— Сузі,— спыталася місіс Пендэртан,— а ў людзей таксама ёсць такія пупкі, як у курэй?
Капітан стаяў у дзвярах, не заўважаны ні жонкай, ні служанкай. Місіс Пендэртан скінула боты, басанож прайшла па кухні, дастала з духоўкі кавалак шынкі, пасыпала карычневым цукрам і хлебнымі крошкамі, зноў наліла сабе віскі, гэты раз паўкілішка, і ад лішняй энергіі раптам пусцілася ў скокі — выканала кароткі эксцэнтрычны танец. Капітана жонка вельмі раздражняла, і яна ведала гэта.
— Напрамілы бог, Леанора, ідзі наверх і абуйся.
У адказ місіс Пендэртан завяла нейкі дзіўны матыўчык і прайшла міма капітана ў залу.
Капітан пайшоў за ёю.
— У такім выглядзе ты падобная на кудлу.
У каміне ўжо ляжалі прыгатаваныя дровы, і місіс Пендэртан нагнулася запаліць іх. Яе гладкі міленькі твар заружавеўся, на верхняй губе блішчалі кропелькі поту.
— Лэнгданы могуць прыйсці з хвіліны на хвіліну, а ты што, у такім выглядзе і сядзеш за стол?
— Вядома,— адказала яна.— А чаму не, слухай, ты, старая размазня.
Капітан прамовіў холадна і стрымана:
— Ты мне агідная.
Місіс Пендэртан зарагатала; смех быў мяккі і шалёны, нібыта яна пачула доўгачаканую скандальную навіну ці прыгадала які-небудзь фрывольны жарт. Яна зняла з сябе вязаны жакет, скамячыла яго і шпурнула ў кут. Потым павольна расшпіліла брыджы і выйшла з іх, калі яны асунуліся на падлогу. Праз момант яна ўжо зусім голая стаяла перад камінам. Асветленае яркімі аранжава-залатымі водбліскамі агню, яе цела было надзвычай прыгожае. Плечы былі роўныя, ключыцы ўтваралі выразную лінію. Паміж круглых грудзей віднеліся тонкія блакітныя жылкі. Праз некалькі гадоў яе цела распусціцца, як ружа, раскрые пялёсткі, цяпер жа мяккую круглявасць яшчэ стрымліваў спорт. Леанора стаяла нерухома і спакойна, здавалася, яе цела трапеча і даволі крануць яго рукой, як адчуеш прыціхлае, але энергічнае пульсаванне крыві. Капітан глядзеў на жонку разгублена і абурана, як чалавек, якому толькі што далі аплявуху; тая ж спакойна пайшла ў прыхожую і далей да лесвіцы. Дзверы на вуліцу былі расчыненыя, і з цемры ночы дзьмуў вецер, развяваючы яе распушчаныя медныя валасы.
Яна прайшла да палавіны, калі капітан апрытомнеў ад шоку. Трасучыся, ён пабег за ёю.
— Я заб’ю цябе! — крыкнуў ён, задыхаючыся.— Чуеш? Заб’ю!
Капітан упёрся рукой аб парэнчу і прысеў, паставіўшы адну нагу на вышэйшую прыступку, як бы рыхтуючыся кінуцца на жонку.
Яна паволі павярнулася і, безуважна паглядзеўшы на яго, сказала:
— Сынок, цябе калі-небудзь выкідала за каршэнь на двор і лупцавала голая жанчына?
Капітан застыў на месцы. Ён схіліў галаву навыцягнутую руку і ўсім целам абапёрся аб парэнчу. З яго грудзей вырваўся рэзкі крык, падобны на плач, хоць вочы засталіся сухімі. Праз нейкі час ён выцер шыю хустачкай і тады заўважыў, што дзверы на вуліцу адчыненыя, дом — ярка асветлены, а шторы — паднятыя. Ад гэтага яму адразу зрабілася млосна. Хто-небудзь мог прайсці па цёмнай вуліцы каля дома. Ён падумаў пра салдата, які яшчэ зусім нядаўна быў паблізу. Нават ён мог убачыць усё, што адбылося. Капітан збянтэжана азірнуўся. Нарэшце ён пайшоў у кабінет, дзе ў яго быў графін вытрыманага віскі.
Леанора Пендэртан не баялася ні людзей, ні звяроў, ні самога чорта, бога таксама не ведала. Калі ўспаміналі бога, адзінае, што ёй прыходзіла ў галаву — гэта стары бацька, які часам у нядзелю пасля абеду чытаў біблію. З той кніжкі яна помніла толькі дзве рэчы: па-першае, што Ісуса распялі на крыжы ў месцы, якое называецца гара Галгофа, па-другое, што аднойчы ён ехаў вярхом некуды на асле, ну, а каму ахвота ездзіць вярхом на асле?
Праз пяць хвілін Леанора Пендэртан ужо забылася, што адбылося паміж ёй і мужам. Яна наліла вады ў ванну і падрыхтавала тое, у што збіралася адзецца сёння вечарам. Пра Леанору Пендэртан хадзіла шмат плётак. На думку гарнізонных дам, яе мінулыя і цяперашнія раманы ўяўлялі стракаты калейдаскоп амурных прыгод. Але большасць з таго, пра што пляткарылі дамы, былі ўсяго толькі чуткі і здагадкі, бо Леанора Пендэртан належала да тых людзей, што аддаюць перавагу спакою і не любяць ніякіх ускладненняў. Яна выйшла замуж за капітана нявінная. Чатыры ночы пасля вяселля яна па-ранейшаму заставалася нявінная; на пятую перайшла ў новы статус, які не прынёс нічога новага, акрамя хіба невялікай разгубленасці. Пра далейшае лепш памаўчаць. Калі б Леанора ацэньвала свае раманы па распрацаванай ёй самой сістэме, то стары палкоўнік у Лівенворце атрымаў бы палову рахунку, а малады лейтэнант з Гаваяў — усяго некалькі працэнтаў. Але апошнія два гады ў яе быў толькі маёр Морыс Лэнгдан, і нікога больш. Ім яна была цалкам здаволеная.