Назаўтра раніцай міс Амелія не адчыніла крамы, цэлы дзень не выходзіла з пакояў і ні з кім не бачылася. Якраз у той дзень і пайшла пагалоска, настолькі жахлівая, што ўзрушыла не толькі горад, але і ўсю акругу. А пусціў тую пагалоску ткач, якога звалі Мэрлі Раен. Чалавек гэты быў не вельмі прыкметны: хваравіты на выгляд, няўклюдны і бяззубы. У яго была трохдзённая малярыя: праз два дні на трэці яго калаціла ліхаманка. Два дні ён хадзіў пануры і злосны, а на трэці дзень ажываў і мог выдаць адну-дзве ідэі, найболей — дурныя. I вось у той самы дзень ён раптам узяў ды сказаў:
— Я ведаю, што міс Амелія зрабіла. Забіла. Відаць, у яго нешта было ў чамадане.
Ён сказаў гэта спакойна, нібыта пра факт. Менш чым за гадзіну чутка абляцела ўвесь горад. У той дзень нарадзілася страшная і агідная гісторыя. У ёй было ўсё, ад чаго пачынае калаціцца сэрца: гарбун, начное пахаванне сярод балота, забойца, якую цягнуць па вуліцах горада ў турму, сваркі за спадчыну — усё гэта перадавалася паўшэптам, кожны раз з новымі і жахлівымі падрабязнасцямі. Пайшоў дождж, алежанчыны забыліся пра развешаную на вяроўках бялізну. Некалькі небаракаў-даўжнікоў міс Амеліі прыбраліся, нібы на свята. Людзі тоўпіліся на галоўнай вуліцы, дзелячыся навінамі і паглядаючы на краму.
Нельга сказаць, што ўсе ў горадзе ўдзельнічалі ў гэтым свяце абгавору. Знайшліся разумныя людзі, якія разважалі так: міс Амелія з яе багаццем ніколі не пайшла б на забойства з-за нейкага барахла з чамадана валацугі. Былі нават тры добрыя душы, што не радаваліся думцы аб злачынстве, не хацелі яго, нягледзячы на цікавасць і сенсацыю, якія яно выклікала, не цешыліся надзеяй на тое, што міс Амелію пасадзяць за краты, а потым пакараюць смерцю ў электрычным крэсле ў Атланце. Гэтыя добрыя людзі думалі пра міс Амелію не так, як усе астатнія, і падыходзілі да яе з сваімі меркамі. Калі чалавек зусім не падобны да іншых і калі ў гэтага чалавека назбіралася столькі грахоў, што ўсіх адразу і не прыпомніш, то, зразумела, да яго патрэбны асаблівы падыход. Яны ўспаміналі, што, калі міс Амелія нарадзілася, у яе была цёмная скура і нейкі незвычайны твар, што вырасла яна без маткі і выхоўвалася бацькам-нелюднем і што яшчэ зусім дзяўчынкай яна была росту больш за шэсць футаў — зусім незвычайная з’ява для жанчыны, ну а што да яе звычак і манер — дык ім наогул нельга было знайсці лагічнае абгрунтаванне. Да таго ж успаміналі і яе шлюб — самае недарэчнае і скандальнае здарэнне за ўсю гісторыю гарадка.
Адным словам, гэтыя добрыя людзі амаль што шкадавалі яе. Нават тады, калі яе ахоплівала шаленства і яна ўрывалася да каго-небудзь у дом і выцягвала адтуль швейную машыну ў аплату за доўг ці збірала доказы для якой-небудзь судовай справы — нават тады яны адчувалі адначасова і абурэнне, і нейкую лёгкую ўзбуджанасць, і глыбокі невыказны смутак. Але досыць гаварыць пра добрых людзей — іх было ўсяго трое. А ўсім астатнім жыхарам горада гэтае прыдуманае забойства было сапраўдным святам.
Сама ж міс Амелія, незразумела чаму, здавалася, не заўважала ўсяго гэтага. Амаль увесь дзень яна была на другім паверсе. Калі ж спускалася ўніз, то спакойна хадзіла па краме, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні камбінезона і апусціўшы галаву так нізка, што падбародак хаваўся ў каўняры кашулі. Крывавых плям на ёй не было відаць. Яна часта спынялася і стаяла нерухома, панура ўглядаючыся ў шчыліны ў падлозе, круцячы ў руках пасму каротка астрыжаных валасоў, мармычучы сабе нешта пад нос. Але большую частку дня яна прабыла на другім паверсе.
Сцямнела. Ад дажджу, што прайшоў днём, пахаладала, таму вечар быў маркотны і пахмурны, нібыта ўзімку. На небе не было зорак, імжыў сцюдзёны дожджык. Святло ад лямп у вокнах дамоў здавалася з вуліцы дрыготкім і вельмі самотным. Падзьмуў вецер не з балота, а з поўначы, з боку чорнага сасновага бору.