Выбрать главу

Калі Леанора нарэшце пайшла, Элісан не ведала, плакаць ёй ці смяяцца. Яна зрабіла тое і другое даволі істэрычна. Анаклета падышоў да яе і старанна паправіў матрац, выраўняўшы ўмяціну, што засталася пасля Леаноры.

— Я збіраюся развесціся з маёрам, Анаклета,— раптам сказала яна, перастаўшы смяяцца.— Я паведамлю яму пра гэта сёння вечарам.

Па выразу твару Анаклеты яна не зразумела, здзівіла яго гэта паведамленне ці не. Ён пастаяў моўчкі, а потым спытаўся:

— Куды ж мы з вамі тады пададзімся, пані Элісан?

У яе ў галаве ўзнікла і прайшла доўгая чарада планаў, што нарадзіліся ў бяссонныя ночы: выкладаць лацінскую мову ў якім-небудзь студэнцкім горадзе, лавіць крэветак, паслаць Анаклету на якую-небудзь чорную работу, а самой сядзець у пансіёне і браць на дом шыццё. Але яна толькі сказала:

— Гэта я яшчэ не вырашыла.

— Цікава,— сказаў Анаклета ў задуменні,— што будуць рабіць Пендэртаны?

— Цябе гэта не павінна цікавіць, бо не наш клопат.

Тварык у Анаклеты пацямнеў, а сам ён, паклаўшы руку на спінку ложка, задумаўся. Элісан адчувала, што ён хоча яшчэ нешта спытаць, і таму глядзела на яго, чакаючы пытання. Нарэшце ён спытаўся з надзеяй у голасе:

— Як вы думаеце, мы маглі б жыць у гасцініцы?

***

У другой палове дня капітан Пендэртан пайшоў на стайню, каб, як звычайна, паехаць на прагулку. Радавы Уільямс яшчэ быў там, хоць у той дзень павінен быў вызваліцца ў чатыры гадзіны. Капітан загаварыў з пагардай пранізлівым голасам, не гледзячы на маладога салдата.

— Асядлай каня місіс Пендэртан, Жарптаха.

Радавы Уільямс стаяў нерухома, утаропіўшыся ў збялелы напружаны твар капітана.

— Што капітан загадаў?

— Жарптаха,— паўтарыў капітан.— Каня місіс Пендэртан.

Загад быў нечаканы. Раней капітан толькі тры разы ездзіў на Жарптаху, і кожны раз з ім была жонка. У капітана не было свайго каня, і ён браў тых, што былі прыпісаны да стайні. Чакаючы, пакуль выведуць каня, капітан стаяў на адкрытай пляцоўцы, нервова тузаючы за пальцы пальчатку. Калі ж нарэшце Жар-птаха вывелі, ён выказаў сваю нездаволенасць: радавы Уільямс надзеў на каня пляскатае англійскае сядло місіс Пендэртан, а капітану больш падабалася вайсковае сядло тыпу маклелан. Сядло памянялі, капітан зазірнуў каню ў круглыя барвовыя вочы і ўбачыў у іх дрыготкае адлюстраванне свайго збянтэжанага твару. Калі ён садзіўся вярхом, радавы Уільямс трымаў каня за вуздэчку. Капітан сеў увесь напружаны, моцна сціскаючы зубы, і ўпёрся каленямі ў сядло. Салдат стаяў безуважна, па-ранейшаму трымаючыся за вуздэчку.

Праз нейкі час капітан сказаў:

— Ну, што там, радавы, бачыш, я ўжо сеў. Адпускай!

Радавы Уільямс адступіў на некалькі крокаў. Капітан нацягнуў повад і напружыў ногі. Ніякай рэакцыі. Конь не рвануўся наперад і не закусіў цуглі, як гэта здаралася кожную раніцу, калі на ім была місіс Пендэртан, а спакойна стаяў, чакаючы каманды. Зразумеўшы гэта, капітан ажывіўся ад раптоўнай зласлівай радасці. «Ага,— падумаў ён.— Яна надламала яго дух, як я і прадбачыў». Капітан прышпорыў каня і ўдарыў яго кароткім плеценым бізуном. Яны рушылі галопам па дарожцы для верхавой язды.

Дзень быў пагодны. Лёгка дыхалася паветрам,насычаным гаркавата-салодкім пахам сасны і прэлага лісця. На неабсяжным блакітным небе не было ні воблачка. Конь, якога ў той дзень яшчэ не выводзілі са стайні, здавалася, крыху ашалеў ад асалоды вольнага бегу. Жарптах, як і большасць коней, рабіўся наравісты, вырваўшыся на волю адразу ж пасля выпасу. Капітан ведаў гэта, і таму наступны яго ўчынак быў вельмі нечаканы. Праскакаўшы мерным галопам, відаць, тры чвэрці мілі, капітан раптам рэзка рвануў апушчаны повад. Рывок быў такі нечаканы, што Жарптах страціў раўнавагу, нязграбна ступіў убок і стаў дыбкі. Потым ён спакойна спыніўся здзіўлены, але паслухмяны. Гэта вельмі ўзрадавала капітана.

Гэты манеўр быў паўтораны двойчы. Капітан адпускаў повад, пакуль Жарптах не адчуе радасці волі, а потым раптоўна асаджваў яго назад. Капітан і раней рабіў так. Шмат разоў за жыццё ён вызначаў дзіўныя і таемныя спосабы пакарання, сэнс якіх было б цяжка растлумачыць іншым людзям.

Трэці раз конь спыніўся, як звычайна, але ў гэты момант здарылася нешта такое, што прымусіла капітана занепакоіцца, і яго задаволенасць адразу знікла. Калі яны ўжо стаялі нерухома, адны на дарожцы, конь паволі павярнуў галаву і глянуў капітану ў твар. Потым памалу апусціў галаву да зямлі, прыціснуўшы вушы.

Капітан раптам зразумеў, што конь яго зараз скіне і не толькі скіне, але і заб’е. Капітан заўсёды баяўся коней: ездзіў на іх, бо так было заведзена і таму што гэта быў адзін з спосабаў самакатавання. Ён загадаў замяніць зручнае жончына сядло на мулкае сядло маклелан толькі таму, што там была выгнутая лука і за яе можна было ўхапіцца ў крытычнай сітуацыі. Цяпер ён сядзеў цвёрда, стараючыся трымацца адначасова за сядло і за повад. Але раптоўны страх быў такі моцны, што ён загадзя аддаўся на волю лёсу, выцягнуў ногі з страмёнаў, прыкрыў рукамі твар і агледзеўся вакол, шукаючы месца, куды падаць. Аднак гэта была толькі мінутная слабасць. Калі капітан зразумеў, што конь яго ўсё ж не скіне, яго ахапіла радаснае пачуццё перамогі.