не ведаю. Можа, які чортаў мул альбо пусцілі разам з кабыламі. Я раззлавалася і загадала, каб паклікалі цябе.
Капітанава жонка легла ў гамак, што вісеў паміж двума дрэвамі ў канцы газона. Нават у тым, што было на ёй: боты, запэцканыя габардзінавыя брыджы, ужо добра пацёртыя на каленях, і шэры вязаны жакет — яна была прыгожая жанчына. У яе быў летуценна-спакойны твар мадонны, а простыя валасы, звязаныя ў вузел на самай патыліцы, адлівалі бронзай. Пакуль яна ляжала ў гамаку, служанка — маладая негрыцянка вынесла паднос з паўлітровай бутэлькай віскі, мерным кілішкам і вадой. Місіс Пендэртан не была пераборлівая ў выпіўцы. Яна выпіла дзве меркі неразбаўленага віскі, запіла глытком халоднай вады. Больш яна не гаварыла з салдатам, а той таксама не распытваў больш пра каня. Здавалася, што ні яна, ні ён ужо не заўважаюць адно аднаго.
Салдат зноў абапёрся спіной на сасну і ўтаропіўся ў нешта перад сабой.
Сонца позняй восеньскай пары прамяністай смугой ахінала зялёную траву на газоне. Яно прадзіралася праз дрэвы ў лесе, там, дзе лістота была не вельмі густая і расквечвала зямлю вогненна-залатымі ўзорамі... Потым сонца раптам схавалася. Зрабілася золка, падзьмуў лёгкі чысты ветрык. Надышоў час адбою. Здалёк пачуўся сігнал горна. На адлегласці ён быў празрысты, а потым раставаў у лесе глухім рэхам.
У гэты час вярнуўся капітан Пендэртан. Ён паставіў машыну каля дома і адразу пайшоў на другі канец двара праверыць, як зроблена работа. Павітаўшыся з жонкай і мімаходзь казырнуўшы салдату, які даволі вяла стаў перад ім у стойку «смірна», капітан глянуў на расчышчаны ўчастак. I адразу пстрыкнуў пальцамі, скрывіў вусны ў з’едлівай усмешцы. Потым перавёў вадзяністыя блакітныя вочы на салдата і вельмі спакойна сказаў:
— Радавы, уся задума была ў высокім дубе.
Салдат выслухаў заўвагу моўчкі. Выраз яго круглага сур’ёзнага твару не змяніўся.
— Загад быў ачысціць пляцоўку толькі да дуба,— гаварыў афіцэр ужо павышаным тонам. Ён рашуча падышоў да дрэва, пра якое ішла гаворка, і паказаў на абсечаныя сукі.— Увесь сэнс быў у гэтых абвіслых галінах, што адгароджвалі пляцоўку ад лесу. Цяпер усё загублена.
Прычына, відаць, была не вартая хвалявання, якое ахапіла капітана. Але апынуўшыся ў адзіноце тут у лесе, ён зрабіўся маленькім чалавекам.
— Што я павінен зрабіць капітану? — спытаўся Уільямс, памаўчаўшы.
Місіс Пендэртан раптам засмяялася і апусціла нагу ў боце, каб гайдануць гамак.
— Капітану трэба, каб ты падабраў галлё і прышыў да дрэва.
Капітану гэта не здалося смешна.
— Вось што! — сказаў ён салдату.— Збяры лісце і пасып на голыя плямы, там, дзе выцераблены кусты. А пасля можаш ісці.
Ён даў салдату «на чай» і пайшоў у дом.
Радавы паволі падаўся ў сцямнелы лес збіраць апалае лісце. Капітанава жонка гойдалася ў гамаку і, здавалася, засынала. Неба зацягвалася бледным халодна-жоўтым святлом, усё навокал замерла.
Капітан Пендэртан у той вечар быў не ў гуморы. Зайшоўшы ў дом, ён адразу накіраваўся ў кабінет. Гэта быў невялікі пакой, што згодна з праектам меўся быць адкрытай верандай з дзвярамі ў сталовую. Капітан сеў за пісьмовы стол, разгарнуў тоўсты сшытак, разаслаў перад сабой карту і дастаў з шуфляды лагарыфмічную лінейку. Нягледзячы на такую падрыхтоўку, ён ніяк не мог настроіцца на работу. Капітан схіліўся над сталом, паклаў галаву на далоні і заплюшчыў вочы.
У пэўнай меры прычынай яго нервовасці быў радавы Уільямс. Капітан раззлаваўся, калі ўбачыў, што яму прыслалі менавіта гэтага салдата. Ва ўсім гарнізоне, бадай, знайшлося б не больш за паўдзесятак салдат, якіх капітан ведаў у твар. Ён ставіўся да ўсіх салдат з стомленай пагардай. На яго думку, афіцэры і радавыя, хоць, магчыма, і належалі да аднаго біялагічнага роду, але адносіліся да розных відаў. Капітан добра памятаў выпадак з разлітай кавай, бо тады быў сапсаваны зусім новы, з іголачкі, дарагі гарнітур з тоўстай часучы, пляму так і не ўдалося вывесці цалкам. (Па-за гарнізонам капітан заўсёды быў у вайсковай форме, а тут, у гарадку, калі збіраліся кампаніі афіцэраў, ён любіў прыходзіць у цывільным і быў якім яшчэ франтам.) Апрача гэтага прыкрага здарэння, радавы Уільямс асацыіраваўся ў памяці яшчэ са стайняй і жончыным канём Жарптахам. Асацыяцыя была непрыемная. I вось сённяшняя памылка з дубам аказалася апошняй кропляй. На кароткі час яго ахапіла нядобрае пачуццё, ён уявіў прыдуманую ім самім сітуацыю: ён злавіў гэтага салдата на нейкім парушэнні і аддаў пад трыбунал. Гэта трохі супакоіла. Ён наліў сабе кубак кавы з тэрмаса, што стаяў на стале, і заняўся іншымі, больш надзённымі справамі.