Выбрать главу

Ён забавіўся ў лесе, збіраючы сырое буйное лісце. Калі нарэшце загад быў выкананы, ён, кіруючыся ў сталовую на вячэру, ішоў міма дома капітана. Выпадкова зірнуў на вокны ярка асветленай пярэдняй і ўжо не змог скрануцца з месца. Ён моўчкі стаяў у начной цішыні, бязвольна апусціўшы рукі. Калі, вячэраючы, пачалі рэзаць шынку, ён глытнуў сліну. Сумны пранізлівы позірк салдата быў скіраваны на капітанаву жонку. Маўклівы выраз яго твару не змяніўся ад убачанага, толькі залаціста-карычневыя вочы часам звужаліся, быццам у галаве нараджаўся нейкі таямнічы план. Калі капітанава жонка пайшла са сталовай, ён яшчэ нейкі час пастаяў на тым самым месцы. Потым паволі адвярнуўся. На роўную траву газона, асветленага вокнамі, што засталіся за яго спіной, лёг яго доўгі цень. Салдат пайшоў прэч, як бы згінаючыся пад цяжарам незразумелай мроі, і крокі яго былі мяккія і зусім нячутныя.

РАЗДЗЕЛ II

На другі дзень радавы Уільямс пайшоў на стайню на досвітку. Сонца яшчэ не ўзышло, паветра было празрыстае і халоднае. Да вільготнай зямлі прыпадалі малочна-белыя пасмы туману, а неба было срэбрана-шэрае. Сцежка да стайні пралягала каля абрывістага адхону, з якога адкрывалася шырокая панарама запаведніка. Лес стаяў ва ўсёй восеньскай красе, сярод чарнавата-зялёных сосен ярка вылучаліся малінава-жоўтыя плямы. Уільямс паволі ішоў па замеценай лісцем сцежцы. Часам ён прыпыняўся і стаяў зусім нерухома, нібы ўслухоўваючыся ў нейкі далёкі покліч, што далятаў да яго. Загарэлы твар расчырванеўся ад ранішняга паветра, а на вуснах бялелі плямкі малака, якое ён піў у сняданне. Так, не спяшаючыся і раз-пораз спыняючыся, салдат прыйшоў на стайню якраз з усходам сонца.

У стайні было яшчэ зусім цёмна і бязлюдна. Паветра было цяжкае і цёплае, насычанае кіславата-прытарным пахам. Калі салдат праходзіў уздоўж стойлаў, коні мерна дыхалі, часам уздрыгвалі ў сне, ціха ржалі. На яго глянулі маўклівыя светлыя вочы. Салдат дастаў з кішэні пакунак з цукрам, і рукі яго неўзабаве зрабіліся цёплымі і ліпкімі ад сліны. Ён зайшоў у стойла адведаць кабылку, што павінна была вось-вось ажарабіцца, паглядзеў яе пухлы жывот і пастаяў крыху побач, абняўшы жывёліну за шыю. Потым ён выпусціў мулаў на пашу ў спецыяльную загарадку. Уільямс нядоўга заставаўся адзін сярод коней — хутка прыйшлі яшчэ салдаты. Была субота — вельмі напружаны дзень на стайні, бо з раніцы праводзіліся заняткі па верхавой яздзе для дзяцей і жонак афіцэраў гарнізона. Стайня напоўнілася людской гамонкай і тупатам ног; коні занепакоіліся ў сваіх стойлах.

Місіс Пендэртан у тую раніцу прыйшла адна з першых. Яе суправаджаў, як гэта здаралася часта, маёр Лэнгдан. Сёння з імі быў капітан Пендэртан, што было выключэнне з правілаў, бо звычайна ён ездзіў на кані адзін, да таго ж у канцы дня. Усе трое сядзелі на бар’еры загарадзі, чакаючы, пакуль асядлаюць іх коней. Радавы Уільямс першага вывеў Жарптаха. Раны, пра якія напярэдадні гаварыла капітанава жонка, былі зусім не такія сур’ёзныя. Іх змазалі ёдам. Калі каня выводзілі на яркае сонечнае святло, той нервова надзімаў ноздры і азіраўся па баках, махаючы галавой. Яго гладкая вычышчаная скура блішчала, нібы шаўковая, густая грыва пералівалася на сонцы.

На першы погляд конь быў занадта вялікі і ламаваты для чыстакроўнага жарабца. Ляжкі былі шырокія і мясістыя, а ногі — таўставатыя. Але хадзіў ён з надзвычайнай, вогненнай грацыёзнасцю і аднойчы на спаборніцтвах у Кэмдане апярэдзіў свайго знакамітага бацьку — тагачаснага чэмпіёна. Калі місіс Пендэртан села на каня, ён двойчы стаў на дыбкі і хацеў ірвануць да сцяжыны, што вяла да моста. Капітанава жонка нацягнула повад, конь выгнуў шыю, высока падняў хвост і пачаў адступаць убок, шалёна б’ючы капытамі, ды так, што на храпе ў яго выступіла пена. У час гэтага паядынку місіс Пендэртан рагатала, і, калі гаварыла да Жарптаха, голас яе дрыжаў ад запалу і ўсхваляванасці: «Ну, даражэнькі, ну, шэльма!» Паядынак скончыўся гэтак жа раптоўна, як і пачаўся. Такія кароткія сутычкі здараліся кожную раніцу, і іх ужо нельга было назваць сапраўднай барацьбой. Калі каня, тады яшчэ дрэнна аб’езджанага жарабца, першы раз прывялі на стайню, ён і праўда быў наравісты. Два разы місіс Пендэртан падала з яго кулём, і аднойчы, калі яна вярнулася пасля чарговай прагулкі, салдаты заўважылі, што яна пракусіла ніжнюю губу, а жакет і сарочка ў яе былі запэцканыя крывёю.