Цяпер жа такія вось кароткія штодзённыя паядынкі мелі тэатральны, штучны характар — гэта была жартаўлівая пантаміма, якую яны выконвалі сабе на забаву і на пацеху гледачам. Нават калі на храпе ўскіпела пена, конь рухаўся з наравістай грацыёзнасцю, нібы ўсведамляючы, што ён у цэнтры ўвагі. Але вось усё скончылася, конь стаў і толькі раз уздыхнуў, зусім як малады муж, калі ён, смеючыся, уздыхае і паціскае плячыма, паддаючыся жаданню любімай і свавольнай жонкі. Калі не лічыць гэтых імітацый бунту, можна было ўпэўнена сказаць: конь прайшоў поўную вывучку.
Усім, хто рэгулярна ездзіў на конях, салдаты давалі мянушкі, якімі потым называлі іх між сабою. Маёра Лэнгдана празвалі Буйвал. Гэта таму, што, седзячы ў сядле, ён апускаў шырокія масіўныя плечы і нагінаў наперад галаву. Маёр быў выдатны коннік і, калі быў маладым лейтэнантам, заваяваў выключную славу гульнёй у пола. Капітан жа Пендэртан быў нікуды не варты коннік, хоць сам пра гэта не здагадваўся. Ён сядзеў ненатуральна, як баран, педантычна захоўваючы пазіцыю, паказаную інструктарам. Ён, бадай, ніколі больш не сеў бы на каня, калі б убачыў сябе са спіны. Яго зад звісаў, трасучыся па баках сядла. Менавіта таму салдаты і празвалі яго капітан Трасазад. Місіс Пендэртан называлі проста пані, такой вялікай павагай яна карысталася на стайні.
У тую раніцу ўсе тры коннікі на чале з місіс Пендэртан нетаропка адзін за адным выехалі на прагулку. Радавы Уільямс глядзеў услед, пакуль яны не зніклі з вачэй. Хутка па тупаце капытоў, што чуваць быў здалёк, ён здагадаўся, што коні перайшлі ў лёгкі галоп. Сонца ў гэты час свяціла ярка, і таму неба здавалася цямнейшым, яно было цёплае і ярка-сіняе. У свежым паветры адчуваўся пах гною і дыму ад вогнішчаў, у якіх палілі апалае лісце. Салдат стаяўнерухома так доўга, што да яго нарэшце падышоў сяржант і зычліва гаркнуў:
— Эй, ты, пан Непрытомны, ты што, усё жыццё збіраешся тут стаяць разявіўшы рот?
Тупату капытоў ужо не было чуваць. Салдат адкінуў валасы з ілба і ўзяўся за работу. За ўвесь дзень ён не прамовіў ні слова.
Позна ўвечары салдат пераадзеўся ў чыстае і пайшоў у лес. Спярша ён ішоў ускрайкам запаведніка, пакуль не апынуўся на тым самым участку, які ён раскарчоўваў па загаду капітана Пендэртана. Дом быў асветлены не так ярка, як напярэдадні. Святло гарэла толькі ў адным пакоі справа на другім паверсе і на невялічкай верандзе, што тулілася да дзвярэй у сталовую. Падышоўшы бліжэй, салдат убачыў, што капітан сядзіць адзін у сваім кабінеце, а яго жонка знаходзіцца ў пакоі на другім паверсе, адкуль праз прыштораныя вокны прабівалася святло. Дом, як і астатнія будынкі ў гэтым квартале, быў новы, таму вакол яго яшчэ не паспела нарасці зеляніна. Але па загаду капітана недзе выкапалі дванаццаць кустоў біручыны і пасадзілі іх пад шнур каля дома, каб двор не выглядаў так гола і неабжыта. Салдата, які схаваўся ў засені гэтых вечназялёных шыракалістых кустоў, цяжка было заўважыць з вуліцы ці з суседняга дома. Ён стаяў так блізка да капітана, што, калі б акно было адчыненае, пры жаданні мог бы дакрануцца рукой.
Капітан Пендэртан сядзеў за сталом спіной да Уільямса. У час заняткаў ён быў нервова ўзбуджаны. На стале побач з кнігамі і паперамі стаялі пунсовы графін, тэрмас з чаем і скрыначка з цыгарэтамі. Капітан піў гарачы чай і чырвонае віно. Кожныя дзесяць — пятнаццаць мінут устаўляў новую цыгарэту ў бурштынавы муштук. Працаваў ён да дзвюх гадзін ночы, і ўвесь гэты час салдат сачыў за ім.
Тая ноч стала пачаткам дзівацтваў. Салдат кожны вечар зноў і зноў прыходзіў з лесу на тое самае месца і глядзеў, што рабілася ў капітанавым доме. Вокны ў сталовай і зале былі завешаныя цюлевымі фіранкамі, праз якія салдат бачыў усё, а яго самога згледзець было вельмі няпроста. Ён стаяў ля акна, збоку, і таму заставаўся ў цемры. Нічога асаблівага ў доме не здаралася. Часта Пендэртаны вечарамі бывалі ў гасцях, дамоў вярталіся позна. Аднойчы яны самі запрасілі на вячэру шасцёра гасцей. Але большасць вечароў праводзілі разам з маёрам, які прыходзіў адзін ці з жонкай. Яны выпівалі, гулялі ў карты і гутарылі, седзячы ў зале. Салдат не зводзіў вачэй з капітанавай жонкі.
У той самы час у паводзінах радавога Уільямса заўважылі перамену. У яго з’явілася звычка раптоўна спыняцца і доўга ўглядацца ў што-небудзь проста перад сабой. Чысцячы стойла ці запрагаючы мула, ён нечакана ўпадаў у транс. Застыўшы ў нерухомасці, ён часам нават не рэагаваў, калі яго клікалі. Сяржант, пад камандай якога Уільямс быў прыпісаны да стайні, заўважыў гэта і занепакоіўся. Яму неаднойчы даводзілася заўважаць такую дзіўную звычку ў маладых салдат, што пачыналі сумаваць па дому, па жанчынах, а потым падумваць і пра дэзерцірства. Але калі сяржант падступаў да радавога Уільямса з роспытамі, той адказваў, што ён наогул ні пра што не думае.