Выбрать главу

Маёр вінавата хіхікнуў, накрыўся з галавой прасціною і адразу захроп.

***

А палове першай ночы капітан Пендэртан, ахоплены трывогай, адзінока сядзеў у сваім кабінеце. Ён працаваў над манаграфіяй, але ў гэтую ноч справа ішла марудна, хоць ён і выпіў шмат віна, чаю і выкурыў дзесятак цыгарэт. Нарэшце ён зусім устаў з-за стала і пачаў нервова хадзіць па пакоі. У жыцці мужчыны бываюць моманты, калі вельмі хочацца мець побач чалавека, якога б кахаў, якім бы апекаваўся, якому б давяраў усе свае думкі і пачуцці. I наадварот — здараюцца моманты, калі злосць, расчараванне, страх перад жыццём шукаюць выйсця ў нянавісці. У бедалагі капітана не было аб’екта нянавісці, і вось ужо некалькі месяцаў ён адчуваў сябе няшчасным.

Элісан Лэнгдан, гэты даўганосы шматпакутны Іоў у спадніцы, і яе мярзотны філіпінец выклікалі ў яго агіду. Але ён не мог ненавідзець Элісан, бо яна не давала падставы. Капітана страшэнна злавала, што ён быў абавязаны Элісан. На ўсім свеце толькі яна ведала адну прыкрую рысу яго характару: у капітана Пендэртана была схільнасць да клептаманіі. Ён увесь час стрымліваў у сабе жаданне прысвоіць рэчы, якія ён бачыў у чужым доме. I ўсё ж двойчы гэта яго слабасць перамагала. У дзяцінстве, калі яму было сем гадоў, яму так дапёк мясцовы хуліган — тыран школьнага двара, які аднойчы і з яго паздзекаваўся, што Пендэртан украў з туалетнага століка сваёй цёткі старадаўнюю шкатулку і падарыў яму, каб даказаць сваю прыхільнасць. I тут у гарнізоне, праз дваццаць сем гадоў, зноў паддаўся спакусе.

Аднаго разу на вяселлі яму так спадабалася арыгінальная прыгожая дэсертная лыжачка, вельмі тонкай, да таго ж старадаўняй работы, што ён не вытрываў. Калі ў выніку спрытнай маніпуляцыі трафей быў ужо ў кішэні, ён раптам зразумеў, што Элісан, якая сядзела побач з ім, усё гэта бачыла. Яна паглядзела яму проста ў твар са здзіўленнем. Нават цяпер ён уздрыгваў кожны раз, калі думаў пра гэта. Спачатку Элісан доўга глядзела яму ў вочы, а потым пачала смяяцца. Ды як! Аж рагатала, нават падавілася, і яе давялося злёгку стукнуць кулаком па спіне. Нарэшце, папрасіўшы прабачэння, яна пайшла ад стала. I ўвесь той вечар кожны раз, калі ён кідаў на яе позірк, яна адказвала яму ўсмешкай. З таго часу яна не спускала з яго вачэй, калі садзіла за стол у сваім доме. Лыжачку ён схаваў у сваёй шафе, загарнуўшы ў шаўковую хустачку, і яна ляжала там у скрынцы ад бандажа.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, ён не мог ненавідзець Элісан. Як не мог ён па-сапраўднаму ненавідзець і сваю жонку. Леанора даводзіла яго да вар’яцтва, але нават у самыя шалёныя прыпадкі рэўнасці ён не мог ненавідзець яе больш чым ката, каня ці тыграня. Капітан хадзіў па кабінеце, раздражнёна піхаючы нагой усё, што трапляла на вочы. Калі Элісан нарэшце вырашыла развесціся з Морысам, што з усяго гэтага атрымаецца? У капітана не хапала духу, каб абдумаць такі варыянт, бо яго гняло тое, што ён можа застацца адзін.

Капітану здалося, што ён пачуў нейкі падазроны гук, і таму ён адразу спыніўся. Не, у доме было ціха. Капітан, як ужо гаварылася, быў баязлівец. Здаралася, калі ён заставаўся сам-насам, яго ахопліваў незразумелы жах. I цяпер, калі капітан стаяў у цішы пасярод пакоя, яму здавалася, што нервовасць і пакутлівы стан выкліканы не сіламі, што залежаць ад людзей і таму маглі быць у нейкай меры яму падуладныя, а нейкімі знешнімі абставінамі, якія можна ўсведамляць хіба толькі на адлегласці. Капітан збянтэжана акінуў позіркам пакой. Потым навёў парадак на пісьмовым стале і адчыніў дзверы.

Леанора заснула на дыване перад камінам у зале. Капітан глянуў на яе і ціха засмяяўся. Жонка ляжала на баку, і ён злёгку таўхануў яе нагой. Яна прамармытала нешта пра тое, як гатаваць індычку, але не прачнулася. Капітан нахіліўся, страсянуў яе, сказаў некалькі слоў ёй проста ў твар і нарэшце паставіў на ногі. Але як тое дзіця, якое будзяць, каб завесці ў туалет, дзе яно адбывае апошнюю за ноч павіннасць, Леанора магла спаць нават стоячы. Калі капітан валок яе ўгору па лесвіцы, яна па-ранейшаму мармытала нешта пра індычку.