Выбрать главу

Для неспакою, што ахапіў капітана ў той вечар, было многа прычын. Як чалавек, характарам ён шмат у чым адрозніваўся ад звычайных людзей. У яго былі своеасаблівыя адносіны з трыма першаасновамі існавання: жыцця самога па сабе, сексу і смерці. Што да полу, то ў капітане спалучалася няўстойлівая раўнавага мужчынскіх і жаночых элементаў з чуллівасцю абодвух полаў і адсутнасцю актыўнай энергіі таго і другога. Для чалавека, які задавальняецца ў жыцці нязначным і здольны сканцэнтраваць імпульсіўныя імкненні, каб усёй душой аддацца якому-небудзь абстрактнаму занятку, як, напрыклад, таму ці іншаму віду мастацтва або спробе перавесці круг у квадрат, такі стан яшчэ можна цярпець. У капітана была работа, і на яе ён не шкадаваў сілы; лічылася, што яго чакае бліскучая кар’ера. Ён, можа, і не адчуваў бы недахопу аднаго і лішку другога, каб не жонка. Менавіта праз яе ён цярпеў мукі. У капітана была дзіўная схільнасць: яго вабілі жончыны палюбоўнікі.

Што ж да дзвюх астатніх першаасноў, дык тут было даволі проста. Калі б можна было пакласці на вагі яго суадносіны з двума вялікімі інстынктамі: жыцця і смерці, то значна пераважаў бы адзін бок — інстынкт смерці. Вось таму капітан быў баязліўцам.

У капітана Пендэртана было таксама нешта ад вучонага. Калі ён быў малады, нежанаты лейтэнант і меў шмат магчымасці чытаць, таварышы па службе звычайна абыходзілі пакой у доме, дзе ён кватараваў разам з іншымі халастымі афіцэрамі, а калі і заходзілі да яго, дык толькі па двое ці кампаніяй. Галава ў капітана была поўная навукова-дакладных статыстычных звестак і інфармацыі. Ён, напрыклад, мог дэталёва апісаць цікавы апарат стрававання ў амара ці жыццёвы цыкл у трылабіта. Ён выдатна гаварыў і пісаў на трох мовах, разбіраўся ў астраноміі і прачытаў шмат паэтычных зборнікаў. Але, нягледзячы на веданне мноства асобных фактаў, у яго ў галаве за ўсё жыццё не ўзнікла ніводнай ідэі. Бо каб нарадзілася ідэя, трэба спалучыць сама меней два факты. А на гэта капітану не хапала мужнасці.

Седзячы ў той вечар за сталом, не маючы сілы ўзяцца за работу, ён не аналізаваў сваіх пачуццяў. У думках зноў быў твар радавога Уільямса. Потым ён успомніў, што яны запрасілі сёння на вячэру суседзяў — Лэнгданаў. Маёр Морыс Лэнгдан быў палюбоўнікам яго жонкі, але не пра гэта былі яго думкі. Ён раптам успомніў адзін даўні вечар, было гэта неўзабаве пасля таго, як яны пажаніліся. Тады яго раптам ахапіла такая ж непрыемная трывога, і ён знайшоў дзіўны спосаб пазбыцца яе. Ён паехаў у гарадок непадалёку ад гарнізона, дзе тады служыў, вылез з машыны і доўга блукаў па вуліцах. Было гэта глыбокай зімовай ноччу. Нечакана капітан наткнуўся на малюсенькае кацяня, што скурчылася каля дзвярэй аднаго дома. Кацяня знайшло там сабе прытулак і, зідаць, спрабавала схавацца ад холаду; калі капітан нахіліўся, ён пачуў, што кацяня муркоча. Ён падняў кацяня і, адчуўшы, як яно дрыжыць у яго далоні, доўга ўглядаўся ў далікатную пысачку і гладзіў мяккую поўсць. Кацяня было зусім маленькае: відаць, толькі нядаўна расплюшчыліся чыстыя зялёныя вочкі. Нарэшце капітан пайшоў далей па вуліцы, узяўшы з сабой кацяня. На рагу была паштовая скрынка, і капітан, хуценька азірнуўшыся, адчыніў яе і ўвапхнуў кацяня ў яе стылае нутро. Зрабіўшы гэта, ён пайшоў далей.

Капітан пачуў, як грукнулі дзверы, і падняўся з-за стала. У кухні на стале сядзела яго жонка, і служанка-негрыцянка сцягвала з яе боты. Місіс Пендэртан не была стопрацэнтная жыхарка паўднёвых штатаў. Яна нарадзілася і гадавалася сярод вайскоўцаў, і яе бацька, які за год перад адстаўкай даслужыўся да брыгаднага генерала, паходзіў з заходняга ўзбярэжжа краіны. Маці была з Паўднёвай Караліны. I капітанава жонка ў пэўным сэнсе належала да гэтага тыпу людзей — жыхароў Поўдня. Газавая пліта ў іх доме не зарасла брудам, але і сказаць, што яна чыстая, таксама было нельга. Місіс Пендэртан прытрымлівалася многіх іншых традыцыйных уяўленняў, тыповых для жыхароў Поўдня; яна, напрыклад, цвёрда верыла, што пірожнае або хлеб нельга есці, калі цеста не раскачалі на мармуровым стале. Якраз таму, калі капітана аднойчы накіравалі служыць у Шофілд-Бэракс, яны пацягнулі з сабой і стол, на якім яна цяпер сядзела, на Гаваі, а потым назад. Калі яна знаходзіла ў талерцы чорны кручаны волас, яна спакойна вымала яго на сурвэтку і ела далей са смакам, нават вокам не маргнуўшы.