Выбрать главу

— Няхай мяне лепш чэрці возьмуць, чым я цябе буду распранаць,— сказаў капітан.

Але Леанора сядзела на ложку нерухома, і, паназіраўшы за ёй некалькі мінут, ён зноў засмяяўся і распрануў яе. Ён не надзеў начной сарочкі, бо ў шуфлядах камоды быў такі беспарадак, што там проста нельга было яе знайсці. Да таго ж Леанора заўсёды любіла спаць, як яна казала, галышом. Калі Леанора ўжо была ў ложку, капітан падышоў да фатаграфіі, што вісела на сцяне і што ўжо шмат гадоў займала яго думкі. Гэта быў здымак дзяўчыны гадоў семнаццаці, пад якім быў замілаваны подпіс: «Леаноры з мільёнам найлепшых пажаданняў ад Бутсі». Гэты «шэдэўр» упрыгожваў сцены Леанорыных спальняў больш як дзесяцігоддзе і аб’ездзіў з ёй паўсвету. Але калі Леанору пачалі распытваць пра гэтую самую Бутсі, з якой яны некалі жылі ў адным пакоі ў школе-інтэрнаце, яна няўпэўнена адказала, што, здаецца, чула, што Бутсі некалькі гадоў назад утапілася. Да таго ж, прыпёртая да сцяны, яна прызналася, што нават не памятае сапраўднага імя гэтай Бутсі. Тым не менш ужо проста па звычцы здымак вешалі на сцяну.

Капітан зірнуў на жонку, што спала ў ложку. Леанора была гарачая па натуры і паепела ўжо сцягнуць з сябе прасціну, агаліўшы грудзі. Яна ўсміхалася, і капітан падумаў, што, відаць, цяпер яна даядае тую індычку, што гатавала ў сне.

Каб заснуць, капітан піў секанал і так прызвычаіўся да яго, што адной таблеткі было ўжо мала. Ён лічыў, што пры такой цяжкай службе ў пяхотнай школе не варта пакутаваць ад бяссонніцы ўначы, каб раніцай мець нясвежы выгляд. Без адпаведнай дозы секаналу капітан спаў вельмі чуйна і ўвесь час бачыў сны. Сёння ён вырашыў выпіць трайную дозу, бо ведаў, што тады ён адразу праваліцца ў сон, нібыта адурманены хмелем, і не прачнецца раней, як праз шэсць-сем гадзін. Капітан праглынуў таблеткі і лёг у цемры з прыемным прадчуваннем. Гэтая доза давала яму не падобнае ні на што салодкае забыццё: на грудзі яму садзілася вялікая чорная птушка, акідвала яго лютым позіркам сваіх залатых вачэй і потым нечакана ахінала лёгкімі мяккімі крыламі.

***

Радавы Уільямс прастаяў каля дома амаль дзве гадзіны, пакуль там не патухла святло. Зоркі на небе сталі больш цьмяныя, а само неба з чорнага паступова ператварылася ў цёмна-фіялетавае. Толькі па-ранейшаму ярка свяціла сузор’е Арыёна і з цудоўным бляскам зіхацела Вялікая Мядзведзіца. Салдат абышоў дом, спыніўся каля дзвярэй у кухню і асцярожна паспрабаваў адчыніць. Дзверы былі зачыненыя з сярэдзіны, як ён і думаў. Але салдат уставіў у шчыліну лязо нажа і прыўзняў клямку. Выявілася: дзверы з чорнага хода былі незамкнёныя.

Апынуўшыся ў доме, салдат нейкі час стаяў нерухома. Было цёмна і ціха. Нясмела пачаў узірацца ў цемру, пакуль да яе не прывык. Дзе і што размяшчаецца ў доме, ён вывучыў і ведаў. Доўгі калідор і лесвіца падзялялі дом на дзве палавіны. У адной палавіне была вялікая зала, за ёй — пакой служанкі. У другой — сталовая, капітанаў кабінет і кухня. На другім паверсе была вялікая спальня на два ложкі і маленькі пакойчык. Злева былі дзве спальні сярэдняга памеру. Капітан спаў у вялікім пакоі, а яго жонка — у пакоі па другі бок калідора. Салдат асцярожна падняўся па лесвіцы, засланай дывановай дарожкай. Ён стараўся рухацца спакойна. Дзверы пакоя «пані» былі адчыненыя, і, падышоўшы да іх, ён не вагаўся ні хвіліны. Ступаючы мякка, нібы кот, ён зайшоў у пакой.

Пакой быў напоўнены зялёным месячным святлом і ценямі. Капітанава жонка спала ў той самай позе, у якой яе пакінуў муж. Мяккія валасы раскідаліся па падушцы, а грудзі, што паволі і ледзь бачна ўздымаліся ад лёгкага дыхання, былі напалову адкрытыя. На ложку засталося жоўтае шаўковае пакрывала; паветра было насычана саладкавата-дурмановым пахам духоў. Памалу, на пальчыках, салдат падышоў да ложка і схіліўся над жанчынай. Месяц мякка асвятляў іх твары, і яны былі так блізка адзін ад аднаго, што ён чуў яе цёплае роўнае дыханне. У сумных вачах у салдата спачатку з’явілася пільная цікавасць, але праз некалькі хвілін яго суровы твар засвяціўся шчасцем. Малады салдат адчуў вострую і дзіўную, ніколі яшчэ не зведаную ў жыцці асалоду.

Нейкі час ён так і стаяў, нізка нахіліўшыся над жанчынай. Потым, абапёршыся рукой аб падаконнік, ён паволі апусціўся на кукішкі побач з ложкам. Ён утрымліваў раўнавагу, седзячы на шырокіх пальцах ног, выпрастаўшы спіну і палажыўшы моцныя тонкія далоні на калені. Яго вочы свяціліся, нібы круглыя бурштынавыя гузікі, а зблытаныя пасмы валасоў спадалі на лоб.