Элісан зноў узяла кнігу.
— Мы падумаем пра гэта.
— Напрамілы бог, нават не думай і купі сабе гэту сукенку,— усклікнуў маёр. Яму непрыемна было слухаць усе гэтыя разважанні Элісан пра цэны.
— I калі ўжо зайшла пра гэта размова, то, можа, варта заказаць які лішні ярд мне на пінжак,— дадаў Анаклета.
— Добра. Калі я ўсё ж надумаю купіць гэту тканіну.
Анаклета наліў Элісан лякарства і зморшчыўся, пакуль яна піла яго. Потым падлажыў ёй пад спіну электрычную грэлку і расчасаў валасы. Але выходзячы з пакоя, ён не змог спакойна прайсці каля вялікага, у рост чалавека, люстэрка, што было прымацавана на дзвярах шафы ў сцяне. Спыніўшыся, ён аглядзеў сябе ў люстэрку, выцягнуў насок нагі і адкінуў галаву.
Потым павярнуўся да Элісан і зноў пачаў пасвістваць.
— Адкуль гэта? Вы з лейтэнантам Вайнчакам ігралі ў чацвер пасля абеду.
— Першы такт Санаты ля-мажор Франка.
— Паслухайце! — з хваляваннем усклікнуў Анаклета.— Якраз у тую хвіліну гэта самая мелодыя падказала мне ідэю балета. Чорныя аксамітавыя кулісы і водсветы сонца на захадзе, нібыта зімовым надвячоркам. Спачатку вельмі павольна з удзелам усёй трупы. Потым пражэктар высвятляе сольны нумар, вельмі імклівы, як агонь, пад вальс, што выконваў містэр Сяргей Рахманінаў. Потым у фінале зноў Франк, толькі цяпер,— ён глянуў на Элісан дзіўнымі яснымі вачыма,— хмельны!
Пасля гэтых слоў ён пачаў танцаваць. Год назад яго бралі з сабой на рускі балет, і ён ніяк не мог забыць яго. Ніводны гук, ніводны рух не застаўся ім незаўважаны. Рухаючыся на шэрым дыване ў млявай пантаміме ўсё павальней і павальней, ён нарэшце спыніўся са складзенымі накрыж нагамі ў сандалях і рукамі, нібы для малітвы. Потым раптам лёгка крутнуўся і завіхурыў у кароткім, але шалёным сольным танцы.
Па яго натхнёным твары было відаць, што ў думках ён бачыў сябе на вялізнай сцэне зоркай першай велічыні ў грандыёзным спектаклі. Элісан таксама не хавала свайго захаплення. Маёр глядзеў то на яе, то на яго з недаверам і прыкрасцю. Канец танца быў як п’яная пародыя на пачатак. У фінале Анаклета спыніўся ў недарэчнай позе, трымаючы ў адной руцэ локаць другой і падпёршы кулаком падбародак з грымасай збянтэжанасці на твары.
Элісан засмяялася.
— Брава! Брава! Анаклета!
Яны пачалі смяяцца разам, і філіпінчык абапёрся аб дзверы, шчаслівы і крыху ўзрушаны. Нарэшце ён аддыхаўся і ўсклікнуў у захапленні:
— Вы заўважылі, як «брава» добра пасуецца да «Анаклета» ?
Элісан перастала смяяцца і задуменна кіўнула галавой:
— Сапраўды, Анаклета. Я заўважала гэта многа разоў.
Філіпінчык пайшоў, але затрымаўся на парозе. Ён абвёў позіркам пакой, правяраючы, ці ёсць яшчэ якая патрэба ў яго паслугах. Потым паглядзеў Элісан у твар, і яго вочы раптам зрабіліся праніклівыя і вельмі сумныя.
— Паклічце мяне, калі я вам спатрэблюся,— коратка прамовіў ён.
Было чуваць, як ён спачатку паволі, а потым з падскокам спускаўся па лесвіцы. На апошніх прыступках ён, відаць, паспрабаваў зрабіць ужо нешта зусім віртуозна, бо раптам пачуўся грукат. Калі маёр выйшаў на лесвіцу, Анаклета ўжо ўставаў, сабраўшыся з сіламі, мужна стараўся трымацца з гонарам.
— Ён не пакалечыўся? — занепакоена спыталася Элісан.
Анаклета падняў на маёра вочы, поўныя слёз.
— Усё ў парадку, пані Элісан,— крыкнуў ён.
Маёр нахіліўся і паволі прашаптаў, варушачы так вуснамі, каб Анаклета мог разабраць словы:
— Шкада — што — ты — не — скруціў — сабе — галавы.
Анаклета ўсміхнуўся, паціснуў плячыма і пайшоў, кульгаючы, у сталовую. Маёр вярнуўся ў спальню і ўбачыў, што жонка зноў чытае. Яна не ўзняла галавы, таму ён пайшоў праз калідор у свой пакой, грукнуўшы за сабою дзвярыма. Яго пакой быў маленькі, даволі непрыбраны, і адзіным упрыгожаннем у ім былі кубкі, якія ён атрымаў, удзельнічаючы ў конных спаборніцтвах. На тумбачцы каля ложка ляжала разгорнутая кніга — вельмі мудрагелістая і вучоная.
Старонка была закладзена запалкай. Маёр адгарнуў яшчэ каля сарака старонак — аптымальную колькасць на вечар — і залажыў запалкай новае месца. Потым ён выцягнуў з-пад стоса кашуль у шуфлядзе камоды надрукаваны на таннай паперы часопіс «Навуковая фантастыка» — адзін з тых, што спецыялізуюцца на розных сенсацыях. Ён уладкаваўся зручней у ложку і пачаў чытаць пра жорсткую міжпланетную супер-вайну.
У гэты час у пакоі па другі бок калідора яго жонка, адклаўшы кнігу, моўчкі сядзела ў ложку з падаткнутай пад спіну падушкай. Твар у яе быў скрыўлены ад болю, а хваравітыя вочы трывожна аглядалі сцены пакоя. Элісан строіла планы. Яна развядзецца з Морысам — гэта ўжо вырашана. Але як усё гэта зрабіць? I, што самае галоўнае, ці змогуць яны з Анаклетам зарабляць сабе на жыццё? Яна заўсёды з пагардай ставілася да жанчын, што, не маючы дзяцей, прымалі аліменты, а наколькі яна зможа захаваць хоць крыху гонару, залежала ад таго, ці хопіць у яе рашучасці адмовіцца ад яго грошай пасля разводу. Але ж куды яны пададуцца — яна і Анаклета? Перад тым як выйсці замуж, яна год выкладала лацінскую мову ў жаночай школе, але цяпер, з яе здароўем, пра гэта не магло быць і гаворкі. Можа, кнігарня? Тут павінна быць нешта такое, чым мог бы займацца Анаклета ў тым выпадку, калі яна захварэе. А можа, яны маглі б лавіць крэветак? Аднойчы яна разгаварылася на беразе мора з рыбакамі, што лавілі крэветак. Быў адзін з тых дзён, калі на ўзбярэжжы ўсё навокал было блакітна-залацістае, і ёй расказалі многа цікавага. Яна і Анаклета выходзілі б у мора і, закінуўшы сеткі, заставаліся б там цэлы дзень, а навокал — толькі халодны салёны вецер, акіян і сонца — Элісан неспакойна пакруціла галавой. Што за фантазія!