Выбрать главу

— I праўда,— сказала Элісан.— У мяне гэта зусім выскачыла з галавы.

— Слухай! — сказала Леанора, і яе свежы ружовы твар зачырванеў ад прадчування жаданага эфекту.— Каб ты толькі бачыла цяпер маю кухню! Слухай, як усё будзе. У сталовай я рассуну стол на ўсю шырыню, і кожны будзе падыходзіць і накладаць сабе, што захоча. Прыгатавала пару віргінскіх шынак, вялікую індычку, засмажаную курыцу, нарэзаную халодную свініну, шмат смажаных свіных рэбраў, розныя закускі — марынаваную цыбулю, масліны, радыску. Да таго ж гасцям будуць падаваць гарачыя булачкі і сырнікі, у куце будзе стаяць ваза з пуншам, а тым, хто не захоча разбаўляць, я прыгатавала на буфеце восем літровых бутэлек віскі «Кентакі-бурбон», пяць — жытнёвага віскі і пяць — шатландскага. I яшчэ я запрасіла з горада акардэаніста.

— Але хто ж, напрамілы бог, гэта ўсё з’есць? — спыталася Элісан, праглынуўшы сліну, бо ёй зрабілася моташна.

— Уся хеўра,— з энтузіязмам усклікнула Леанора.— Я абзваніла ўсіх, пачынаючы з жонкі Старога Мілёнка.

«Старым Мілёнкам» Леанора называла генерала — камандуючага гарнізона, нават і калі звярталася да яго. З генералам, як і з іншымі мужчынамі, яна паводзіла сябе раскавана і пяшчотна, і таму не дзіўна, што генерал, як і большасць афіцэраў гарнізона, паслухмяна падпарадкоўваўся ёй. Жонка ў генерала была тлустая, марудлівая, сентыментальная і зусім не прывабная.

— Вось яшчэ чаму я вырашыла зайсці з раніцы,— сказала Леанора.— Ці не змог бы Анаклета наліваць пунш гасцям?

— Ён будзе рады памагчы табе,— адказала за яго Элісан.

Анаклета, які стаяў на парозе, не выказаў асаблівай радасці. Ён з папрокам глянуў на Элісан і пайшоў на першы паверх гатаваць абед.

— Два браты Сузі памагаюць на кухні, і, божа мой, каб ты толькі бачыла, якая гэта ненажэрная зграя! Я ніколі ў жыцці такога не бачыла.

— Між іншым,— спыталася Элісан,— Сузі замужам?

— Не, бог з табой! Яна і знацца не хоча з мужчынамі. Папалася, калі ёй было чатырнаццаць гадоў, і дагэтуль не можа апамятацца. А што?

— Я спыталася, бо амаль упэўнена, што бачыла, як нехта зайшоў у ваш дом з чорнага хода ўчора позна ўночы і выйшаў на досвітку.

— Табе проста здалося,— пастаралася супакоіць Элісан Леанора. Яна лічыла, што ў Элісан не ўсе дома, і не давала веры нават самым звычайным яе словам.

— Можа, і так.

Леаноры стала сумна, і яна ўжо хацела ісці дадому. Але яна лічыла, што візіт суседзяў павінен працягвацца не менш за гадзіну, і таму цярпліва адбывала гэты час. Леанора ўздыхнула і зноў паспрабавала зрабіць хваравітую міну. На яе думку, самай тактоўнай тэмай размоў ля ложка хворага былі хваробы іншых людзей, і яна гаварыла толькі пра гэта, калі толькі не збівалася на размовы пра яду і спорт. Як усе абмежаваныя людзі, яна мела схільнасць да жахлівых гісторый, якія яна са смакам пераказвала і з захапленнем выдумляла сама. Яе трагедыйны рэпертуар абмяжоўваўся ў асноўным страшнымі здарэннямі, звязанымі са спортам.

— Я табе расказвала пра трынаццацігадовую дзяўчынку, што паехала з намі на паляванне на лісіц, была там выжлятнікам і скруціла сабе шыю.

— Ага, Леанора,— адказала Элісан, стараючыся стрымацца.— Ты расказвала мне пра гэта з усімі жудаснымі падрабязнасцямі разоў пяць.

— Гэта цябе нервуе?

— Вельмі.

— Хм.

Леанору зусім не засмуціў такі рэзкі адказ. Яна спакойна закурыла цыгарэту.

— Не слухай нікога, калі табе будуць гаварыць, што так трэба паляваць на лісіц. Я ведаю, бо сама палявала і тым і другім спосабам. Слухай, Элісан! — яна занадта старанна вымаўляла словы і наўмысна гаварыла бадзёрым тонам, нібы звярталася да дзіцяці.— Ты ведаеш, як трэба паляваць на апосумаў?

Элісан кіўнула і паправіла пакрывала.

— Іх трэба заганяць на дрэва.

— I рабіць гэта пешшу,— удакладніла Леанора.— Вось так трэба паляваць і на лісіц. У майго дзядзькі ёсць драўляная хата ў гарах, і мы з братам ездзілі туды. Бывала, калі надарыцца халодны вечар, збяромся чалавек шэсць і пойдзем з сабакамі пасля захаду сонца. За намі яшчэ бег негрытосік, несучы за спіной збан, поўны мяккай і сакавітай кукурузы. Здаралася, цэлую ноч хадзілі за лісіцай. Эх, гэта словамі не апішаш! I ўсё ж,— Леанору перапаўнялі пачуцці, але ў яе не хапала слоў, каб перадаць іх.— Потым вып’ем па апошняй чарцы ў шэсць гадзін і садзімся снедаць. I тут — божа мой! Усе гаварылі, што гэты мой дзядзька быў чалавек з дзівацтвамі, але што на стол паставіць, ён ведаў. Пасля палявання ішлі да стала, ён быў літаральна завалены ікрой, смажанай шынкай, курамі, пячэннем велічынёй што твая рука.