Выбрать главу

Дарога для верхавой язды праходзіла праз лес і паступова ўзбіралася ўгару. Галопам капітан пад’ехаў да скалы, адкуль на некалькі міль наўкол адкрываўся від на запаведнік. Удалечыні цёмнай рыскай на фоне яркага восеньскага неба зелянеў сасновы лес. Зачараваны цудоўным краявідам, капітан хацеў крыху там пастаяць і пацягнуў за повад. Але тут адбылося зусім непрадбачанае здарэнне, за якое капітан ледзь не заплаціў жыццём. На поўным скаку ён выехаў на грэбень скалы. I ў гэты момант конь раптоўна, з д’ябальскай хуткасцю, ірвануў улева, потым уніз пад адхон.

Гэта было так знянацку, што капітан выпаў з сядла. Ён ссунуўся на шыю каню, і ногі, выскачыўшы са страмёнаў, матляліся па баках. I ўсё ж не зваліўся. Учапіўшыся адной рукой за грыву, а другой ледзь утрымліваючы повад, ён змог вярнуцца назад у сядло. Але на большае ў яго не хапіла сілы, бо конь імчаў з такой шалёнай хуткасцю, што кожны раз, калі капітан расплюшчваў вочы, у яго пачынала кружыцца ў галаве. Усесціся надзейна ў сядле, каб цвёрда ўзяць у рукі повад, капітан не здолеў, як не здолеў і спыніць каня. I таму кожны яго мускул, кожны нерв былі падначалены аднаму — утрымацца. З хуткасцю славутага продка Жарптаха — чэмпіёна скачак, яны імчалі па шырокім, парослым травой полі, паміж скалой і лесам. Пад промнямі сонца блішчала медна-чырвоная трава. Потым капітан заўважыў, што зверху яго ахінуў зялёны змрок, і здагадаўся, што па нейкай вузкай сцежцы ўехалі ў лес. Конь, здавалася, не збаўляў хуткасці. Капітан у стане, блізкім данепрытомнасці, амаль ляжаў на кані. Нейкай калючкай яму разадрала левую шчаку, але ён не адчуваў болю, хоць бачыў, як на руку капала гарачая пунцовая кроў. Прыгнуўся яшчэ ніжэй, так што правая шчака пачала церціся аб цвёрдае шчацінне на шыі Жарптаха. Чапляючыся ў адчаі за грыву, повад і луку сядла, ён больш не адважваўся прыўзняць галаву, баючыся, каб яе не адарвала якім-небудзь суком.

Толькі тры словы круціліся ў галаве ў капітана. Яны нячутна выляталі з яго дрыготкіх вуснаў, бо ў яго нават не хапала дыхання прашаптаць: «Вось і канец».

I, развітаўшыся з жыццём, капітан раптам павесялеў. Яго ахапіла неабдымная шалёная радасць. Гэта пачуццё, такое ж нечаканае, як і рывок, калі конь схіліўся да зямлі, капітану было раней невядомае. Яго мутныя, напалавіну заплюшчаныя, нібы ў трызненні, вочы раптам убачылі тое, чаго ніколі раней не заўважалі. Свет здаваўся калейдаскопам, і кожная з яго праяў, што траплялі ў поле зроку, пакідала ў памяці глыбокі і выразны след. Вось унізе ён заўважыў ледзь бачную сярод апалага лісця асляпляльна белую кветачку з тонкім узорам пялёсткаў. Калючая сасновая шышка, птушка ў блакітным ветраным небе, вогненны слуп сонечнага святла ў зялёным змроку — усё гэта капітан бачыў нібы ўпершыню ў жыцці. Ён адчуваў, што паветра чыстае і рэзкае, усведамляў цуд, якім было яго напружанае цела, тахканне сэрца, і тое дзіва, што ўяўлялі сабой яго кроў, мускулы, нервы, косці. Капітан не адчуваў больш страху; ён узняўся да той рэдкай ступені свядомасці, калі містык адчувае, што зямля — гэта ён і што ён — гэта зямля. Учапіўшыся, нібы краб, за каня, капітан нёсся наперад з грымасай экстазу на акрываўленых вуснах.

Капітан не ведаў, колькі часу працягвалася тая шалёная язда. Пад канец ён убачыў, што яны выскачылі з лесу і імчалі па адкрытай прасторы. Яму здалося, што краем вока ён заўважыў на камені чалавека, які грэўся на сонцы, і каня, што пасвіўся побач. Гэта карціна яго не здзівіла і праз момант вылецела з галавы. Цяпер усе яго думкі былі накіраваны толькі на тое, што, зноў апынуўшыся ў лесе, конь пачаў губляць сілы. Ахоплены агоніяй страху, капітан падумаў: «Калі ён спыніць свой бег, мне будзе канец».

Конь бег усё павальней, выбіўшыся з сілы, перайшоў на рысь і нарэшце зусім спыніўся. Капітан выпрастаўся ў сядле і агледзеўся. Ён ударыў каня повадам па мордзе, і той пракульгаў яшчэ некалькі метраў наперад. Капітан не здолеў прымусіць каня, зрабіць хоць бы адзін яшчэ крок. Дрыжучы, капітан злез на зямлю. Паволі прывязаў каня да дрэва. Потым выламаў дубец і, сабраўшы апошнія сілы, пачаў звар’яцела сцябаць жывёліну. Конь цяжка дыхаў, поўсць на скуры пацямнела і закруцілася ад поту, і спачатку ён кідаўся каля дрэва. Капітан усё сцябаў яго. Нарэшце конь заціх і загнана ўздыхнуў. Там, дзе ён стаяў, апусціўшы галаву, на калючай ігліцы чарнела пляма поту. Капітан адкінуў дубец. Сам ён быў увесь вымазаны ў кроў, а на твары і шыі, падзёртых цвёрдай конскай шчацінай, з’явіліся барвовыя плямы. Злосць яшчэ не адхлынула, але ён знясілеў і ледзь трымаўся на нагах. Капітан апусціўся на зямлю і лёг у дзіўнай позе, заціснуўшы галаву між рукамі. Лежачы тут, у лесе, капітан быў падобны да паламанай лялькі, што выкінулі на сметнік. Ён уголас заплакаў.